Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 17 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У дванаццатым годзе Ахаза, валадара Юды, Осія, сын Элы, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дзевяць гадоў.
2 І дапускаўся ён таго, што ліхім было перад ГОСПАДАМ, але ня так, як валадары Ізраіля, якія былі перад ім.
3 І выйшаў супраць яго Сальманэсэр, валадар Асірыі. І Осія падпарадкаваўся яму, і плаціў яму даніну.
4 Але валадар Асірыі выкрыў, што Осія думае паўстаць, бо ён паслаў весьнікаў да Со, валадара Эгіпецкага, і перастаў перасылаць даніну валадару Асірыі, як кожны год звычайна рабіў гэта. І ўзяў яго валадар Асірыі, і, зьвязанага, замкнуў у вязьніцы.
5 І прайшоў валадар Асірыі ўсю краіну, і прыйшоў пад Самарыю, і аблажыў яе, і трымаў яе ў аблозе тры гады.
6 У дзявятым годзе Осіі валадар Асірыі, здабыў Самарыю і перасяліў Ізраіля ў Асірыю, і пасяліў іх у Халаху, і ў Хаборы каля ракі Газан, і ў гарадах Мэдаў.
7 І сталася гэта, бо сыны Ізраіля грашылі перад ГОСПАДАМ, Богам сваім, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з рукі фараона, валадара Эгіпту, і пакланяліся багам чужым,
8 і сталі хадзіць па звычаю паганаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад сынамі Ізраіля, і па звычаю валадароў Ізраіля, якія рабілі тое самае.
9 І зьневажалі сыны Ізраіля ўчынкамі ліхімі ГОСПАДА, Бога свайго, і будавалі сабе ўзгоркі ў-ва ўсіх гарадах сваіх, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага гораду.
10 І паставілі яны сабе слупы і выявы Астарты на кожным высокім узгорку і пад кожным зялёным дрэвам.
11 І кадзілі яны там на ўсіх узгорках, як пагане, якіх ГОСПАД выгнаў перад абліччам іхнім, і дапускаліся найгоршых учынкаў, і гнявілі ГОСПАДА,
12 і служылі паганым ідалам, пра якіх ГОСПАД гаварыў ім, каб не рабілі гэтага.
13 І перасьцерагаў ГОСПАД Ізраіля і Юду праз усіх прарокаў Сваіх і ўсіх відушчых, кажучы: «Зьвярніце са шляхоў сваіх ліхіх і выконвайце прыказаньні Мае і пастановы Мае паводле ўсяго Закону, які Я даў бацькам вашым і які пераказаў вам праз слугаў Маіх, прарокаў».
14 Але яны ня слухалі і цьвёрдым зрабілі карак свой, як карак бацькоў іхніх, якія не хацелі верыць ГОСПАДУ, Богу свайму.
15 І адкінулі яны прыказаньні Ягоныя і запавет, які Ён заключыў з бацькамі іхнімі, і сьведчаньне, якое Ён даў ім, і ішлі за марнасьцямі і гідотаю, і ішлі ўсьлед за паганамі, якія былі навокал іх, пра якіх загадаў ім ГОСПАД, каб не рабілі яны так, як тыя робяць.
16 І занядбалі яны ўсе прыказаньні ГОСПАДА, Бога свайго, і зрабілі сабе літыя выявы, і двух цялят, і слуп, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Баалу,
17 і праводзілі сыноў сваіх і дачок сваіх праз агонь, і займаліся варажбою і чарамі, і дапускаліся таго, што ліхім было перад ГОСПАДАМ, і гнявілі Яго.
18 І моцна загневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і адкінуў іх ад аблічча Свайго, і нікога не засталося, толькі адно пакаленьне Юды.
19 Але і Юда не выконваў прыказаньняў ГОСПАДА, Бога свайго, і хадзіў паводле звычаяў Ізраільцянаў, як яны рабілі.
20 І ГОСПАД адкінуў усе пакаленьні Ізраіля, і прынізіў іх, і аддаў іх у рукі рабаўнікоў, аж пакуль зусім не адкінуў іх ад аблічча Свайго.
