Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 43 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А голад цяжыў на зямлі.
2 I сталася, што яны скончылі есьці збожжа, якое прывезьлі з Эгіпту, і сказаў ім бацька іхні: «Вярніцеся, купіце нам трохі харчаваньня».
3 I сказаў яму Юда, кажучы: «Той чалавек сувора папярэдзіў нас, кажучы: “Ня ўбачыце аблічча майго, калі ня [будзе] брат ваш з вамі”.
4 Калі згаджаешся паслаць брата нашага з намі, зыйдзем і купім табе харчаваньне.
5 А калі не пашлеш, ня зыйдзем, бо той чалавек сказаў нам: “Ня ўбачыце аблічча майго, калі ня [будзе] брат ваш з вамі”».
6 I сказаў Ізраіль: «Навошта вы зрабілі мне ліха, сказаўшы таму чалавеку, што ў вас ёсьць яшчэ брат?»
7 І сказалі яны: «Пытаючыся, распытаваў гэты чалавек пра нас, пра сям’ю нашую, кажучы: “Ці яшчэ бацька ваш жывы? Ці ёсьць у вас брат?” І мы адказвалі яму паводле гэтых словаў. Ці маглі мы ведаць, што ён скажа: “Прывядзіце брата вашага”».
8 I сказаў Юда Ізраілю, бацьку свайму: «Пашлі гэтага хлопца са мною; і мы ўстанем, і пойдзем, і будзем жыць, і не памром, і мы, і ты, і дзеці нашыя.
9 Я паручаюся за яго, з рукі маёй будзеш вымагаць яго. Калі я не прывяду яго да цябе і не пастаўлю перад абліччам тваім, буду я грэшны перад табою на ўсё жыцьцё.
10 Бо калі б мы не затрымліваліся, дык цяпер мы б ужо вярнуліся двойчы».
11 I сказаў ім Ізраіль, бацька іхні: «Калі так, тады зрабіце вось што: вазьміце пладоў зямлі ў мяхі вашыя і занясіце гэтаму чалавеку дар, трохі бальзаму, і трохі мёду, і пахнідлы, і ладан, і фісташкі, і мігдалы.
12 I срэбра падвойна вазьміце ў рукі вашыя, і срэбра, якое назад [паложана] ў адтуліны мяхоў вашых, вярніце рукамі сваімі, можа, гэта памылка.
13 I брата вашага бярыце, і, устаўшы, вярніцеся да чалавека таго.
14 А Бог Усемагутны няхай дасьць вам ласку перад абліччам таго чалавека, і ён выпусьціць вам другога брата вашага і Бэн’яміна. А я, калі маю пазбыцца дзяцей, пазбудуся».
15 I ўзялі мужы гэтыя дары свае, і срэбра падвойнае ўзялі ў рукі свае, і Бэн’яміна, і ўсталі, і зыйшлі ў Эгіпет, і сталі перад Язэпам.
16 I ўбачыў Язэп з імі Бэн’яміна, і сказаў загадчыку дому свайго: «Увядзі гэтых мужоў у дом, і зарэж, што можна зарэзаць, і прыгатуй, бо са мною будуць есьці гэтыя мужы апоўдні».
17 I зрабіў той чалавек так, як сказаў Язэп, і ўвёў той чалавек мужоў гэтых у дом Язэпа.
18 I баяліся мужы гэтыя, што прывялі іх у дом Язэпа, і казалі: «Гэта з прычыны срэбра, вернутага ўперад у мяхі нашыя, прывялі нас, каб накінуцца на нас, і напасьці на нас, і ўзяць у няволю нас, і аслоў нашых».
19 I наблізіліся яны да чалавека, які быў над домам Язэпа, і гаварылі з ім каля ўваходу ў дом,
20 і сказалі: «Паслухай, пане мой! Прыходзячы, прыходзілі мы [сюды] ўперад купіць харчаваньне.
21 I сталася, як мы прыйшлі на папас, і разьвязалі мяхі свае, і вось, срэбра кожнага ў адтуліне мяха ягонага, срэбра нашае паводле вагі сваёй, і мы вяртаем яго рукамі сваімі.
22 I срэбра іншае мы прынесьлі ў руках сваіх, каб купіць харчаваньне. Мы ня ведаем, хто паклаў срэбра нашае ў мяхі нашыя».
23 А ён сказаў: «Супакой вам! Ня бойцеся! Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у мяхах вашых. Вашае срэбра прыйшло да мяне». I вывеў да іх Сымона.
24 I ўвёў чалавек той мужоў гэтых у дом Язэпа, і даў вады, і яны абмылі ногі свае; і даў корм аслам іхнім.
25 I яны прыгатавалі дары да прыходу Язэпа апоўдні, бо чулі, што там яны будуць есьці хлеб.
26 I прыйшоў Язэп у дом, і яны прынесьлі яму ў дом дары, якія ў руках іхніх, і пакланіліся яму да зямлі.
27 І ён спытаўся ў іх пра супакой, і сказаў: «Ці добра маецца бацька ваш стары, пра якога вы распавядалі? Ці ён яшчэ жыве?»
28 I сказалі яны: «Мае супакой слуга твой, бацька наш, ён яшчэ жыве». I схіліліся, і, пакланяючыся, пакланіліся.
29 I ўзьняў ён вочы свае, і ўбачыў Бэн’яміна, брата свайго, сына маці сваёй, і сказаў: «Ці гэта брат ваш наймалодшы, пра якога вы распавядалі мне?» I сказаў: «Бог няхай зьмілуецца над табою, сыне мой».
30 I хутка выйшаў Язэп, бо ўзгарэліся пачуцьці ягоныя да брата ягонага, і ён шукаў [месца, каб] плакаць; і ўвайшоў у пакой, і плакаў там.
31 I абмыў ён аблічча сваё, і выйшаў, і апанаваў сябе, і сказаў: «Пастаўце хлеб».
32 I паставілі яму асобна, і ім асобна, і Эгіпцянам, якія елі з ім, асобна, бо Эгіпцяне ня могуць есьці з Гебраямі хлеб, бо гэта агіда для Эгіпту.
33 I селі яны перад ім, першародны паводле першароднасьці сваёй, і наймалодшы паводле маладосьці сваёй, і зьдзіўляліся гэтыя мужы, [гледзячы] адзін на аднаго.
34 I падалі стравы ад яго аблічча для іх. I была страва для Бэн’яміна большая, чым стравы кажнага з іх у пяць разоў. I яны пілі, і ўпіліся з ім.

Кніга Быцьцё, 43 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.