Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Евангеля Мацьвея | 5 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I, бачачы груды, узышоў Ён на гару; і, як сеў, падышлі да Яго вучанікі Ягоныя.
2 I, адчыніўшы вусны Свае, Ён навучаў іх, кажучы:
3 Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ё гаспадарства нябёснае.
4 Шчасьлівыя засмучоныя, бо яны будуць пацешаны.
5 Шчасьлівыя лагодныя, бо ім спадзець зямля.
6 Шчасьлівыя прагнучыя й сьмягнучыя справядлівасьці, бо яны будуць насычаны.
7 Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны адзяржаць міласэрдзе.
8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны абачаць Бога.
9 Шчасьлівыя чынячыя супакой, бо яны сынамі Божымі названы будуць.
10 Шчасьлівыя перасьледаваныя за справядлівасьць, бо іх ё гаспадарства нябёснае.
11 Шчасьлівы вы, калі будуць вярнуць на вас і перасьледаваць, і будуць, манячы, мовіць на вас усялякае ліха дзеля Мяне.
12 Радуйцеся а весяліцеся, бо нагарода ваша вялікая на нябёсах, бо так перасьледавалі прарокаў, што былі перад вамі.
13 Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубе свой смак, чым пасаліць яе? Бо яна ня мае моцы свае, хіба толькі выкінуць яе вон, каб тапталі яе людзі.
14 Вы — сьвятло сьвету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары.
15 I, як паляць лянпу, ня ставяць яе пад карэц, але на падстаноўку, і сьвеце ўсім у хаце.
16 Гэтак няхай сьвеце сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі добрыя ўчынкі вашыя і ўславілі Айца вашага, Каторы на нябёсах.
17 Ня думайце, што Я прышоў узрушыць закон альбо прарокаў; Я ня прышоў узрушыць, але спаўніць.
18 Бо запраўды кажу вам: пакуль ня мінець неба й зямля, ні водная ёта альбо ні водная рыска ня мінець із закону, аж пакуль усё ня станецца.
19 Дык хто ўзруша адно з расказаньняў гэтых найменшых і так навуча людзёў, — найменшым будзе названы ў гаспадарстве нябёсным; а хто споўне а навуча, тый вялікім будзе названы ў гаспадарстве нябёсным.
20 Бо кажу вам: калі справядлівасьць ваша не пярэйдзе справядлівасьці кніжнікаў а фарысэяў, дык ніяк ня ўвыйдзеце ў гаспадарства нябёснае.
21 Вы чулі, што сказана старавечным: ‘Не забівай; а хто заб'ець, падпадзець пад суд’.
22 А я кажу вам, што кажны, хто злуецца на брата свайго дарма, падпадзець пад суд; а хто скажа брату свайму ‘рака’ (Пустыня), падпадзець пад сынэдрыён; а хто скажа ‘дурань’, падпадзець пад пекляное цяпло.
23 Дык, калі ты прынясеш дар свой да аброчніка і там успомніш, што брат твой мае штось на цябе;
24 Пакінь там дар свой перад аброчнікам, і пайдзі, уперад пагадзіся з братам сваім, і тады прыйдзі й абрачы дар свой.
25 Пагадзіся з праціўнікам сваім борзда, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб праціўнік рэдчас не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя — слузе, і ня ўкінулі цябе ў вязьніцу.
26 Запраўды кажу табе: ня выйдзеш стуль, пакуль не аддасі апошняга шэляга.
27 Вы чулі, што сказана справядлівым: ‘Не чужалож’.
28 А Я кажу вам, што кажны, хто глядзіць на жонку із жадлівасьцяй, ужо шчужаложыў зь ёй у сэрцу сваім.
29 Калі правае вока тваё спакушае цябе, вылупі яго й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.
30 I калі правая рука твая спакушае цябе, адатні яе й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.
31 I сказана: ‘Калі хто адпушчае жонку сваю, няхай дасьць ёй разводны ліст’.
32 А Я кажу вам, што кажны, хто адпушчае жонку сваю, апрача віны чужалоства, тый даець прычыну да яе чужалоства; і хто ажэніцца з разьведзенай, тый чужаложа.
33 Ізноў вы чулі, што сказана старавечным: ‘Не прысягай хвальшыва, але паўні прысягі свае Спадару’.
34 А Я кажу вам: не прысягайце сусім: ані небам, бо яно пасад Божы;
35 Ані зямлёю, бо яна казюлька пад ногі Ягоныя; ані Ерузалімам, бо ён места вялікага Караля;
36 Ані галавою сваёй не прысягай, бо ня можаш ні воднага воласа зрабіць белым альбо чорным.
37 Але няхай будзе слова вашае: ‘але, але’, ‘не, не’; а што звыш гэтага — ад злога.
38 Вы чулі, што сказана: ‘Вока за вока і зуб за зуб’.
39 А Я кажу вам: не праціўся благому. Але хто вытне цябе ў правую шчаку тваю, абярні да яго й другую;
40 I хто захоча прававацца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму й вопратку;
41 I хто прысіле цябе йсьці зь ім адну мілю, ідзі зь ім і дзьве.
42 Хто просе ў цябе, дай, і хто хоча пазычыць у цябе — не адварачайся.
43 Вы чулі, што сказана: ‘Любі прыяцеля свайго, і ненавідзь непрыяцеля свайго:
44 А Я кажу вам: любіце непрыяцеляў сваіх, дабраслаўце клінучых вас, рабіце дабро ненавідзячым вас і маліцеся за крыўдзячых вас і перасьлядуючых вас,
45 Каб вы былі сынамі Айца вашага Нябёснага, бо Ён расказуе сонцу Свайму ўсходзіць над благімі й добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
46 Бо, калі вы будзеце любіць любячых вас, якая вам нагарода? Ці ня тое ж робяць і мытнікі?
47 I калі вы веціце толькі братоў сваіх, што асаблівага робіце? Ці ня так робяць і пагане?
48 Дык будзьце дасканальныя, як дасканальны Айцец ваш нябёсны.

Евангеля подле сьвятога Мацьвея, 5 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.