Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 17 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Вось такое выпала жэрабя пакаленьню Манасы, бо ён быў першародным Язэпа. Махір, першародны Манасы, бацька Гілеада, бо быў ён ваяром, атрымаў Гілеад і Башан.
2 Сваю частку атрымалі таксама астатнія сыны Манасы па родах іхніх: сыны Абіезэра, сыны Хэлека, сыны Аерыэля, сыны Шэхэма, сыны Хэфэра і сыны Шэміда. Гэта вось сыны Манасы, сына Язэпа, мужчыны, па родах іхніх.
3 А Цэлафхад, сын Хефэра, сына Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, ня меў сыноў, а толькі дочкі, якія называліся: Махла, Ноа, Хогля, Мілка і Тырца.
4 Яны вось прыйшлі да Элеазара, сьвятара, і Егошуа, сына Нуна, і князёў, і сказалі: «ГОСПАД загадаў Майсею, каб даў нам уласнасьць між братоў нашых». Дык далі ім па загаду ГОСПАДА спадчыну між братоў бацькі іхняга.
5 І меў Манаса дзесяць частак, апрача зямлі Гілеад і Башан за Ярданам,
6 бо дочкі Манасы атрымалі спадчыну між сыноў яго, а зямля Гілеад выпала астатнім сынам Манасы.
7 Мяжа яе ішла ад Асэра да Міхмэтату, які насупраць Сыхему; адсюль мяжа паварочвала ў права ў бок жыхароў Эн-Тапуаху.
8 Зямля Тапуаху выпала Манасе, а горад Тапуах, які знаходзіцца каля мяжы Манасы, належаў да сыноў Эфраіма.
9 Мяжа зыходзіла да ручая Кана, і на поўдзень ад ручая былі гарады Эфраіма, апроч тых, якія меў Эфраім сярод гарадоў Манасы, а зямля Манасы знаходзілася на поўнач ад ручая і цягнулася да мора.
10 Так зямля на поўдзень была ўласнасьцю Эфраіма, а на поўнач — Манасы, а мяжой іхняй было мора. З Асэрам межаваліся яны на поўначы, а з Ісахарам — на ўсходзе.
11 Манаса ў межах Ісахара і Асэра меў Бэт-Шэан з навакольнымі гарадамі, і Іблеам з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Дору з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Эн-Дору з навакольнымі гарадамі, таксама жыхароў Таанаху з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Мэгідо з навакольнымі гарадамі, поруч трэйцюю частку Нафату.
12 Але сыны Манасы не маглі авалодаць гэтымі гарадамі, і дзеля таго Хананейцы засталіся ў гэтай зямлі.
13 Калі сыны Ізраіля ўмацаваліся, яны змусілі Хананейцаў да працаў прыгонных, але ня выгналі іх.
14 І гаварылі сыны Язэпа да Егошуа, кажучы: «Чаму ты даў мне адно толькі жэрабя і адну толькі частку, хоць я маю такое мноства людзей, бо так дабраславіў мяне ГОСПАД?»
15 Егошуа адказаў: «Калі ты творыш вялікі народ, дык займай лес, выкарчуй сабе абшар у зямлі Пэрэзеяў і Рэфаімаў, калі табе на гары Эфраіма зацесна!»
16 Тады адказалі сыны Язэпа: «Гары нам не хапае, але ўсе Хананейцы, што жывуць у даліне, маюць калясьніцы жалезныя, як жыхары Бэт-Шэану і прылеглых мясцовасьцяў, так і ў даліне Езрээль».
17 Тады сказаў Егошуа дому Язэпа, Эфраіму і Манасе: «Ты — народ вялікі і мужны, ня будзе ў цябе адна толькі частка.
18 Але ты пайдзі на гару і выкарчуй лес, і ачысьці месца на пасяленьне. І ты пашырыш межы твае, выганяючы Хананейцаў, хоць маюць яны жалезныя калясьніцы і хоць яны моцныя».

Кніга Егошуа, 17 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.