Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону:
2 «Вось што кажыце сынам Ізраіля: Вось жывёлы з усіх жывёлаў зямных, якія можаце есьці:
3 кожную жывёліну, у якой раздвоеныя капыты і на іх глыбокі разрэз, і якая жуе жвайку, тую можаце есьці.
4 З тых, што маюць раздвоеныя капыты і што жуюць жвайку ня ешце такіх: вярблюда, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;
5 тушканчыка, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;
6 таксама зайца, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;
7 і сьвіню, бо яна мае раздвоеныя капыты і на капытах разрэз глыбокі, але не жуе жвайку, нячыстая яна для цябе.
8 Іхнім мясам не карыстайцеся і падліны іхняй не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас.
9 Вось гэтых жывуноў, што родзяцца ў вадзе, можна есьці: кожнага вадзянога жывуна, які мае плаўнік і луску, ці ён з мора, ці з ракі, ці з ручая, есьці можаце.
10 А тыя з іх, якія ня маюць плаўніка і лускі, ці з мора, ці з ракі, усе, што плаваюць у вадзе, і ўсе, што жывуць у вадзе, яны паганыя для вас.
11 Яны будуць брыдотай для вас. Ня ешце мяса іх і высьцерагайцеся падліны іхняй.
12 Усе жывуны вадзяныя, якія ня маюць плаўніка і лускі, будуць для вас нячыстымі.
13 З птушак гэтых павінны вы высьцерагацца і ня есьці: арла, грыфа і марскога арла,
14 каршука і сокала з родам яго,
15 усякіх гатункаў крумкачоў,
16 страуса, савы, чайкі ды ястрабоў усякіх гатункаў,
17 пугача, рыбалова, ібіса,
18 лебедзя, пэлікана і сыча,
19 чаплі, буслоў усякіх гатункаў, удода і кажана.
20 Усе жывуны крылатыя, што на чатырох нагах, нячыстыя будуць для вас.
21 Спаміж лятаючых жужлаў будзеце есьці толькі тых, у якіх галені вышэй ног, каб маглі скакаць па зямлі.
22 Спаміж іх гэтых ешце: сшаранчу ўсіх гатункаў, салам усіх гатункаў, харголь і хагаб усіх гатункаў.
23 Усе іншыя гатункі чатырохножных жужлаў будуць для вас нячыстыя.
24 Ад іх вы будзеце нячыстыя; хто дакранецца іхняй падліны, апаганіцца і будзе нячысты да вечара.
25 І калі б каму выпала несьці падліну іх, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да заходу сонца.
26 Кожная жывёла, якая мае капыт раздвоены, але ня мае разрэзу ды не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас; дык хто дакранецца яе, станецца нячыстым.
27 З усіх жывёлаў чатырохножных тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя для вас; кожны хто дакранецца падліны іхняй, нячысты будзе да вечара.
28 Дык кожны, хто нёс бы падліну іхнюю, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара, бо ўсе яны нячыстыя для вас.
29 Спаміж малых жывёлін, якія рухаюцца па зямлі, нячыстыя гэтыя: крот, мыш ды ўсе гатункі яшчарак,
30 анака, хамэлеон, летаа, хамэт і тыншамэт.
31 Усе гэтыя жывёлы нячыстыя. Хто дакранецца іх падліны, будзе нячысты аж да вечара.
32 Калі з гэтых падлінаў упадзе што-колечы ці на посуд драўляны, ці на адзеньне, ці на скуру, ці на мяшок, то ўсякая рэч, катораю карыстаюцца, будзе нячыстай. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя.
33 Посуд жа гліняны, у які штосьці з гэтага ўпала, будзе ўнутры нячысты, і яго трэба разьбіць.
34 Кожная страва, якую ясьцё, калі б на яе пацякла вада з таго посуду, будзе нячыстай, i ўсякае пітво, якое п’юць з такога посуду, нячыстае.
35 На што толькі нешта з гэтае падліны ўпадзе, тое будзе нячыстым; печ ці грубка маюць быць зьнішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас.
36 Толькі крыніцы і студні, дзе ёсьць вада, будуць чыстымі. Але той, хто дакранецца той падліны, будзе нячысты.
37 Калі што-колечы ад падліны ўпадзе на насеньне, не паганіць яго,
38 але калі б зерне было мокрае і такога дакранулася штосьці ад падліны, то яно будзе для вас нячыстым.
39 Калі здохне жывёла, якую вам можна есьці, дык калі б хто дакрануўся яе, будзе нячысты да вечара.
40 Калі хто зьесьць такой падліны, няхай памые адзеньне i будзе нячысты да вечара. Таксама і той, хто будзе несьці такую падліну, няхай вымые адзеньне і будзе нячысты да вечара.
41 Усякая жывёліна, якая поўзае па зямлі — гэта брыдота, нельга яе есьці.
42 Што-колечы поўзае па зямлі на жываце і на чатырох нагах, або мае шмат ног, або цягнецца па зямлі, ня ешце гэтага, бо гэта брыдота.
43 Не паганьце душаў вашых якімі-небудзь паўзунамі і не дакранайцеся да іх, каб ня сталіся нячыстымі.
44 Я — ГОСПАД, Бог ваш. Асьвячайцеся і будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты! Не паганьце душаў вашых якім-колечы паўзуном, які поўзае па зямлі,
45 бо Я — ГОСПАД, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць вашым Богам. Будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты!
46 Гэта вось закон адносна быдла і птушак ды ўсякага жывуна, які жыве ў вадзе і поўзае па зямлі,
47 каб адрозьнівалі, што чыстае, а што нячыстае, ды ведалі, што маеце есьці, а чым маеце брыдзіцца».

Кніга Лявіт, 11 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.