Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею:
2 «Гавары ўсёй супольнасьці сыноў Ізраіля і кажы ім: Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Бог ваш.
3 Няхай кожны паважае маці сваю і бацьку свайго. Сьвяткуйце суботы Мае. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
4 Не зьвяртайцеся да ідалаў і не вылівайце сабе багоў з мэталю. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
5 Калі будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяру мірную, дык складайце так, каб была яна Яму прыемнай.
6 Будзеце есьці яе ў сам дзень ахвяры вашай ды ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэйці дзень, будзе спалена агнём.
7 Калі хто гэта будзе есьці на трэйці дзень, паганым гэта будзе і ня будзе прыемным (Госпаду).
8 Хто будзе яе есьці, правініцца, бо спаганіў сьвятасьць ГОСПАДА, i зьнішчана будзе душа тая спасярод народу свайго.
9 Калі будзеце жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля ды не зьбірай каласоў, што засталіся.
10 Не абірай вінаградніка твайго да рэшты і ягадаў, што пападалі ў вінаградніку, не падбірай; пакінь гэта бедным і прыбыльцам. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
11 Не крадзіце і не хлусіце. Не ашуквайце адзін аднаго.
12 Не прысягайце на імя Маё, і не зьневажай імя Бога твайго. Я — ГОСПАД!
13 Не прыгнятай бліжняга твайго і ня крыўдзі яго. І няхай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.
14 Не праклінай глухога ды перад сьляпым не кладзі перашкоды, але бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД!
15 Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе. Не пагарджай бедным i не патурай багатаму. Справядліва судзі бліжняга твайго.
16 Ня будзь паклёпнікам і пляткаром у народзе сваім. Не цікуй на кроў бліжняга твайго. Я — ГОСПАД!
17 Ня мей у сэрцы тваім нянавісьці да брата твайго; дакарай яго і ня будзеш мець грэху з прычыны яго.
18 Ня помсьці ды ня гневайся на сыноў народу твайго. Любі бліжняга свайго як самога сябе. Я — ГОСПАД!
19 Спаўняй законы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёлай другой пароды; поля твайго не засявай двума гатункамі насеньня. Не апранай адзеньня з двух матэрыялаў.
20 Калі хто ўвойдзе да жанчыны, выліваючы насеньне, а яна ёсьць нявольніцай, прызначанай для іншага мужа, але яшчэ ня выкуплена і не надзелена свабодай, абодва будуць пакараныя, але не карай сьмерцю, бо не была яна свабоднай.
21 Дзеля таго складзе ён ахвяру ГОСПАДУ каля ўваходу ў Намёт Спатканьня за грэх свой, барана ў ахвяру аднагараджэньня.
22 І ачысьціць яго сьвятар бараном ахвяры аднагараджэньня ад грэху ягонага перад ГОСПАДАМ, і будзе адпушчаны яму грэх, якім саграшыў.
23 Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, будзеце ўважаць іхнія плады за неабрэзаныя; тры гады будуць яны для вас нячыстыя як неабрэзаныя, і нельга іх есьці.
24 У чацьвёртым годзе ўсе іхнія плады будуць пасьвечаны як дар для ГОСПАДА.
25 У пяты год будзеце есьці плады іхнія, каб павялічыўся для вас ураджай з іх. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
26 Ня ешце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чарамі.
27 Не стрыжы валасоў кругом галавы, і не калеч край барады сваёй.
28 Не рабіце нарэзы на целе вашым на знак жалобы па памерлых ды не накалывайце [надпісы] на скуры. Я — ГОСПАД!
29 Не выдавай на ганьбу дачку тваю, робячы з яе распусьніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.
30 Сьвяткуйце суботы Мае і паважайце сьвятое месца Маё. Я — ГОСПАД!
31 Не зьвяртайцеся да тых, што выклікаюць духі памерлых, ані да варажбітоў, каб у іх раіцца, каб праз іх не апаганіліся. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
32 Перад сівой галавой устань, і шануй старога ды бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД.
33 Калі ў зямлі вашай паселіцца чужынец, ня крыўдзі яго,
34 але няхай будзе ён пасярод вас як тутэйшы, і любі яго як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
35 Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе, у меры ды ў вагах.
36 Будзеце мець вагі справядлівыя, справядлівую эфу i справядлівы гін. Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай.
37 І вы будзеце захоўваць усе прыказаньні Мае і ўсе пастановы Мае, і выконваць іх. Я — ГОСПАД».

Кніга Лявіт, 19 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.