Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 У восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона, сыноў яго і старшыняў Ізраіля i сказаў Аарону:
2 «Вазьмі са статку бычка ў ахвяру за грэх і барана на ахвяру цэласпаленьня, абодвух без заганы, i прынясі перад аблічча ГОСПАДА.
3 А сынам Ізраіля скажы: “Вазьміце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і барана гадавога без заганы на ахвяру цэласпаленьня,
4 і вала, і барана ў ахвяру мірную, каб ахвяраваць іх перад ГОСПАДАМ, і ахвяру хлебную, запраўленую алеем, бо сёньня ГОСПАД зьявіцца вам”».
5 І прынесьлі ўсё тое, што загадаў ім Майсей, да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і прыйшла ўся супольнасьць, і стала перад ГОСПАДАМ.
6 І сказаў ім Майсей: «Вось тое, што загадаў ГОСПАД зрабіць, і аб’явіцца вам хвала ГОСПАДА!»
7 І сказаў Майсей Аарону: «Прыйдзі да ахвярнiку, і складзі ахвяру за грэх і ахвяру цэласпаленьня, і ачысьці сябе і народ. І складзі ахвяру за народ, і ачысьці яго, як загадаў ГОСПАД”.
8 Тады Аарон прыступіўся да ахвярнiку і забіў цяля за грэх свой.
9 Сыны ягоныя далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец ў крыві, памазаў ёю рагі ахвярнiку, а рэшту выліў на падставу ахвярнiку.
10 Тлушч, ныркі і тлушч на вантробе з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярнiку, як загадаў ГОСПАД Майсею,
11 а мяса і скуру ягоную спаліў на агні за табарам.
12 Пасьля забіў ахвяру цэласпаленьня; сыны ягоныя далі яму кроў, і ён выліў яе кругом ахвярнiку.
13 Далі яму таксама ахвяру цэласпаленьня, падзеленую на часткі, разам з галавой, і ён спаліў гэта на ахвярнiку.
14 Потым абмыў нутро і ногі і спаліў як цэласпаленьне на ахвярнiку.
15 Потым склаў ён ахвяру за народ. Узяў казла, які быў прызначаны на ахвяру за грэх народу, і забіў яго, і ахвяраваў за грэх, як і першага.
16 Пасьля ўзяў ахвяру цэласпаленьня і ахвяраваў яе паводле пастановы.
17 І прынёс ён ахвяру хлебную, і напоўніў ёю руку сваю ды спаліў на ахвярнiку, апрача ранішняй ахвяры цэласпаленьня.
18 Пасьля забіў вала і барана, ахвяры мірныя ад народу; і сыны ягоныя далі яму кроў, якую ён выліў кругом ахвярнiку.
19 А тлушч вала і хвост барана, і ныркі з лоем, і тлушч на вантробе
20 палажылі на грудзіну; і тлушч быў спалены на ахвярнiку;
21 а грудзіну і правае плячо Аарон прынёс, патрасаючы перад ГОСПАДАМ, як загадаў яму Майсей.
22 І падняў Аарон рукі ў бок народу і дабраславіў яго, і па заканчэньні ахвяраў за грэх, ахвяраў цэласпаленьня і ахвяраў мірных зыйшоў уніз.
23 Потым Майсей і Аарон увайшлі ў Намёт Спатканьня і, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. У гэты час аб’явілася хвала ГОСПАДА ўсяму народу.
24 І вось агонь выйшаў ад ГОСПАДА, і спаліў ахвяру цэласпаленьня разам з тлушчам, які быў на ахвярнiку. Калі ўбачылі гэта людзі, узрадаваліся вельмі, падаючы тварам да зямлі.

Кніга Лявіт, 9 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.