1 Дзеля правінаў зямлі шмат у ёй начальнікаў, а праз чалавека, які ведае і разважае, яна даўгавечная.
2 Чалавек бедны, які ўціскае ўбогіх, як залеўны дождж, [што пакідае] бяз хлеба.
3 Хто адступаецца ад закону, той хва́ліць бязбожніка, а хто захоўвае закон, паўстае супраць яго.
4 Ліхія людзі не разумеюць суду, а тыя, што шукаюць ГОСПАДА, разумеюць усё.
5 Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які кры́віць шляхі свае, дарма́ што багаты.
6 Сын разумны захоўвае закон, а той, хто сябруе з абжорамі, сароміць бацьку свайго.
7 Хто памнажае маёмасьць сваю квотай і лі́хвай, той зьбірае яе для таго, хто лі́туецца над убогім.
8 Хто адварочвае вуха сваё, каб ня чуць закону, таго малітва — брыдота.
9 Хто схіляе пра́вых на шлях зла, сам уваліцца ў яму сваю, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае.
10 Мудры ў вачах сваіх чалавек багаты, але ўбогі, які мае розум, выспрабуе яго.
11 Калі праведнікі перамагаюць — вялікая слава, а калі ўздымаюцца бязбожнікі, чалавек хаваецца.
12 Той, хто хавае свае праві́ны, ня будзе мець посьпеху, а хто прызнае́цца і пакіда́е іх, дазна́е міласэрнасьці.
13 Шчасьлівы чалавек, які мае трымценьне заўсёды, а хто робіць цьвёрдым сэрца сваё, трапіць у бяду.
14 Леў рыклівы і мядзьведзь бадзяжны — бязбожны пан над бедным народам.
15 Правадыр, пазбаўлены розуму, робіць шмат крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, прадоўжыць дні свае.
16 Чалавек, абцяжараны крывёю душы [другога], будзе бегаць да магілы, і ніхто не падтрымае яго.
17 Хто ходзіць беззаганна, будзе ўратаваны, а крывадушны на шляхах [сваіх] упадзе на адным [з іх].
18 Хто абрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам, а хто гоніцца за марнасьцю, насыціцца беднасьцю.
19 Чалавек верны багаты ў дабраславенствы, а хто сьпяшаецца ўзбагаце́ць, не міне́ пакараньня.
20 Нядобра зважаць на аблічча, бо дзеля кавалку хлеба чалавек робіць беззаконьне.
21 Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока і ня ведае, што няста́ча прыйдзе на яго.
22 Той, хто дакарае чалавека, знойдзе пасьля [большую] ласку, чым той, хто языком лісьлівіць.
23 Хто абкрадае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «Няма тут віны», той супольнік нішчыцелю.
24 Душа надзьмутая ўзьнімае звадку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе насычаны.
25 Хто спадзяецца на сэрца сваё, той дурань, а хто ходзіць у мудрасьці, будзе збаўлены.
26 Хто дае бедным, ня будзе мець нястачы, а хто хавае вочы свае, мецьме шмат праклёнаў.
27 Калі бязбожнікі ўздымаюцца, людзі хаваюцца, а калі яны гінуць, памнажаюцца праведнікі.
Кніга Прыповесьцяў, 28 глава