Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 32 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 «Слухайце, нябёсы, што я гавару, і няхай чуе зямля словы вуснаў маіх!
2 Няхай цячэ, як дождж, навука мая, няхай падае, як раса, мова мая, як імгла, няхай імжыць на траву ды, як кроплі, капае на зямлю.
3 Бо я буду клікаць імя ГОСПАДА, дык дайце хвалу Богу нашаму!
4 Ён — скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Ягоныя справядлівыя. Бог верны, і няма ў Ім няпраўды, Ён — беззаганны і справядлівы.
5 Саграшылі супраць Яго, не Яго гэта дзеці, пакаленьне паганае і ліхое.
6 Чым аднагароджваеце ГОСПАДУ, народзе дурны і сапсуты? Ці ж Ён ня Бацька твой? Ён стварыў цябе і трымае пры жыцьці цябе.
7 Памятай пра дні даўнейшыя, разважай пра паасобныя пакаленьні; спытайся бацьку свайго, і ён скажа табе, старшыняў тваіх, і яны раскажуць табе.
8 Калі надзяляў Найвышэйшы народы, калі разьдзяляў сыноў Адама, Ён вызначыў межы народам паводле лічбы сыноў Ізраіля.
9 Уласнасьць ГОСПАДА — народ Ягоны. Якуб — удзел спадчыны Ягонай.
10 Ён знайшоў яго на зямлі пустыннай, у месцы жаху, Ён хадзіў за ім і глядзеў, і захоўваў яго, як зрэнку вока Свайго.
11 Як арол прынукае лятаць птушанятаў сваіх і над імі кружляе, раскінуўшы крылы свае, і бярэ іх ды нясе на крылах сваіх,
12 так ГОСПАД Сам вадзіў яго, і не было з ім бога чужога.
13 І паставіў яго на высокай зямлі, каб спажываў плады палёў, каб піў мёд са скалы і алей з цьвёрдага камяня,
14 масла кароваў і малако авечак, лой бараноў і ягнятаў Башану, і казлоў разам з найчысьцейшай пшаніцай, і каб піў кроў вінаграду адборнага.
15 Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Творцу свайго, і зьняважыў скалу збаўленьня свайго.
16 І гневалі яны Яго багамі чужымі, і брыдотамі прынукалі да гневу.
17 Ахвяры складалі яны дэманам, а ня Богу, багам, якіх ня ведалі; новым, якія нядаўна зьявіліся, якім не пакланяліся бацькі іхнія.
18 Заступніка, Які цябе нарадзіў, ты пакінуў, не памятаў ты ГОСПАДА, Творцу свайго.
19 Убачыў гэта ГОСПАД і абурыўся, бо гнявілі Яго сыны Ягоныя і дочкі.
20 І сказаў Ён: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу будучыню іхнюю, бо пакаленьне гэта ліхое, сыны няверныя.
21 Яны ўгнявілі Мяне тым, што ня богі, неразумнасьцю сваёй раздражнілі Мяне; а Я ўгняўлю іх тым, што не народ, народам дурным раздражню іх.
22 Узгарэўся агонь ярасьці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшага пекла, і спаліць зямлю з расьліннасьцю яе, і спапяліць падваліны гор.
23 Я зьбяру на іх няшчасьці, пушчу на іх стрэлы Мае.
24 Будуць мораны яны голадам, палены трасцаю і пошасьцю лютай, і пашлю Я на іх зубы зьвяроў і атруту зьмеяў, што поўзаюць у пыле.
25 На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам з дзяўчынаю, немаўля разам са старым чалавекам.
26 Я сказаў: "Вынішчу іх і спыню ў людзей памяць пра іх".
27 Але спыніў гэта дзеля пыхлівасьці ворагаў, каб ворагі іхнія не вывышаліся і не казалі: "Рука нашая ўзьнятая, а ня ГОСПАД зрабіў усё гэта!"
28 Бо народ гэта бязрадны і неразважны.
29 Ці ж разважаюць яны, і ці зразумеюць гэта, і ці змогуць прадбачыць будучыню сваю!
30 Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а дваіх выгнаць дзесяць тысячаў, калі б Заступнік іх не пакінуў іх, і ГОСПАД ня выдаў іх?
31 Бо заступнік іхні не такі, як наш Заступнік; і ворагі нашыя сьведкі ў гэтым.
32 Бо вінаград іхні — ад вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх. Ягады іхнія атрутныя і гронкі — як палын.
33 Віно іхняе — атрута зьмяіная і сьмяротная атрута гадзючая.
34 Ці ж гэта не схавана ў-ва Мне і не заагледжана пячаткаю ў скарбніцах Маіх?
35 У свой час помста Мая і аднагарода — у час, калі пахісьнецца нага іхняя! Блізка ўжо дзень загубы і надыходзіць рашэньне лёсу іхняга.
36 І будзе судзіць ГОСПАД народ Свой, і пашкадуе Ён слугаў Сваіх; калі ўбачыць, што рука іхняя аслабела і што няма ані нявольнікаў, ані вольных.
37 І скажа Ён: “Дзе ж багі іхнія, скала, у якой яны пакладалі надзею,
38 што елі тлустасьць ахвяраў, і пілі віно іх ахвяраў вадкіх? Няхай устануць і дапамогуць вам, і няхай у бядзе абароняць вас!
39 Паглядзіце цяпер, што Я — адзіны, і няма Бога апрача Мяне, Я забіваю і Я даю жыць, Я калечу і Я аздараўляю, і няма такога, хто б з рукі Маёй мог вырвацца.
40 Падыму Я аж да неба руку Маю і скажу: "Жыву вечна!"
41 Калі Я вывастру меч Мой бліскучы і рука Мая выканае прысуд, адпомшчу Я ворагам Маім, і тым, што ненавідзяць Мяне, аднагараджуся.
42 Насычу кроўю стрэлы Мае і меч Мой насыціцца мясам, крывёй забітых і палонных, галовамі варожых правадыроў!”
43 Хваліце, народы, народ Ягоны, бо адпомсьціць Ён кроў слугаў Сваіх і міласьцівы будзе да зямлі народу Свайго».
44 І пайшоў Майсей з Егошуа, сынам Нуна, і пераказаў усе словы песьні гэтае ў вушы народу.
45 Калі Майсей скончыў пераказваць усе словы гэтыя ўсяму Ізраілю,
46 сказаў ім: «Захавайце ў сэрцы вашым ўсе словы, якія я вам сёньня аб’яўляю, і загадайце дзецям вашым захоўваць іх, і выконваць усе словы Закону гэтага.
47 Бо слова гэтае ня ёсьць для вас малаважнае, але гэта жыцьцё вашае; і ў слове гэтым доўга жыць будзеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, увойдзеце, каб завалодаць ёю».
48 У той самы дзень сказаў ГОСПАД Майсею:
49 «Узыйдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэво, якая ў зямлі Мааў насупраць Ерыхону, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я дам сынам Ізраіля на ўласнасьць.
50 І ты памрэш на гары, на якую ты ўзыйдзеш, і далучышся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго.
51 Бо саграшылі вы адносна Мяне між сынамі Ізраіля пры водах Мэрыбы каля Кадэшу, на пустыні Сін, бо ня выявілі пашаны да Мяне сярод сыноў Ізраіля.
52 Таму толькі здалёк убачыш тую зямлю, але ты сам ня ўвойдзеш у тую зямлю, якую Я даю сынам Ізраіля».

Кніга Другазаконьне, 32 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.