Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 28 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Дык калі ты будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і спаўняць, і захоўваць ўсе загады Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня, то ГОСПАД, Бог твой, узвысіць цябе па-над усе народы, якiя жывуць на зямлі,
2 і сплывуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенствы, і споўняцца на табе, калі толькі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго.
3 Дабраслаўлёны ты ў горадзе і дабраслаўлёны ў полі.
4 дабраслаўлёны плод ўлоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй, і прыплод валоў тваіх і авечак тваіх.
5 дабраслаўлёны кош твой і жорны твае.
6 дабраслаўлёны ты, калі ўваходзіш, і дабраслаўлёны, калі выходзіш.
7 Дасьць табе ГОСПАД, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адной дарогай яны пойдуць супраць цябе, а сямёма шляхамі ўцякуць ад цябе.
8 Спашле ГОСПАД дабраславенства на сьвірны твае і на ўсякую працу рук тваіх; і будзе дабраслаўляць цябе на зямлі, якую дасьць табе ГОСПАД, Бог твой.
9 І паставіць цябе ГОСПАД як народ сьвяты, як запрысяг табе, калі будзеш захоўваць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіць шляхамі Ягонымі.
10 І ўбачаць усе народы на зямлі, што імя ГОСПАДА заклікаюць над табою, і будуць баяцца цябе.
11 І дасьць табе ГОСПАД дастатак усякіх даброцьцяў; і плод ўлоньню твайму, прыплод жывёле тваёй, плён зямлі тваёй, якую запрысяг ГОСПАД бацькам тваім, што дасьць табе.
12 Адкрые табе ГОСПАД шчодрыя скарбы нябесныя, каб даць у свой час дождж зямлі тваёй і дабраславенства ўсім працам рук тваіх; ты будзеш пазычаць многім народам, а сам ні ад каго пазычаць ня будзеш.
13 І зробіць цябе ГОСПАД галавою, а не хвастом, і будзеш ты заўсёды на версе, а не ў нізе, калі будзеш слухаць загады ГОСПАДА, Бога твайго, якія сёньня я загадваю табе, каб ты захоўваў і спаўняў іх,
14 і не адступай ад словаў, якія даручаю табе сёньня, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не пакланяйся ім.
15 А калі не захочаш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, захоўваць і спаўняць усе загады Ягоныя і прыказаньні, якія я сёньня загадваю табе, то прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і споўняцца на табе.
16 Пракляты ты ў горадзе і пракляты на полі.
17 Пракляты кош твой і кладоўка твая.
18 Пракляты плод улоньня твайго і плён зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй і прыплод авечак тваіх.
19 Пракляты ты пры ўваходзе тваім і пры выхадзе тваім.
20 Спашле на цябе ГОСПАД праклён, і трывогу, і няшчасьце ў-ва ўсіх працах тваіх, што будзеш рабіць, пакуль ня зьнішчыць цябе і не прападзеш ты хутка дзеля ліхіх учынкаў сваіх, дзеля якіх пакінуў ты Мяне.
21 Спашле на цябе ГОСПАД пошасьць, пакуль ня выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ўвойдзеш на пражываньне.
22 Дакране цябе ГОСПАД сухотамі, гарачкаю, трасцай, сьпякотаю, засухаю, палючым ветрам і іржою, яны будуць мучыць цябе, пакуль ты ня будзеш зьнішчаны.
23 І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медзьдзю, а зямля пад табою — жалезам.
24 Заменіць ГОСПАД дождж на зямлі тваёй у пыл, а з неба будзе падаць на цябе попел, пакуль ня зьнішчыць цябе.
25 І аддасьць цябе ГОСПАД на паражэньне ворагам тваім; адной дарогай будзеш ісьці на іх, а сямю дарогамі будзеш уцякаць ад іх, і станеш ты страхоцьцем для ўсіх валадарстваў зямлі.
26 Труп твой будзе пажываю усім птушкам паднебным і зьвярам зямным, і ніхто ня будзе адганяць іх.
27 Дакране цябе ГОСПАД праказай Эгіпецкай і балячкамі, каростаю і скуламі, якіх ня зможаш вылячыць.
28 Пакарае цябе ГОСПАД вар’яцтвам, сьлепатою і неспакоем сэрца.
29 У поўдзень будзеш хадзіць навобмацак, як сьляпы навобмацак ходзіць у поцемках, і ў-ва ўсіх справах тваіх ня будзеш мець посьпеху. Увесь час будзеш крыўджаны і рабаваны, і ня будзе каму ратаваць цябе.
30 Заручышся з жонкай, а другі хто будзе спаць з ёй. Будзеш будаваць дом, але ня будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не зьбярэш пладоў ягоных.
31 Вол твой будзе забіты на вачах у цябе і не пакаштуеш яго. Асёл твой будзе забраны і ня вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і ня будзе каму дапамагчы табе.
32 Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу на вачах тваіх, і ўвесь дзень будзеш, плачучы, выглядаць іх дарма, і ня будзе сілы ў руках тваіх.
33 Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю зьесьць народ, якога ня ведаеш, і будзеш ты заўсёды крыўджаны і прыгнечаны ўвесь час.
34 І звар’яцееш, бачачы тое, што пабачаць вочы твае.
35 Дакране цябе ГОСПАД балючымі скуламі на каленях і нагах, і ня зможаш вылечыцца, і пакрыюць цябе ад стопаў аж да чубу галавы.
36 Цябе і валадара твайго, якога выбярэш, завядзе ГОСПАД да народу, якога ня ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і каменю,
37 і будзеш страхоцьцем, і прыказкай, і пасьмешышчам усім народам, да якіх высяліць цябе ГОСПАД.
