Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 23 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І паслаў валадар, і сабраліся да яго ўсе старшыні Юды і Ерусаліму.
2 І ўвайшоў валадар у Дом ГОСПАДА, і ўсе людзі Юды, і ўсе жыхары Ерусаліма з ім, сьвятары і прарокі і ўвесь народ ад малога да вялікага. І прачытаў ён у вушы іхнія ўсе словы Кнігі Запавету, якую знайшлі ў Доме ГОСПАДА.
3 І стаў валадар на ўзвышэньні, і заключыў запавет перад ГОСПАДАМ, што яны будуць хадзіць за ГОСПАДАМ і будуць спаўняць прыказаньні Ягоныя, і пастановы, і закон усім сэрцам і ўсёй душой, каб выканаць словы запавету гэтага, якія запісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ далучыўся да запавету.
4 І загадаў валадар першасьвятару Хількіі і іншым сьвятарам, і прыдзьвернікам, каб выкінулі са Сьвятыні ГОСПАДА ўсе рэчы, зробленыя для Баала і Астарты, і для ўсяго войска нябеснага. І ён спаліў усё гэта па-за Ерусалімам у даліне Кедрону, а попел іхні занёс у Бэтэль.
5 І паскідаў ён сьвятароў паганскіх, якіх паставілі валадары Юды і якія кадзілі на ўзгорках у гарадах Юды і ў ваколіцах Ерусаліму, і якія кадзілі Баалу, сонцу, месяцу, сузор’ям і ўсяму войску нябеснаму.
6 І вынес ён са Сьвятыні ГОСПАДА Астарту, і занёс яе па-за Ерусалім у даліну Кедрону, і спаліў яе там. І сьцёр яе на парахно, і кінуў яе на магілы людзей простых.
7 І разваліў ён дамы распусьніцаў, якія былі пры Доме ГОСПАДА, дзе жанчыны ткалі адзеньне для Астарты.
8 І выгнаў ён усіх сьвятароў паганскіх з гарадоў Юды, і апаганіў узгоркі, дзе сьвятары гэтыя складалі ахвяры ад Гівы аж да Бээр-Шэвы. І зруйнаваў узгорак брамы, які быў каля ўваходу ў браму Егошуа, начальніка гораду, з левага боку ад гарадзкой брамы.
9 І сьвятарам узгоркаў забаранялася прыступаць да ахвярніка ГОСПАДА ў Ерусаліме, толькі маглі яны есьці праснакі між братоў сваіх.
10 І апаганіў ён Тафэт, што ў даліне Бэн-Гінном, каб ужо ніхто не праводзіў сына свайго або дачку праз агонь Малоха.
11 І загадаў прыбраць коней, якіх валадары Юды пасьвячалі сонцу, ад уваходу ў Дом ГОСПАДА каля жытла Натан-Мэлеха, эўнуха, якое на панадворку, і спаліў агнём калясьніцы сонца.
12 І ахвярнікі на даху пакоя Ахаза, якія зрабілі валадары Юды, і ахвярнікі, якія зрабіў Манаса ў абодвух панадворках Дому ГОСПАДА, валадар зьнішчыў, а пыл ад іх укінуў у ручай Кедрон.
13 І апаганіў ён узгоркі насупраць Ерусаліму з правага боку гары Аліўнай, якія Салямон, валадар Ізраіля, паставіў для Астарты, брыдоты Сідонцаў, і Кемоша, брыдоты Мааву, і Мількома, брыдоты сыноў Амона.
14 І паразьбіваў ён слупы, і высек сьвятыя гаі, і засыпаў месца іх косткамі чалавечымі.
15 І таксама ахвярнік, які быў у Бэтэлі, узгорак, зроблены Ерабаамам, сынам Навата, які ўцягнуў ў грэх Ізраіля, і вось, ахвярнік гэты і ўзгорак разваліў, і спаліў, і сьцёр у пыл, і спаліў Астарту.
16 І глянуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там былі на гары, і загадаў выняць косткі з магілаў і спаліць на ахвярніку, і апаганіць яго паводле слова ГОСПАДА, якое абвясьціў чалавек Божы, прадказаўшы падзеі гэтыя.
