Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 10 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У гэты час сказаў мне ГОСПАД: “Вычашы сабе дзьве каменныя табліцы, падобныя да першых, і ўзыйдзі да Мяне на гару. Зрабі таксама каўчэг з дрэва.
2 Я напішу на табліцах прыказаньні, якія былі на першых табліцах, пабітых табою, і ты ўложыш іх у каўчэг”.
3 І зрабіў я каўчэг з дрэва акацыі, і вычасаў дзьве каменныя табліцы, падобныя да першых, і ўзыйшоў на гару, маючы ў руках абедзьве табліцы.
4 І напісаў [ГОСПАД] на табліцах падобна, як быў раней напісаўшы, Дзесяць Прыказаньняў, якія абвясьціў вам ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню пры сабраным народзе. І даў мне іх ГОСПАД.
5 Я разьвярнуўся і зыйшоў з гары, і палажыў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і там засталіся яны, як мне загадаў ГОСПАД.
6 А сыны Ізраіля выйшлі з Бээроту сыноў Яакана ў Масэру. Там памёр і быў пахаваны Аарон, а сын ягоны, Элеазар, стаў сьвятаром на месца ягонае.
7 Адтуль прыбылі ў Гудгоду, а з Гудгоды — у Ётбату, у зямлю, шчодрую ручаямі.
8 У гэты час ГОСПАД выбраў пакаленьне Левія, каб насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА і каб яны стаялі пры ГОСПАДЗЕ і служылі Яму, і дабраслаўлялі ў імя Ягонае па сёньняшні дзень.
9 Дзеля таго Леві ня мае часткі [зямлі], ані спадчыны паміж братоў сваіх, бо спадчына яго — ГОСПАД, як абяцаў яму ГОСПАД, Бог твой.
10 І я стаяў на гары, як раней, сорак дзён і начэй, і ў гэты раз выслухаў мяне ГОСПАД і не захацеў выгубіць цябе.
11 І сказаў Ён мне: “Устань і ідзі, і ачольвай народ, каб ішоў і завалодаў зямлёй, якую Я запрысяг бацькам іхнім, каб даць ім”.
12 А цяпер, Ізраіль, чаго жадае ад цябе ГОСПАД, Бог твой? Толькі таго, каб ты баяўся ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Ягонымі, любіў Яго і служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
13 каб выконваў ты загады ГОСПАДА і прыказаньні Ягоныя, якія я сёньня загадваю табе, каб добра жылося табе.
14 ГОСПАДУ, Богу твайму, належыць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.
15 Толькі да бацькоў тваіх прыхінуўся ГОСПАД і ўзьлюбіў іх, i выбраў насеньне іхняе пасьля іх, значыць, вас выбраў з усіх народаў, як сёньня гэта пацьвярджаецца.
16 Дык абрэжце сэрца вашае і цьвёрдасьць карку вашага, каб больш не рабілі яго цьвёрдым,
17 бо ГОСПАД, Бог ваш, — адзіны Бог над багамі і Госпад над панамі, Бог вялікі і страшны, Які не глядзіць на асобу, ані на падарункі.
18 Ён дае справядлівасьць сіраце і ўдаве, любіць прыхадня, даючы яму ежу і адзеньне.
19 Дык і вы любіце прыхадняў, бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.
20 ГОСПАДА, Бога твайго, бойся, Яму служы, да Яго туліся і на імя Ягонае прысягай.
21 Ён — слава твая і Бог твой, Ён творыць дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае.
22 У семдзесят душ перасяліліся бацькі твае ў Эгіпет, а вось цяпер памножыў цябе ГОСПАД, Бог твой, як зоркі ў небе.

Кніга Другазаконьне, 10 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.