Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 18 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Сьвятары лявіты, усё пакаленьне Левія, ня будуць мець часткі ані спадчыны ў Ізраілі. Будуць харчавацца з ахвяраў, паленых на ўшанаваньне ГОСПАДА і спадчыны Ягонай.
2 Не атрымаюць яны спадчыны сярод братоў сваіх, бо ГОСПАД — спадчына іхняя, як Ён гэта сказаў ім.
3 Вось што належыць сьвятару з таго, што народ складае ў ахвяру: тыя, хто складаюць у ахвяру вала або авечку, даюць сьвятару лапатку, пашчэмку і страўнік.
4 Аддаюць яму пяршыны збожжа свайго, віна, алею і пяршыны воўны ад стрыжкі авечак.
5 Бо іх выбраў ГОСПАД, Бог твой, з усіх пакаленьняў тваіх, каб яны былі перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, служылі і дабраслаўлялі ў імя ГОСПАДА, яны і сыны іхнія ў-ва ўсе дні.
6 Калі лявіт, якi жыве ў адным з гарадоў усяго Ізраіля, захоча калі-небудзь пайсьці паводле жаданьня душы сваёй у месца, выбранае ГОСПАДАМ,
7 і будзе служыць у імя ГОСПАДа, Бога свайго, як усе браты ягоныя лявіты, якія там на службе перад ГОСПАДАМ,
8 няхай атрымлівае для пражываньня свайго частку, роўную з іншымі, незалежна ад прыбытку з продажу свайго бацькоўскага дому.
9 Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, сьцеражыся, каб не захацеў ты насьледаваць брыдотаў гэтых народаў.
10 Няхай ня знойдзецца ў цябе той, хто б сына свайго або дачку праводзіў праз агонь, або займаўся варажбой ці чарадзействам,
11 ці займаўся закляцьцямі, пытаўся ў духаў або выклікаў памёршых.
12 Агідны перад ГОСПАДАМ кожны, хто гэтак робіць. Дзеля гэтых брыдотаў выганяе іх ГОСПАД ад аблічча твайго.
13 Верным будзь і беззаганным перад ГОСПАДАМ, Богам тваім.
14 Тыя вось народы, у зямлю якіх ты ўваходзіш, слухаюць варажбітоў і выклікальнікаў духаў; гэтага не дазваляе табе ГОСПАД, Бог твой.
15 Прарока як мяне ўзьніме табе з народу твайго і з братоў тваіх ГОСПАД, Бог твой; Яго слухайце.
16 Прасіў ты пра гэта ў ГОСПАДА, Бога твайго, на Харэве, у дзень супольнага сходу, калі ты казаў: “Не магу болей слухаць голас ГОСПАДА, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці”.
17 І сказаў мне ГОСПАД: “Слушна тое, што яны сказалі табе.
18 Я пастаўлю ім спаміж братоў іхніх Прарока, падобнага табе, i ўкладу словы Мае ў вусны Ягоныя, Ён скажа ім усё, што Я загадаю Яму.
19 Хто ж словаў Маіх, якія будзе абвяшчаць Прарок той у імя Маё не захоча слухаць, Я пакараю таго.
20 А прарок, які адважыцца гаварыць у імя Маё таго, чаго Я не загадаў, або ў імя чужых багоў, такі прарок павінен памерці”.
21 А калі ты падумаеш у сэрцы тваім: “Як я магу пазнаць словы, якія ГОСПАД не гаварыў?”
22 Гэтакі будзеш мець знак: калі прарок прадказаў у імя ГОСПАДА, а ня споўнілася, значыцца ГОСПАД гэтага не казаў, але ў пыхлівасьці сваёй гэта сам прарок прыдумаў, таму ня бойся яго.

Кніга Другазаконьне, 18 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.