Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 23 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адкрываць крысо адзеньня бацькі свайго.
2 Ніхто, хто мае струшчаныя яечкі або адрэзаны чэляс, ня ўвойдзе ў супольнасьць ГОСПАДА.
3 Ня ўвойдзе байструк да супольнасьці ГОСПАДА, нават у дзясятым пакаленьні ня ўвойдзе ён у супольнасьць ГОСПАДА.
4 Ня ўвойдзе сын Амона і Мааўлянін у супольнасьць ГОСПАДА нават у дзясятым пакаленьні; ня ўвойдзе ён ў супольнасьць ГОСПАДА навекі,
5 таму што ня выйшлі яны нам на дарогу з хлебам і вадой, калі мы ішлі з Эгіпту, ды аплацілі супраць цябе Білеама, сына Бэора, з Пэтору, што ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў.
6 Але ГОСПАД, Бог твой, не хацеў слухаць Білеама, і ГОСПАД, Бог твой, замяніў праклён адносна цябе на дабраславенства, бо ГОСПАД, Бог твой, узьлюбіў цябе.
7 Ня будзеш жадаць для іх міру і дабра ў-ва ўсе дні свае і навекі.
8 Ня будзеш брыдзіцца Эдомцам, бо ён — брат твой, ані Эгіпціянінам, бо прыхаднем ты быў у зямлі ягонай.
9 У трэйцім пакаленьні іхнім нашчадкі іхнія могуць быць дапушчаны ў супольнасьць ГОСПАДА.
10 Калі выступіш супраць ворагаў тваіх у бой, сьцеражыся ад усякай ліхой рэчы.
11 Калі знойдзецца ў цябе чалавек нячысты дзеля выпадку начнога, няхай выйдзе ён з табару і ў табар ня вернецца.
12 Пад вечар няхай памыецца, а пасьля заходу сонца можа вярнуцца ў табар.
13 Будзеш мець месца па-за табарам, у якое будзеш хадзіць па патрэбе.
14 Возьмеш калок, і калі выйдзеш навонкі, прыгатуеш ямку, і, вяртаючыся, прыкрыеш зямлёю нячыстасьць сваю.
15 Бо ГОСПАД, Бог твой, ходзіць пасярод табару твайго, каб захоўваць цябе ад ворагаў тваіх і выдаваць табе непрыяцеляў тваіх; няхай табар твой будзе сьвяты, і нічога ў ім ня мае быць паганага, каб Ён не пакінуў цябе.
16 Не выдавай нявольніка, які да цябе ўцёк, пану ягонаму.
17 Будзе ён жыць з табою, у месцы, якое ён выбраў у адным з гарадоў тваіх, які спадабаўся яму, і ты не засмучай яго.
18 Ня будзе распусьніцы сярод дачок Ізраіля, ані мужчыны распусьніка сярод сыноў Ізраіля.
19 Не занясеш у дом ГОСПАДА, Бога твайго, заробку распусьніцы і грошы распусьніка, як шлюбаваныя, бо ГОСПАД, Бог твой, брыдзіцца адным і другім.
20 Не вымагай ад брата свайго адсоткаў з грошаў, ці з харчаваньня, ці з чаго другога, што пазычаецца на адсоткі.
21 Ад чужога можаш вымагаць, але ад брата ня будзеш вымагаць адсоткаў, каб ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе ў-ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку сваю ў зямлі, якою ідзеш авалодаць.
22 Калі складзеш шлюбаваньне ГОСПАДУ, Богу твайму, не марудзь выканаць яго, бо ГОСПАД, Бог твой, запатрабуе гэтага ад цябе і залічыць гэта табе за грэх.
23 Калі ўстрымаешся ад шлюбаваньня, будзеш бяз грэху.
24 А што выйшла з вуснаў тваіх, тое захоўвай і рабі, як абяцаў ты ГОСПАДУ, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты гэта абяцаў.
25 Калі ўвойдзеш у вінаграднік бліжняга твайго, еш вінаград, колькі табе падабаецца, але ў кошыку не вынось з сабой.
26 І калі ўвойдзеш у збожжа бліжняга твайго, рві каласы рукою, а сярпом ня жні.

Кніга Другазаконьне, 23 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.