Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 4 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Адна ўдава спасярод жонак сыноў прарокаў клікала Элісэя, кажучы: «Мой муж, слуга твой, памёр. А ты ведаеш, што слуга твой баяўся ГОСПАДА. Але вось, прыйшоў ліхвяр, каб забраць сабе абодвух дзяцей маіх у нявольнікі».
2 Элісэй сказаў ёй: «Чым мог бы я табе дапамагчы? Скажы мне, што маеш у доме сваім?» Яна адказала: «Служка твая ня мае ў доме анічога, апрача збанка з алеем».
3 І сказаў ён: «Ідзі, пазыч сабе посуд у-ва ўсіх суседзяў сваіх, посуд пусты, і набяры яго нямала.
4 І вярніся, і замкні дзьверы за сабою і сынамі сваімі, і налівай у-ва ўсе гэтыя пасудзіны, а напоўненыя адстаўляй».
5 Яна пайшла ад яго, замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі, і яны падносілі ёй посуд, а яна налівала.
6 Калі ўвесь посуд быў поўны, сказала яна сыну свайму: «Прынясі мне яшчэ посуд». Але ён адказаў: «Ня маю больш посуду». І спыніўся алей.
7 І пайшла яна, і сказала пра гэта чалавеку Божаму. А ён сказаў ёй: «Ідзі, прадай алей і вярні доўг пазычальніку твайму. А ты і сыны твае жывіце з таго, што засталося».
8 Аднаго дня Элісэй праходзіў праз Шунам. Была там багатая жанчына, якая затрымала яго, каб паеў хлеба. Колькі разоў ён там праходзіў, заходзіў туды падсілкавацца хлебам.
9 І сказала яна мужу свайму: «Я перакананая, што чалавек Божы, які часта праходзіць каля нас, — сьвяты.
10 Дык падрыхтуем малы пакойчык яму, паставім у ім ложак, стол, услончык і сьвечнік, каб, калі зойдзе да нас, застаўся там».
11 Аднойчы зайшоў ён туды, і падняўся ў верхні пакойчык, і там заначаваў.
12 І сказаў ён слузе свайму Гехазію: «Пакліч Шунаміцянку гэтую». Ён паклікаў яе, і яна стала перад ім.
13 І сказаў Элісэй слузе: «Скажы ёй: “Вось, ты так рупліва служыла нам у-ва ўсім. Што хочаш, каб я аднагародзіў табе? Можа, заступіцца за цябе перад валадаром або перад начальнікам войска?”» Яна адказала: «Я жыву паміж народу свайго».
14 Ён працягваў: «Дык што можна зрабіць для яе?» Гехазі адказаў: «Нажаль, яна ня мае сына, а муж ейны ўжо стары».
15 Элісэй сказаў: «Пакліч яе!» І ён паклікаў яе, і яна стала каля дзьвярэй.
16 Ён сказаў: «У гэтую пару праз год будзеш песьціць сына». Яна адказала: «О, гаспадару мой, чалавек Божы, не падманвай служкі тваёй».
17 Але жанчына зачала і нарадзіла сына праз год у тую самую пару, як сказаў ёй Элісэй.
18 І рос той хлопец. Аднойчы пайшоў ён да бацькі свайго, да жняцоў,
19 і сказаў ён бацьку свайму: «Галава мая! Галава мая!» Бацька загадаў слузе: «Забяры яго да маці!»
20 Забраў яго слуга і завёў да маці ягонай. І ён сядзеў на каленях у яе да паўдня, і памёр.
21 Яна пайшла і палажыла яго ў ложак чалавека Божага, замкнула за сабой дзьверы і выйшла.
22 І паклікала яна мужа свайго, і сказала: «Прыйшлі мне, прашу, аднаго са слугаў і асьліцу, каб пайшла я да чалавека Божага, а пасьля вярнуся».
23 Ён сказаў ёй: «Чаму ідзеш да яго сёньня? Не маладзік [цяпер], ані субота?» Але яна сказала: «Добра».
24 І, асядлаўшы асьліцу, сказала слузе свайму: «Вядзі і ідзі! Не затрымоўвайся ў дарозе, пакуль не скажу табе».
