Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 20 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх і ўбачыш, што там і коней, і калясьніцаў, і людзей болей, чым у цябе, ня бойся іх, бо з табой ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай.
2 Перад распачацьцем бою няхай выступіць сьвятар, і прамовіць да народу, і скажа яму:
3 “Слухай, Ізраіль! Пачынаеце вы сёньня супраць ворагаў вашых бой; няхай не палохаецца сэрца вашае, ня бойцеся, не пужайцеся і не трывожцеся,
4 бо ГОСПАД, Бог ваш, ідзе з вамі, каб ваяваць за вас з ворагамі вашымі і каб выратаваць вас з небясьпекі”.
5 Начальнікі няхай аб’явяць народу, кажучы: “Хто з вас пабудаваў новы дом, а яшчэ яго не асьвяціў, няхай ідзе і варочаецца дадому, каб часам не загінуў у баі і хто іншы яго не пасьвяціў.
6 Хто з вас завёў вінаграднік i не сабраў пладоў ягоных, няхай варочаецца дадому, бо можа загінуць на вайне, і хто іншы будзе зьбіраць плады.
7 Хто заручыўся з жонкаю, але не перавёў яе яшчэ да сябе, няхай варочаецца дадому, бо можа загінуць на вайне, і хто іншы завядзе яе да сябе”.
8 Няхай яшчэ начальнікі запытаюцца ў людзей: “Хто баіцца і чыё сэрца дрыжыць, няхай выступіць і ідзе дадому, каб не напалохаў сэрцы братоў сваіх, як сам ён напалоханы”.
9 Калі начальнікі скажуць усё гэта народу, тады вы павінны паставіць ваенных начальнікаў на чале народу.
10 Калі ты падыйдзеш пад горад, каб яго зваяваць, перш прапануй яму мір.
11 Калі ён згодзіцца на мір і адчыніць табе брамы, няхай увесь народ, які ў ім ёсьць, будзе плаціць табе даніну і служыць табе.
12 А калі ён не захоча быць у міры з табою і пачне супраць цябе вайну, то пачні аблогу яго.
13 І калі ГОСПАД, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, выб’еш усіх мужчынаў мячом,
14 за выключэньнем жанчынаў і дзяцей, жывёлы і ўсяго іншага, што ў ім знаходзіцца. Усю здабычу ягоную возьмеш сабе і будзеш есьці здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой.
15 Так зрабі з усімі гарадамі, якія ад цябе вельмі далёка, якія ня ёсьць уласнасьцю гэтых народаў.
16 Толькі ў тых гарадах, якія даюцца табе, не пакінеш нікога жывым,
17 але выб’еш мячом Хетытаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусеяў, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,
18 каб часам не навучылі яны вас усякім брыдотам, якія рабілі яны багам сваім, і каб вы не грашылі перад ГОСПАДАМ, Богам сваім.
19 Калі доўгі час будзеш аблягаць горад, каб заваяваць яго, не сьсякай дрэваў ягоных, з якіх можаш жывіцца, плады іхнія можаш есьці, а іх саміх не сьсякай. Ці ж дрэва гэта чалавек, каб яго аблягаць?
20 Калі ж дрэва не надаецца на ежу, сьсячы яго і пабудуй махіны, пакуль не здабудзеш гораду, які з табой ваюе.

Кніга Другазаконьне, 20 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.