Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 14 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У другім годзе Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля, Амазія, сын Ёаша, стаў валадаром Юды.
2 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі пачаў валадарыць, і дваццаць дзевяць гадоў быў валадаром у Ерусаліме. Маці ягоная называлася Егааддан з Ерусаліму.
3 І хадзіў ён справядліва ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як Давід, бацька ягоны, і рабіў ён усё так, як бацька ягоны, Ёаш.
4 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаны, і народ складаў ахвяры крывавыя і кадзіў на ўзгорках.
5 І калі ўмацаваў ён уладу сваю, ён забіў слугаў сваіх, якія забілі валадара, бацьку ягонага.
6 Але сыноў іхніх не забіваў, паводле таго, што напісана ў Кнізе Закону Майсея, як загадаў ГОСПАД, кажучы: «Бацькі ня будуць пакараныя сьмерцю за сыноў, а сыны не памруць за правіны бацькоў, але кожны за грэх свой сьмерцю памрэ».
7 Ён пабіў Эдом у Даліне Солі, лікам дзесяць тысячаў, і захапіў Сэлю ў бітве, і назваў яе Ёктээль, і так ёсьць па сёньняшні дзень.
8 Тады Амазія паслаў пасланцоў да Егааша, сына Егаахаза, сына Егу, валадара Ізраіля, кажучы: «Прыйдзі і пабачымся!»
9 Але Егааш, валадар Ізраіля, перадаў Амазіі, валадару Юды, такі адказ: «Церне на Лібане пераслаў кедру на Лібане просьбу: “Дай дачку сваю сыну майму за жонку”. Але прыйшлі дзікія зьвяры, якія на Лібане, і вытаптапталі церне.
10 Ты пабіў Эдома і сэрца тваё ўзганарылася. Будзь сабе слаўны, але заставайся ў доме сваім! Навошта ты выклікаеш няшчасьце, каб упаў ты і Юда разам з табою?»
11 Але Амазія не паслухаў. І выйшаў Егааш, валадар Ізраіля, і ваявалі ён і Амазія, валадар Юды.
12 І Юда быў пабіты Ізраілем і ўцёк кожны ў намёт свой.
13 А Егааш злавіў Амазію, валадара Юды, сына Ёаша, сына Ахазіі, у Бэт-Шэмэшы і завёў яго ў Ерусалім, і зрабіў вылам у муры Ерусаліма ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў
14 і забраў усё золата і срэбра, і ўсе рэчы, якія знаходзіліся ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцах палацу валадарскага, і ўзяў закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
15 А астатнія дзеяньні Егааша, і мужнасьць ягоная, з якою ваяваў ён супраць Амазіі, валадара Юды, запісаная ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
16 І заснуў Егааш з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі разам з валадарамі Ізраіля. Пасьля яго стаў валадаром сын ягоны Ерабаам.
17 А Амазія, сын Ёаша, валадар Юды, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў пасьля сьмерці Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля.
18 А іншыя дзеяньні Амазіі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
19 І зрабілі супраць яго змову ў Ерусаліме, але ён уцёк у Ляхіш. І паслалі за ім у Ляхіш, і там забілі яго.
20 І прывезьлі яго коньмі, і быў ён пахаваны ў Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда.
21 А ўвесь народ Юды ўзяў Азарыю, які меў шаснаццаць гадоў, і паставілі яго валадаром на месца бацькі ягонага, Амазіі.
22 Ён умацаваў Элят і вярнуў яго Юдзе пасьля таго, як заснуў валадар з бацькамі сваімі.
23 У пятнаццатым годзе Амазіі, сына Ёаша, валадара Юды, Ерабаам, сын Егааша, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на сорак адзін год.
24 І дапускаўся ён ліхоты ў вачах ГОСПАДА, і не адвярнуўся ад усіх грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўводзіў у грэх Ізраіля.
25 Ён вярнуў межы Ізраіля ад уваходу ў Хамат і аж да мора Арабы паводле слова ГОСПАДА, Бога Ізраіля, якое сказаў Ён праз слугу Свайго Ёну, сына Амітая, прарока, які быў з Гат-Гахэфэру.
26 Бо бачыў ГОСПАД вялікае гора Ізраіля, бо не было ані нявольніка, ані вольнага, хто б дапамог Ізраілю.
27 І не захацеў ГОСПАД выкараніць імя Ізраіля з-пад неба, але ўратаваў яго рукою Ерабаама, сына Егааша.
28 А астатнія дзеяньні Ерабаама, і мужнасьць ягоная, з якой ён ваяваў і з якою вярнуў Ізраілю Дамаск і Хамат, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
29 І супачыў Ерабаам з бацькамі сваімі, валадарамі Ізраіля, а сын ягоны Захарыя стаў валадаром пасьля яго.

Другая кніга Валадароў, 14 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.