25 І паехала, і прыйшла да чалавека Божага на гару Кармэль. Калі чалавек Божы ўгледзеў яе здалёк, сказаў слузе свайму Гехазію: «Гэта тая Шунаміцянка.
26 Пабяжы на спатканьне ёй і спытай ў яе: “Ці здаровая ты? Ці здаровы муж твой? Ці здаровы сын твой?”» Яна адказала: «Здаровыя».
27 І прыйшла яна на гару да чалавека Божага, і абняла ногі ягоныя, а Гехазі падыйшоў, каб адпіхнуць яе, але сказаў яму чалавек Божы: «Пакінь яе, бо душа ейная ў горы вялікім, а ГОСПАД схаваў гэта ад мяне і не паведаміў мне».
28 Яна ж сказала: «Ці я прасіла гаспадара майго пра сына? Ці ж я не казала: “Не падманвай мяне”?»
29 І Элісэй сказаў Гехазію: «Перапаяшы сьцёгны твае, вазьмі кій мой і ідзі! Калі напаткаеш каго, не вітайся з ім, а калі цябе хто прывітае, не адказвай яму. І пакладзеш кій мой на хлопца».
30 Але маці хлопца сказала: «На жыцьцё ГОСПАДА і на жыцьцё тваё, не пакіну цябе!» І Элісэй устаў, і пайшоў з ёю.
31 А Гехазі выперадзіў іх і палажыў кій на хлопца, але не было ані голасу, ані знаку жыцьця. І Гехазі вярнуўся да яго, і паведаміў яму, кажучы: «Хлопец не прачнуўся».
32 І ўвайшоў Элісэй у дом, а хлопец ляжаў мёртвы на ложку ягоным.
33 І ўвайшоў ён, і замкнуў дзьверы за сабою, і маліў ГОСПАДА.
34 І падыйшоў, і лёг на хлопца, і прытуліў вусны свае да вуснаў хлопца, і вочы свае — да вачэй ягоных, і рукі свае – да рук ягоных, і прытуліўся да яго, і сагрэлася цела хлопца.
35 І зноў хадзіў ён па доме ўзад і ўперад, і вяртаўся назад, і прытуліўся да яго, і хлопец пазяхнуў сем разоў і расплюшчыў вочы свае.
36 І паклікаў [Элісэй] Гехазія, і сказаў яму: «Пакліч Шунаміцянку сюды». І той паклікаў яе, і яна ўвайшла да яго, і ён сказаў: «Вазьмі сына твайго».
37 І яна увайшла, і ўпала да ног ягоных, і пакланілася да зямлі, і ўзяла сына свайго, і выйшла.
38 А Элісэй вярнуўся ў Гільгал. І быў голад у той зямлі. І калі сыны прарокаў сядзелі пры ім, ён сказаў слузе свайму: «Пастаў вялікі кацёл і звары поліўку для сыноў прарокаў».
39 І выйшаў адзін з іх у поле назьбіраць зеляніны. І знайшоў ён дзікую расьліну павітуху, і назьбіраў з яе дзікіх пладоў, і напоўніў імі плашч свой. І вярнуўся ён, і накідаў іх у кацёл з поліўкай. А ён ня ведаў, што гэта была за расьліна.
40 І налілі людзям есьці. І калі яны пакаштавалі стравы, закрычалі ўголас: «Сьмерць у катле, чалавек Божы!» І не маглі есьці.
41 Ён сказаў: «Прынясіце мукі». І насыпаў ён яе ў кацёл, і сказаў: «Налі людзям, і няхай ядуць». І ўжо ў катле не было нічога атрутнага.
42 І прыйшоў нейкі чалавек з Баал-Шалішу, і прынёс чалавеку Божаму хлеб з пяршынаў: дваццаць хлябоў ячменных і сьвежае збожжа ў мяху. І загадаў Элісэй: «Дай людзям, і няхай яны ядуць».
43 Але слуга ягоны адказаў: «Як я пакладу гэта сотні людзей?» А ён сказаў: «Дай людзям, і няхай ядуць, бо так загадаў ГОСПАД: “Ешце і застанецца яшчэ”».
44 І ён даў ім, і яны наеліся, і яшчэ засталося паводле слова ГОСПАДА.

Другая кніга Валадароў, 4 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.