Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 6 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сказалі сыны прарокаў Элісэю: «Вось, месца, у якім мы з табою жывем, цеснае для нас.
2 Дык мы пойдзем да Ярдану і возьмем адтуль кожны па адным бервяне, і зробім сабе месца на пражываньне». Ён сказаў: «Ідзіце!»
3 І сказаў нехта: «Ідзі таксама і ты са слугамі тваімі». І ён адказаў: «Пайду».
4 І пайшоў ён з імі. І прыйшлі яны да Ярдану, і пачалі секчы дрэвы.
5 І сталася, калі адзін сек дрэва, сякера ўпала ў ваду. І закрычаў ён: «О, гаспадару мой! Яна ж пазычаная!»
6 І сказаў чалавек Божы: «Дзе яна ўвалілася?» І той паказаў яму месца. І адсек ён кавалак дрэва, і ўкінуў туды, і выплыла сякера.
7 І сказаў ён: «Вазьмі яе!» І той выцягнуў руку сваю, і ўзяў яе.
8 Валадар Сірыі ваяваў з Ізраілем. І радзіўся ён са слугамі сваімі, кажучы: «У такім і такім месцы зробім засаду».
9 А чалавек Божы паслаў перасьцерагчы валадара Ізраіля і сказаць яму: «Сьцеражыцеся пераходзіць у тым месцы, бо там заляглі Сірыйцы».
10 І валадар Ізраіля паслаў людзей у тое месца, пра якое гаварыў чалавек Божы і перасьцерагаў яго, і ўсьцярог сябе так ня раз і ня два.
11 І ўстрывожылася сэрца валадара Сірыі дзеля гэтай справы. І склікаў ён слугаў сваіх, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не паказваеце мне, хто здраджвае мяне перад валадаром Ізраіля?»
12 І сказаў адзін са слугаў ягоных: «Ніхто, гаспадару мой, валадар. Вось, у Ізраілі ёсьць прарок Элісэй, ён паведамляе валадару Ізраіля словы, якія ты гаворыш у спальні сваёй».
13 І ён сказаў: «Ідзіце і даведайцеся, дзе ён, а я пашлю і вазьму яго». І паведамілі яму: «Ён у Датане».
14 І паслаў ён туды коней, калясьніцы і моцную дружыну ваяроў. І прыйшлі яны ноччу, і акружылі горад.
15 Раніцаю слуга чалавека Божага ўстаў і выйшаў, і ўбачыў войска вакол гораду, коней і калясьніцы, і паведаміў яму: «О, гаспадару мой, што будзем рабіць?»
16 А ён адказаў: «Ня бойся. Болей тых, хто з намі, чым тых, хто з імі».
17 І маліўся Элісэй, кажучы: «ГОСПАДЗЕ, адкрый вочы яму, каб ён убачыў». І адкрыў ГОСПАД вочы слузе, і ён убачыў, і вось, гара поўная коней і калясьніцаў агністых вакол Элісэя.
18 І калі Сірыйцы зыходзілі да яго, Элісэй маліўся да ГОСПАДА і сказаў: «Дакрані народ гэты сьлепатою!» І ўдарыў іх ГОСПАД сьлепатою, паводле слова Элісэя.
19 І сказаў ім Элісэй: «Гэта ня тая дарога і ня той горад. Хадзіце за мною, і я пакажу вам чалавека, якога вы шукаеце». І завёў ён іх у Самарыю.
20 Калі прыйшлі яны ў Самарыю, маліўся Элісэй: «ГОСПАДЗЕ, адкрый вочы іхнія, каб бачылі». І адкрыў ГОСПАД вочы іхнія, і ўбачылі яны, што знаходзяцца пасярод Самарыі.
21 Калі ўбачыў іх валадар Ізраіля, спытаўся ў Элісэя: «Ці не пазабіваць іх, айцец мой?»
22 Але Элісэй сказаў: «Не забівай. Ці ж мячом сваім і лукам узяў ты іх у палон, каб іх забіваць? Дай ім хлеба і вады, каб паелі і напіліся, і няхай вяртаюцца да гаспадара свайго».
23 І справіў ім валадар вялікае частаваньне, і калі яны наеліся і напіліся, адпусьціў іх. І пайшлі яны да гаспадара свайго. З таго часу дружыны Сірыйцаў не нападалі больш на зямлю Ізраіля.
24 Пасьля таго Бэн-Гадад, валадар Сірыі, сабраў усё войска сваё і пайшоў, і аблажыў Самарыю.
25 І запанаваў вялікі голад у Самарыі, бо доўга трывала аблога. І галава асла каштавала восемдзесят сыкляў срэбра, а чвэрць каба галубячага гною — пяць сыкляў срэбра.
26 Калі валадар Ізраіля праходзіў па муры, адна жанчына закрычала да яго: «Ратуй мяне, гаспадару мой, валадар!»
27 І сказаў ён: «Калі не дапаможа табе ГОСПАД, як я дапамагу табе? З гумна або з тоўчні?»
28 І спытаў у яе валадар: «Што табе?» Яна адказала: «Гэтая жанчына сказала мне: “Дай сына твайго, і мы зьямо яго сёньня, а сына майго зьямо заўтра”.
29 І зварылі мы сына майго, і зьелі яго, і на другі дзень я сказала ёй: “Дай сына твайго, каб мы зьелі яго”, але яна схавала сына свайго».
30 Калі пачуў гэта валадар, разьдзёр шаты свае. Калі ж праходзіў ён па муры, увесь народ бачыў зрэбніцу, якую насіў ён пад сподам на целе сваім.
31 І сказаў ён: «Няхай зробіць мне Бог тое і тое, і яшчэ болей зробіць, калі галава Элісэя, сына Шафата, застанецца на ім яшчэ сёньня!»
32 А Элісэй сядзеў у доме сваім, і старшыні сядзелі разам з ім. І валадар паслаў перад сабою чалавека, але перш, чым пасланец увайшоў да Элісэя, ён сказаў старшыням: «Ці вы бачыце, што гэты сын забойцы паслаў чалавека па галаву маю? Глядзіце, калі прыйдзе пасланец, замкніце дзьверы і не дазвольце яму ўвайсьці. Вось, ужо чуваць тупат ног гаспадара ягонага, які ідзе за ім».
33 І калі ён яшчэ гаварыў з імі, вось, валадар падыйшоў да яго і сказаў: «Глядзі, колькі няшчасьця ад ГОСПАДА! Чаго яшчэ маю чакаць ад ГОСПАДА?»

Другая кніга Валадароў, 6 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.