1 Пётар, апостал Ісуса Хрыста, — выбра́ным вандроўнікам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Азіі і Біты́ніі,
2 паводле прадбачаньня Бога Айца, праз асьвячэньне Духа, дзеля паслухмянасьці і пакрапленьня крывёю Ісуса Хрыста: ласка і супакой няхай вам памножыцца!
3 Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які паводле вялікай літасьці Сваёй адрадзіў нас праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста з мёртвых дзеля жывое надзеі,
4 дзеля спадчыны незьнішчальнае і беззаганнае, якая не завяне і якая захоўваецца ў небе дзеля нас,
5 якія сілаю Божаю праз веру захаваныя дзеля збаўленьня, што гатова адкрыцца ў апошні час.
6 З гэтага радуйцеся, крыху цяпер, калі трэба, ад розных спакусаў пасмуткаваўшы,
7 каб выпрабаваньне веры вашае, якая шмат каштоўнейшая за золата, што гіне, хоць і агнём выпрабоўваецца, было знойдзена на хвалу, і пашану, і славу ў адкрыцьці Ісуса Хрыста,
8 Якога, ня бачыўшы, лю́біце і дзеля Якога, хоць не аглядаючы, але верачы [ў Яго], радуецеся радасьцю невымоўнаю і найслаўнейшаю,
9 атрымліваючы вынік веры вашае — збаўленьне душаў.
10 Гэтага збаўленьня шукалі і дапытываліся прарокі, якія прарочылі пра ласку адносна вас,
11 дасьледуючы, пра што ці пра якую пару́ паведамляў у іх Дух Хрыстовы, прадвяшчаючы пакуты Хрыстовыя і славу пасьля іх.
12 Ім было адкрыта, што ня ім, але нам служыла абвешчанае вам цяпер тымі, якія дабравесьцілі вам у Духу Сьвятым, Які пасланы з неба, да чаго анёлы жадаюць прыхілі́цца.
13 Дзеля гэтага, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага і будучы цьвярозымі, да канца спадзявайцеся на ласку, якая прыносіцца вам у адкрыцьці Ісуса Хрыста.
14 Як паслухмяныя дзеці, не прыпадабняйцеся ранейшым пажаданьням у няведаньні вашым,
15 але, паводле [прыкладу] Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятымі ў-ва ўсім ладзе жыцьця,
16 бо напісана: «Будзьце сьвятыя, бо Я — Сьвяты».
17 І калі называеце Айцом Таго, Які су́дзіць кожнага паводле справаў ягоных, не ўзіраючыся на аблічча, са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,
18 ведаючы, што не зьнішчальным срэбрам ці золатам выбаўлены вы ад марнага ладу жыцьця, перададзенага ад бацькоў,
19 але каштоўнай крывёю Хрыста, як Ягняці беззаганнага і неапаганенага,
20 прадвызначанага яшчэ да стварэньня сьвету, але зьяўленага ў апошнія часы дзеля вас,
21 якія паверылі праз Яго ў Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вера вашая і надзея была ў Богу.
22 Ачысьціўшы ду́шы вашыя паслухмянасьцю праўдзе праз Духа дзеля некрывадушнага браталюбства, з чыстым сэрцам шчыра любі́це адзін аднаго,
23 як тыя, што адроджаныя не са зьнішчальнага насеньня, але з незьнішчальнага, праз слова Бога Жывога, Які трывае на вякі.
24 Бо ўсякае цела — як трава, і ўсякая слава чалавечая — як кветка на траве; засохла трава, і кветка яе ўпала,
25 але слова Госпада трывае на вякі. А гэта ёсьць тое слова, якое вам дабравешчана.
Першае паўсюднае пасланьне Апостала Пятра, 1 глава