38 Насеньня шмат кінеш у зямлю, а зьбярэш мала, бо саранча паесьць усё.
39 Вінаграднікі засадзіш, будзеш даглядаць, а віна піць ня будзеш, ды нічога з іх не зьбярэш, бо будуць паедзены чарвякамі.
40 Аліўкі будзеш мець на ўсіх межах сваіх, але ня выцісьнеш алею, бо змарнеюць і прападуць.
41 Народзіш сыноў і дачок, але не пацешышся з іх, бо павядуць іх у няволю.
42 Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паядуць жужлы.
43 Чужынец, які жыве з табой на зямлі, падымецца па-над цябе і стане высокім, а ты зыйдзеш і будзеш нізкім.
44 Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом.
45 І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны, і будуць цябе перасьледваць, і зьдзеквацца над табой, пакуль не прападзеш, бо ня слухаў ты ГОСПАДА, Бога твайго, і не выконваў загадаў Ягоных і прыказаньняў, якія Ён даў табе.
46 Яны будуць знакам і довадам табе і патомству твайму на вякі.
47 За тое, што ты не служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, з вясёласьцю і радасьцю сэрца твайго ў дастатку тваім,
48 будзеш служыць ворагу твайму, якога ГОСПАД навядзе на цябе, у голадзе і смазе, у чаласьці і нястачы ўсяго, і ён павесіць ярмо жалезнае на карку тваім, пакуль ня вынішчыць цябе.
49 Навядзе на цябе ГОСПАД народ далёкі; з канца зямлі, як арол, наляціць народ гэты, мовы якога ты не разумееш,
50 народ жудасны, які не ўшануе старога і не пашкадуе дзіцяці.
51 І ён зжарэ плод тваёй жывёлы і зборы зямлі тваёй, пакуль цябе ня выгубіць; і не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду жывёлы і прыплоду авечак, пакуль цябе ня зьнішчыць.
52 І возьме ён у аблогу цябе ў-ва ўсіх гарадах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты пакладаў надзею, ў-ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ў-ва ўсіх гарадах, на ўсёй зямлі, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой.
53 Будзеш ты есьці плод улоньня твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якія даў табе ГОСПАД, Бог твой, у аблозе ды ў бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой.
54 У цябе чалавек чульлівы і вельмі далікатны будзе ненавідзець брата свайго і жонку, якая туліцца да яго, і рэшту дзяцей сваіх, якія засталіся ў яго.
55 Ня дасьць нікому ён целы сыноў сваіх, якія будзе есьці, бо ён ня будзе ўжо больш нічога мець дзеля аблогі і бяды, якімі вораг твой прыцісьне цябе ва ўсіх брамах тваіх.
56 Жанчына ў цябе, вельмі чульлівая і далікатная, і так расьпешчаная, што не хацела нагі паставіць на зямлю дзеля далікатнасьці і расьпешчанасьці, цяпер ліхім вокам гляне на мужа ўлоньня свайго, на сына свайго і дачку сваю
57 і ня дасьць ім ложышча, якое выйшла з улоньня ейнага, і дзяцей, ёю народжаных, бо есьці іх будзе таемна дзеля нястачы ўсяго ў час аблогі і гора, якімі прыцісьне цябе вораг у-ва ўсіх брамах тваіх.
58 Калі ня будзеш захоўваць і выконваць усіх словаў Закону гэтага, якія напісаныя на скрутку гэтым, і ня будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя ГОСПАДА, Бога твайго,
59 то шмат больш павялічыць ГОСПАД плягі твае і плягі на нашчадкаў тваіх, і кары цяжкія і доўгатрывалыя,
60 і навядзе на цябе ўсе плягі Эгіпецкія, якіх ты баяўся, і нахлынуць яны на цябе.
61 І ўсе хваробы і плягі, не запісаныя ў гэтым скрутку Закону, напусьціць ГОСПАД на цябе, пакуль цябе ня выгубіць.
62 І застанецёся вы ў малой лічбе, тады як раней вы былі, як зоркі ў небе, у колькасьці сваёй, бо ня слухаў ты голас ГОСПАДА, Бога твайго.
63 Як перад тым цешыўся ГОСПАД з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца з вас, нішчачы вас і сьціраючы з аблічча зямлі, у якую ідзіцё, каб завалодаць ёю.
64 ГОСПАД расьцярушыць вас сярод усіх народаў, ад канца зямлі да канца зямлі, і там будзеш ты служыць багам чужым, якіх ня ведаў ты і бацькі твае, дрэвам і камяням.
65 І ня будзеш ты мець супакою ў гэтых народаў, стапа нагі тваёй не супачыне. І дасьць там табе ГОСПАД сэрца, якое дрыжыць ад страху, вочы, якія заплаканыя з тугі, і душу збалелую.
66 Жыцьцё тваё будзе вісець перад табою; будзеш баяцца ноччу і днём, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго.
67 Раніцаю ты скажаш: “Хто дасьць мне дачакацца вечара?”, а ўвечары: “Хто мне дасьць дачакацца раніцы?” дзеля страху сэрца свайго, якое будзе баяцца ўсяго таго, што ўбачаць вочы твае.
68 І верне цябе ГОСПАД у Эгіпет на караблях тою дарогаю, пра якую Ён казаў табе, што ты яе больш не пабачыш; там будзеце вы прададзеныя ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы і ня будзе каму купляць»
69 Гэткія вось словы запавету, які загадаў ГОСПАД Майсею заключыць з сынамі Ізраіля ў зямлі Мааў, апрача запавету, які заключыў з імі на Харэве.

Кніга Другазаконьне, 28 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.