21 Бо Ізраіль адарваўся ад дому Давіда, і выбраў сабе валадаром Ерабаама, сына Навата, а Ерабаам адарваў Ізраіля ад ГОСПАДА і дазволіў ім грашыць грахом вялікім.
22 І сыны Ізраіля хадзілі ў-ва ўсіх грахах Ерабаама, якіх ён дапускаўся, і не пакідалі іх,
23 аж пакуль ГОСПАД не адкінуў Ізраіля ад аблічча Свайго, як прадказваў праз усіх слугаў Сваіх, прарокаў. І перасяліў Ён Ізраіля з зямлі іхняй у Асірыю аж да гэтага дня.
24 І валадар Асірыі перасяліў людзей з Бабілону, з Куты, з Аввы, з Хамату і з Сэфарваіму, і пасяліў іх у гарадах Самарыі замест сыноў Ізраіля. І яны прыйшлі ў Самарыю, і абжыліся ў ваколіцах ейных.
25 Калі яны там спачатку абжыліся, яны не баяліся ГОСПАДА. Але ГОСПАД напусьціў на іх ільвоў, якія забівалі іх.
26 І паведамлена было валадару Асірыі: «Народы, якія ты перасяліў і прымусіў жыць у гарадах Самарыі, ня ведаюць закону Бога зямлі той, і Ён напусьціў на іх ільвоў, і вось, яны забіваюць іх, бо яны ня ведаюць закону Бога зямлі той».
27 І валадар Асірыі загадаў: «Завядзіце туды аднаго са сьвятароў, якога адтуль забралі ў няволю. Няхай ён ідзе і жыве там, і няхай вучыць іх закону Бога зямлі той».
28 І адзін са сьвятароў, якога забралі ў няволю з Самарыі, абжыўся ў Бэтэлі, і вучыў іх, як яны маюць баяцца ГОСПАДА.
29 Кожны народ зрабіў сабе бога свайго, і ставілі іх у сьвятынях на ўзгорках, якія раней пабудавалі Самаране; кожны народ у мясцовасьцях сваіх, дзе жыў.
30 Так людзі з Бабілону зрабілі Сукот-Бэнота, а людзі з Куты зрабілі Нэргаля, а людзі з Хамату — Ашыму,
31 Жыхары Аввы зрабілі Нібхаза і Тартака; Сэфарваімцы палілі агнём дзяцей сваіх на хвалу Адрамэлеха і Анамэлеха, багоў Сэфарваіму.
32 І таксама служылі яны ГОСПАДУ, і спаміж сваіх паставілі яны сьвятароў узгоркаў, якія складалі там ахвяры.
33 І служылі яны ГОСПАДУ, і таксама ідалам сваім па звычаю тых народаў, з якіх былі яны пераселеныя ў Самарыю.
34 Аж да сёньняшняга дня робяць яны па старых звычаях, і не баяцца ГОСПАДА, не захоўваюць пастановаў Ягоных і прыказаньняў, Закону і загадаў, якія даў ГОСПАД сынам Якуба, якога назваў Ізраілем.
35 І заключыў ГОСПАД з імі запавет, і загадаў ім: «Не ўшаноўвайце багоў чужых і не пакланяйцеся ім, і не служыце ім, і не складайце ахвяраў ім.
36 Але ГОСПАДА, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай сілай вялікаю і рукой магутнаю, Яго бойцеся, Яго слаўце і Яму ахвяры складайце.
37 І пастановы Ягоныя, і загады, Закон і прыказаньні, якія Ён напісаў вам, выконвайце заўсёды, а багоў чужых ня бойцеся.
38 І не забывайцеся пра запавет, які Я заключыў з вамі, і ня бойцеся багоў чужых,
39 але ГОСПАДА, Бога вашага, бойцеся, і Ён выратуе вас з рук усіх ворагаў вашых».
40 Але яны не паслухалі, а рабілі ўсё па даўнейшым звычаі сваім.
41 І вось, гэтыя народы баяліся ГОСПАДА, але таксама служылі ідалам сваім. І таксама дзеці іхнія, і дзеці дзяцей іхніх робяць так, як бацькі іхнія, аж да сёньняшняга дня.

Другая кніга Валадароў, 17 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.