Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 9 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Пачуўшы пра гэта, усе валадары, што жылі за Ярданам, якія жылі на гарах і ў даліне ды на беразе Вялікага Мора, аж да Лібану, Хетыты і Амарэйцы, Хананейцы, Пэрэзеі, Хівеі і Евусеі,
2 злучыліся аднадушна разам, каб супольна ваяваць супраць Егошуа і Ізраіля.
3 Аднак тыя, што жылі ў Гібэоне, чуючы ўсё, што зрабіў Егошуа з Ерыхонам і Гаем,
4 абдумаўшы хітрасьць, выбраліся ў дарогу, і ўзялі з сабою харчы, усклалі старыя мяхі на аслоў і пустыя мяхі на віно, падзёртыя і палатаныя,
5 і на нагах мелі падзёрты абутак, і адзеліся ў старое адзеньне, і ўвесь іхні хлеб падарожны быў сухі ды паламаны.
6 Вось так прыбылі яны да Егошуа, які ў той час жыў у табары ў Гільгале, і сказалі яму і ўсяму Ізраілю: «Прыбылі мы з далёкай зямлі, каб заключыць запавет з вамі».
7 У адказ сказалі Ізраільцяне Хівеям: «А можа вы блізка нас жывіцё, дык мы ня можам заключаць запавет з вамі».
8 Яны ж сказалі Егошуа: «Слугі мы твае». Егошуа сказаў ім: «Хто вы і адкуль прыбылі?»
9 Яны адказалі: «З далёкай вельмі зямлі прыбылі слугі твае ў імя ГОСПАДА, Бога твайго. Бо мы чулі пра славу магутнасьці Ягонай, пра ўсё, што ўчыніў Ён у Эгіпце,
10 і што зрабіў двум валадарам Амарэйскім за Ярданам, Сыгону, валадару Хэшбону, і Огу, валадару Башану, які быў у Аштароце.
11 І сказалі нам старшыні і жыхары ўсе нашай зямлі: “Вазьміце харчы ў дарогу і скажыце ім пры сусрэчы: "Слугі мы вашыя, заключыце з намі запавет"”.
12 Вось наш хлеб. Калі мы выходзілі з дамоў нашых, каб дабрацца да вас, узялі мы яго цёплым; цяпер жа зрабіўся ён сухі і пакрыты цьвільлю.
13 Мяхі новыя мы налілі віном, а цяпер яны парваліся; адзеньне, у якое апранутыя, і сандалы, якія маем на нагах, дзеля далёкай дарогі падзёрліся, ледзь трымаюцца».
14 Ізраільцяне пакаштавалі хлеб іхні, але што скажа ГОСПАД, не спыталіся.
15 І заключыў Егошуа мір з імі, увайшоўшы ў запавет, і абяцаў ім жыцьцё, а князі супольнасьці пацьвердзілі гэта ім прысягаю.
16 Праз тры дні пасьля заключэньня запавету Ізраільцяне пачулі, што яны жывуць у суседзтве і блізка іх.
17 Бо сыны Ізраіля паднялі табар і ў трэйці дзень прыйшлі ў гарады іхнія, якія называюцца Гібэон, Кефіра, Бэерот і Кірыят-Ярым.
18 І сыны Ізраіля не павыбівалі іх, бо злажылі ім прысягу князі супольнасьці ў імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля. Таму наракала ўся супольнасьць на князёў,
19 якія ім казалі: «Прысягалі мы ім у імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і дзеля таго ня можам іх чапаць.
20 Але зробім з імі так: захаваем іх пры жыцьці, каб не сьцягнуць гневу ГОСПАДА супраць сябе дзеля прысягі, якой мы запрысягліся».
21 І сказалі ім князі супольнасьці: «Няхай яны жывуць, але няхай рэжуць дровы і носяць ваду». Калі яны гэтак вырашылі,
22 Егошуа паклікаў жыхароў Гібэону і сказаў ім: «Чаму захацелі вы нас ашукаць падступна, кажучы: "Мы ад вас вельмі далёка жывём", калі блізка нас жывіцё?
23 Таму будзеце вы пад праклёнам і ніхто з вашага роду не перастане рэзаць дровы і насіць ваду ў дом Бога майго».
24 Яны адказалі: «Мы, слугі твае, даведаліся, што ГОСПАД, Бог твой, загадаў слузе Свайму, Майсею, што аддасьць вам усю зямлю і зьнішчыць усіх жыхароў ейных. Вось таму мы дужа баяліся дзеля жыцьця нашага, напалоханыя вамі, і таму так вырашылі зрабіць.
25 Цяпер мы ў руках тваіх, што табе здаецца добрым і справядлівым, рабі з намі».
26 І Егошуа так зрабіў з імі: вызваліў іх ад рукі сыноў Ізраіля, каб не былі пазабіваныя.
27 У той вось дзень вырашыў ён, што яны будуць секчы дровы для ахвярніка ГОСПАДА і насіць ваду аж да цяперашняга часу на месцы, якое ГОСПАД выбярэ.

Кніга Егошуа, 9 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.