Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 6 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Ерыхон быў абкружаны мурам і замкнуўся перад сынамі Ізраіля. Ніхто не выходзіў з яго і ніхто не ўваходзіў.
2 Тады ГОСПАД сказаў да Егошуа: «Вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон, валадара яго і ўсіх моцных ваяроў.
3 Усе вы, узброеныя ваяры, абыходзьце вакол гораду раз у дзень. Так рабіце шэсьць дзён.
4 Сем сьвятароў будзе несьці перад Каўчэгам сем трубаў з бараніх рагоў. У сёмы дзень абыйдзіце вакол гораду сем разоў, а сьвятары будуць трубіць у трубы.
5 Дык калі загудзіць працягла рог барані і вы пачуеце гук трубы, няхай увесь народ узвысіць гучны крык ваенны, і мур гораду разваліцца на месцы, і народ увойдзе, кожны проста перад сабою».
6 Егошуа, сын Нуна, паклікаў сьвятароў і сказаў ім: «Нясіце Каўчэг Запавету, а сем сьвятароў няхай нясуць сем трубаў з рагоў бараніх перад Каўчэгам ГОСПАДА».
7 А потым загадаў народу: «Ідзіце і абыходзьце горад, а ўзброеныя ваяры няхай ідуць перад Каўчэгам ГОСПАДА».
8 Як толькі Егошуа скончыў гаварыць, сем сьвятароў затрубілі ў сем трубаў з рагоў бараніх і пайшлі, а Каўчэг Запавету ГОСПАДА пайшоў за імі.
9 І ўсё ўзброенае войска ішло перад сьвятарамі, што трубілі, а рэшта войска ішла за Каўчэгам, і трубы штораз мацней трубілі.
10 А Егошуа загадаў людзям: «Не гаманіце, каб ня чуўся гоман ваш, і каб нават слова не выходзіла з вуснаў вашых, але калі настане дзень, у які скажу вам: “Крычыце”, тады будзеце крычаць».
11 І вось Каўчэг ГОСПАДА за дзень абыйшоў горад, і ўсе вярнуліся ў табар, і там пераначавалі.
12 І ўстаў Егошуа рана, і сьвятары ўзялі Каўчэг Запавету.
13 Сем з іх узялі сем трубаў з рагоў бараніх, і пайшлі перад Каўчэгам ГОСПАДА, ідучы і трубячы, а ўзброеныя дружыны ішлі перад імі, а рэшта войска ішла за Каўчэгам і, ідучы, трубілі.
14 І ў другі дзень абыйшлі горад адзін раз і вярнуліся ў табар свой. Так рабілі шэсьць дзён.
15 У сёмы дзень, на сьвітаньні ўстаўшы, абыйшлі горад такім самым спосабам сем разоў. Толькі ў той дзень абыйшлі горад сем разоў.
16 Калі сьвятары за сёмым разам затрубілі ў трубы, Егошуа крыкнуў народу: «Крычыце! ГОСПАД аддаў вам гэты горад.
17 Няхай будзе горад пад клятваю! Ён і ўсё, што ў ім — для ГОСПАДА. Адна толькі Рахаў распусьніца будзе жыць разам з усімі, якія будуць з ёй у доме, бо яна схавала выведчыкаў, якіх мы паслалі.
18 Вы ж сьцеражыцеся, каб нічога абложанага клятвай ня бралі, каб і самім не падпасьці пад клятву, калі возьмеце што-небудзь, бо тады вы зрабілі б праклятым увесь табар і прынесьлі б яму няшчасьце.
19 Усё, што залатое або срэбнае, і посуд мядзяны, і жалеза — гэта сьвятыня для ГОСПАДА, і памешчаны яны будуць у скарбоўнях Ягоных».
20 І народ падняў гармідар ваенны, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў народ гук трубаў, закрычаў гучным крыкам ваенным, і муры разваліся на месцы, і народ увайшоў у горад, кожны на прасткі. І так занялі горад.
21 Сілай клятвы ўсё прызначалі на сьмерць, і выбілі ўсіх, хто ў ім быў, ад мужчыны да жанчыны, ад дзіцяці да старога, і валоў, авечак і аслоў пабілі мячом.
22 Двум жа мужчынам, якія былі выведчыкамі, Егошуа сказаў: «Ідзіце ў дом тае жанчыны распусьніцы і прывядзіце яе і ўсё, што ейнае, як ёй пад прысягай абяцалі».
23 Юнакі пайшлі і прывялі Рахаў і бацькоў ейных, братоў ейных і ўсе рэчы, і сваякоў яе, і пакінулі за табарам.
24 Горад жа і ўсё, што ў ім было, спалілі, апрача срэбра, золата, мядзянага посуду і жалеза, якія аддалі ў скарбоўню дому ГОСПАДА.
25 А Рахаў распусьніцу, і сям’ю бацькі яе ды ўсё, што мела, пакінуў Егошуа пры жыцьці. І абжылася яна між Ізраіля па сёньняшні дзень, таму што схавала выведчыкаў, якіх паслаў Егошуа для выведваньня Ерыхону.
26 У той час Егошуа пакляўся і сказаў: «Няхай будзе пракляты перад абліччам ГОСПАДА чалавек, які ўзяўся б адбудаваць горад Ерыхон. За цану жыцьця першароднага свайго закладзе падваліны ягоныя, за цану жыцьця наймалодшага сына паставіць брамы».
27 І ГОСПАД быў з Егошуа, і слава яго разыйшлася па ўсёй зямлі.

Кніга Егошуа, 6 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.