Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 19 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І прыйшлі два анёлы ў Садом увечары, а Лёт сядзеў у браме Садома. І ён убачыў, і пайшоў насустрач ім, і пакланіўся тварам да зямлі,
2 і сказаў: «Вось, прашу, гаспадары мае, зьвярніце ў дом слугі вашага і пераначуйце, і памыйце ногі свае, а раніцою ўстанеце і пойдзеце ў дарогу сваю». А яны сказалі: «Не, бо мы будзем начаваць на вуліцы».
3 Але ён іх вельмі упрошваў, і яны зьвярнуліся да яго, і ўвайшлі ў дом ягоны. І ён справіў ім гасьціну, і напёк праснакоў, і яны елі.
4 Яшчэ не ляглі яны спаць, як людзі з гораду, людзі Садомскія, атачылі дом, ад малога да старога, увесь народ з усіх канцоў.
5 І паклікалі яны Лёта, і сказалі яму: «Дзе тыя людзі, што прыйшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, і мы спазнаем іх».
6 І выйшаў да іх Лёт да уваходу, і замкнуў за сабою дзьверы,
7 і сказаў: «Прашу, браты мае, не рабіце ліхога.
8 Вось, маю дзьве дачкі, якія не спазналі мужа, выведу іх да вас, і вы рабіце з імі, што добра ў вачах вашых! Толькі людзям гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго».
9 Але яны сказалі: «Ідзі прэч». І сказалі: «Сам прыйшоў пажыць, і будзе судзіць, судзячы [нас]? Цяпер будзе табе горш, чым ім». І накінуліся на чалавека гэтага, на Лёта, і падыйшлі, каб выламіць дзьверы.
10 І выцягнулі мужы тыя рукі свае, і ўцягнулі Лёта да сябе ў дом, і замкнулі дзьверы.
11 А людзей, што былі пры ўваходзе ў дом, ад найменшага да найбольшага, пакаралі сьлепатою, і яны змучыліся, шукаючы выхаду.
12 І сказалі тыя мужы Лёту: «Ці хто яшчэ ёсьць у цябе тут? Зяця, сыноў тваіх і дачок тваіх, усіх, хто ў цябе ёсць у горадзе, выведзі з гэтага месца,
13 бо мы зьнішчым гэтую мясцовасьць, таму што вялікі крык іхні перад абліччам ГОСПАДА, і ГОСПАД паслаў нас зьнішчыць яе».
14 І выйшаў Лёт, і гаварыў да зяцёў сваіх, якія мелі ўзяць дочак ягоных, і сказаў: «Уставайце, выходзьце з гэтага месца, бо ГОСПАД мае зьнішчыць горад». І было ў вачах зяцёў ягоных гэта, нібыта ён жартуе.
15 Калі ўзыйшла зараніца, анёлы прысьпешвалі Лёта, кажучы: «Уставай, бяры жонку тваю і дзьве дочкі твае, якія тут, каб не загінуў ты праз беззаконьні гораду гэтага».
16 А як ён марудзіў, схапілі тыя мужы за руку яго, і за руку жонку ягоную, і за руку абедзьвух дачок ягоных, бо ГОСПАД меў спагаду да яго, і вывелі яго, і паставілі па-за горадам.
17 І сталася, калі вывелі іх вонкі, сказаў [адзін з іх]: «Уцякай дзеля душы тваёй, і не аглядайся назад, і не затрымлівайся ў гэтай ваколіцы. Уцякай на гору, каб ты не загінуў!»
18 І сказаў Лёт да іх: «О не, Госпадзе!
19 Вось жа, слуга Твой знайшоў ласку ў вачах Тваіх, і Ты павялічыў міласэрнасьць Сваю, якую зьявіў для мяне, захоўваючы пры жыцьці душу маю. Але я не магу ўцячы на гору, каб не напаткала мяне ліхое, і я не памёр.
20 Вось жа горад гэты блізка, каб бегчы туды, і ён малы. Дазволь уцячы мне туды, — ці ж не малы ён, — і будзе жыць душа мая».
21 І сказаў яму: «Вось, Я прыняў аблічча тваё і ў гэтым слове, і ня зьнішчу горад, пра які ты гаварыў.
22 Сьпяшайся, уцякай туды, бо Я не магу нічога рабіць, пакуль ты ня прыйдзеш туды». Таму і названае імя гэтаму гораду Цаар.
23 Сонца узыйшло над зямлёю, і Лёт увайшоў у Цаар.
24 І ГОСПАД лінуў на Садом і Гамору дождж серкі і агня ад ГОСПАДА з неба,
25 і зруйнаваў гарады гэтыя, і ўсю ваколіцу, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расьліны зямлі.
26 І аглянулася жонка ягоная, ідучы за ім, і сталася слупом солі.
27 І ўстаў Абрагам раніцаю на тое месца, дзе стаяў перад абліччам ГОСПАДА,
28 і глянуў на аблічча Садома і Гаморы, і на аблічча ўсёй зямлі той ваколіцы, і ўбачыў, і вось дым падымаецца з зямлі, быццам з печы.
29 І сталася, калі Бог зьнішчыў гарады гэтай ваколіцы, узгадаў Бог пра Абрагама, і выслаў Лёта з-паміж руйнаваньня, калі руйнаваў гарады, у якіх жыў Лёт.
30 І падняўся Лёт з Цаару, і жыў на гары, і дзьве дачкі ягоныя з ім, бо баяўся жыць ў Цаары. І жыў ён у пячоры, сам і дзьве дачкі ягоныя.
31 І сказала старэйшая малодшай: «Бацька наш стары, і няма мужчыны на зямлі, каб мог прыйсьці да нас па звычаю ўсёй зямлі.
32 Хадзем, напоім бацьку нашага віном і ляжам з ім, каб ажывіць насеньне бацькі нашага».
33 І напаілі яны ў тую ноч бацьку свайго віном; і ўвайшла старэйшая, і ляжала з бацькам, а ён ня ведаў, ані калі яна легла, ані калі ўстала.
34 І сталася на другі дзень, сказала старэйшая малодшай: «Вось, я ў мінулую ноч ляжала з бацькам нашым. Напоім яго віном таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і ляжаш з ім, і мы ажывім насеньне бацькі нашага».
35 І напаілі яны таксама ў гэтую ноч бацьку свайго віном, і ўвайшла малодшая дачка, і ляжала з ім, а ён ня ведаў, ані калі яна легла, ані калі ўстала.
36 І зачалі абедзьве дачкі Лёта ад бацькі свайго.
37 І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя яго Мааў. Ён — бацька Мааву аж да сёньня.
38 І малодшая таксама нарадзіла сына, і назвала імя яго Бэн-Аммі. Ён — бацька сыноў Амона аж да сёньня.

Кніга Быцьцё, 19 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.