17 І спытаўся Ёсія: «Што гэта за помнік, які я бачу?» Адказалі яму жыхары гораду: «Гэта магіла чалавека Божага, які прыйшоў з Юды і прадказаў тое, што ты зрабіў з ахвярнікам у Бэтэлі».
18 І сказаў ён: «Пакіньце яго ў супакоі. Няхай ніхто не чапае костак ягоных». І косткі ягоныя пакінулі некранутымі разам з косткамі прарока, які прыйшоў з Самарыі.
19 І ўсе дамы ўзгоркаў, якія былі па гарадах Самарыі пабудаваныя валадарамі Ізраіля на зьнявагу ГОСПАДА, Ёсія разваліў і зрабіў з імі, як у Бэтэлі.
20 І пазабіваў ён усіх паганскіх сьвятароў узгоркаў, якія там былі пры ахвярніках, і папаліў на іх косткі іхнія, а пасьля вярнуўся ў Ерусалім.
21 І загадаў валадар усяму народу: «Сьвяткуйце Пасху ГОСПАДА, Бога вашага, як напісана ў кнізе Запавету гэтага».
22 Бо не была Пасха сьвяткаваная ад часоў судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля, і ўвесь час валадароў Ізраіля і валадароў Юды.
23 Толькі ў васямнаццатым годзе валадарвньня Ёсіі сьвяткавалі Пасху ГОСПАДА ў Ерусаліме.
24 Таксама Ёсія вынішчыў тых, якія выклікалі памёршых, і чараўнікоў, і зьнішчыў тэрафімы, ідалы і ўсе брыдоты, якія былі ў зямлі Юды і ў Ерусаліме, каб выканаць словы Закону, запісаныя ў кнізе, якую знайшоў сьвятар Хількія ў Доме ГОСПАДА.
25 Перад ім не было такога валадара, які б навярнуўся да ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, і ўсёю сілаю сваёй згодна з усім законам Майсея, і пасьля яго не зьявіўся падобны яму.
26 Аднак ГОСПАД не спыніў ярасьці гневу Свайго, які ўзгарэўся супраць Юды за ўсе зьнявагі, якія прычыніў Яму Манаса.
27 І сказаў ГОСПАД: «Нават Юду Я адкіну ад аблічча Майго, як Я адкінуў Ізраіля. І адкіну горад гэты, які Я выбраў, Ерусалім, і Сьвятыню, пра якую Я сказаў: “Там будзе імя Маё!”»
28 А іншыя дзеяньні Ёсіі і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
29 У дні ягоныя фараон Нэхо, валадар Эгіпту, пайшоў на валадара Асірыі на раку Эўфрат. І выйшаў супраць яго валадар Ёсія, і быў забіты ім у Мэгіддо, калі ўбачыў яго.
30 І павезьлі слугі яго мёртвым на калясьніцы з Мэгіддо, і прывезьлі ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магіле ягонай. А народ краіны ўзяў сына ягонага Егаахаза, і памазаў яго, і паставіў яго валадаром на месца бацькі ягонага.
31 Егаахаз меў дваццаць тры гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме толькі тры месяцы. Маці ягоная называлася Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны.
32 І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах ГОСПАДА, паводле ўсяго таго, што рабілі бацькі ягоныя.
33 І фараон Нэхо ўвязьніў яго ў Рыўлі, у зямлі Хамат, каб не валадарыў ён у Ерусаліме, і наклаў на краіну падатак — сто талентаў срэбра і талент золата.
34 І паставіў фараон Нэхо валадаром Эліякіма, сына Ёсіі, замест бацькі ягонага, Ёсіі, і зьмяніў імя ягонае на Егаякім. А Егаахаза ўзяў і завёў у Эгіпет, дзе ён і памёр.
35 І Егаякім дастаўляў фараону срэбра і золата, і мусіў ён ападаткаваць зямлю, каб дастаўляць срэбра паводле загаду фараона, і ад кожнага ў краіне паводле вызначанага падатку вымагаў срэбра і золата, каб даваць фараону Нэхо.
36 Егаякім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Маці ягоная называлася Зэбіда, дачка Пэдаі з Румы.
37 І рабіў ён тое, што ліхім было ў вачах ГОСПАДА, як рабілі бацькі ягоныя.

Другая кніга Валадароў, 23 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.