Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 8 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Кожны загад, які я вам сёньня даю, пільна захоўвайце і выконвайце, каб маглі вы жыць і множыцца, і ўвайшлі, і авалодалі зямлёю, якую запрысяг ГОСПАД бацькам вашым.
2 І памятай увесь шлях, якім вёў цябе ГОСПАД, Бог твой, сорак гадоў праз пустыню, каб зьмяніць цябе і выспрабаваць цябе, i даведацца, што ў душы тваёй, ці будзеш ты спаўняць прыказаньні Ягоныя, ці не.
3 Ён мучыў цябе голадам і даваў табе манну, якой ня ведаў ты і бацькі твае, каб паказаць табе, што ня толькі хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў ГОСПАДА.
4 Ня меў ты недахопу ў адзеньні, якім адзяваўся, і ня пухла нага твая праз усе гэтыя сорак гадоў.
5 Дык разважай у сэрцы тваім, што як бацька гадуе сына свайго, так ГОСПАД, Бог твой, гадаваў цябе,
6 каб спаўняў ты загады ГОСПАДА, Бога твайго, ішоў шляхам Ягоным і меў страх перад Ім.
7 Бо ГОСПАД, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю рэкаў і крыніцаў, што выбіваюцца на палях і гарах,
8 у зямлю пшаніцы і ячменю, вінаграду і дрэваў фігавых, і гранату, у зямлю алівак і мёду,
9 у зямлю, дзе без ніякай нястачы будзеш есьці хлеб твой i будзеш цешыцца шчодрасьцю ўсякіх даброцьцяў; каменьні яе — жалеза, а з гор медзь здабываць будзеш.
10 Вось, калі будзеш ты есьці і наясіся, дабраславі ГОСПАДА, Бога твайго, за зямлю добрую, якую Ён даў табе.
11 Сьцеражыся, каб часам не забыўся ты пра ГОСПАДА, Бога твайго, і каб не занядбаў загады Ягоныя, і закон, і прыказаньні, якія я даручаю табе сёньня.
12 Калі наясіся і насыцішся, пабудуеш сабе прыгожыя дамы і ў іх абжывешся,
13 i калі табе намножыцца жывёла і авечкі, і багаты ты будзеш ў срэбра і золата, i ўсякі дастатак,
14 тады ўзганарыцца сэрца тваё і забудзешся ты пра ГОСПАДА, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
15 Ён правёў цябе праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі зьмеі і скарпіёны, зямля сухая і бязводзьдзе. І Ён вывеў табе ручаі са скалы цьвёрдай,
16 і карміў цябе маннай у пустыні, якой ня ведалі бацькі твае, і калі Ён цябе загартаваў і выспрабаваў, наастатак пашкадаваў цябе.
17 Дык не кажы ў сэрцы стваім: “Сіла мая і моц рукі маёй усё запрацавалі для мяне”,
18 але памятай на ГОСПАДА, Бога твайго, што Ён даў табе сілы, каб асягнуў ты посьпех, што споўніў запавет Свой, які запрысяг бацькам тваім, як і паказвае сёньняшні дзень.
19 А калі забудзеш ты пра ГОСПАДА, Бога твайго, і пойдзеш за багамі чужымі, і будзеш ім служыць і пакланяцца, вось жа заручаю вам, што зусім папрападаеце.
20 Як тыя народы, якія ГОСПАД зьнішчыў перад абліччам вашым, так і вы загінеце, калі ня будзеце паслухмяныя голасу ГОСПАДА, Бога вашага.

Кніга Другазаконьне, 8 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.