Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 14 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У той час захварэў сын Ерабаама, Абія.
2 І сказаў Ерабаам жонцы сваёй: «Зьмяні выгляд свой, каб не пазналі, што ты — жонка Ерабаама, і ідзі ў Шыло. Там ёсьць Ахія, які сказаў мне, што я буду валадаром над народам гэтым.
3 І вазьмі з сабою дзесяць хлябоў, аладкі і збан мёду, і ідзі да яго. Ён скажа табе, што станецца з хлопцам».
4 І зрабіла жонка Ерабаама, як ён сказаў. І ўстала яна, і пайшла ў Шыло, і прыйшла ў дом Ахіі. А Ахія ня мог бачыць, бо сьцямнелі вочы ягоныя дзеля старасьці.
5 І сказаў ГОСПАД Ахіі: «Вось, прыходзіць жонка Ерабаама, каб спытацца адносна сына свайго, які хварэе. Вось так скажаш ёй. Калі ўвойдзе, яна будзе пераапранутая».
6 І калі Ахія пачуў шоргат ног ейных, калі яна ўваходзіла, сказаў: «Уваходзь, жонка Ерабаама. Чаму ты пераапранулася? Я — суровы пасланьнік для цябе.
7 Ідзі і скажы Ерабааму: “Вось што сказаў ГОСПАД, Бог Ізраіля. За тое, што Я ўзвысіў цябе спасярод народу, зрабіў цябе правадыром над народам Маім, Ізраілем,
8 і адарваў валадарства ад дому Давіда, і даў яго табе, але ты ня быў верны як слуга Мой Давід, які захоўваў прыказаньні Мае і хадзіў за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі добрае ў вачах Маіх,
9 і рабіў ты горш за ўсіх, якія былі перад табой, і пайшоў, і нарабіў сабе багоў чужых і балваноў літых, каб разгневаць Мяне, а ад Мяне адвярнуўся.
10 дзеля таго Я навяду на дом Ерабаама ўсякае ліха, і выб’ю з роду Ерабаама ўсіх мужчынскага роду, ад нявольніка да вольнага ў Ізраілю, і вымяту рэшткі дому Ерабаама, як вымятаецца сьмецьце, аж не застанецца нічога.
11 Хто ў Ерабаама памрэ ў горадзе, тых паядуць сабакі, а хто памрэ на полі, тых пажаруць птушкі паднебныя. Гэта сказаў ГОСПАД”.
12 А ты ўстань і вяртайся ў дом свой, і пры самым прыходзе тваім ў горад памрэ хлопец,
13 і будзе плакаць над ім увесь Ізраіль, і пахавае яго, бо толькі ён з роду Ерабаама ўвойдзе ў магілу, бо з роду Ерабаама толькі ў ім знайшлося нешта мілае ГОСПАДУ, Богу Ізраіля.
14 І паставіць ГОСПАД Сабе валадара над Ізраілем, які выгубіць дом Ерабаама.
15 І ўдарыць ГОСПАД Ізраіля, што будзе ён як трысьнёг на вадзе, і выганіць Ізраіля з гэтай добрай зямлі, якую Ён даў бацькам іхнім, і пераселіць іх за раку за тое, што яны парабілі сабе ідалаў, каб гнявіць ГОСПАДА.
16 І пакіне ГОСПАД Ізраіля дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў у грэх Ізраіля».
17 І ўстала жонка Ерабаама, і пайшла, і прыйшла ў Тырцу. І калі яна пераступала парог дому, памёр хлопец.
18 І пахавалі яго, і галасіў над ім увесь Ізраіль паводле слова ГОСПАДА, якое Ён сказаў праз слугу Свайго, прарока Ахію.
19 Іншыя дзеяньні Ерабаама, як ён ваяваў і як валадарыў, апісаны ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
20 Час валадараньня Ерабаама трываў дваццаць два гады. І супачыў ён з бацькамі сваімі. Пасьля яго валадарыў сын ягоны Надаў.
21 У той час Рэхабаам, сын Салямона, быў валадаром у Юдзе. Сорак адзін год было Рэхабааму, калі ён пачаў валадарыць, і сямнаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў ГОСПАД з усіх пакаленьняў Ізраіля, каб там было імя Ягонае. Імя маці ягонай — Наама, Аманіцянка.
22 І Юда дапускаўся ліхоты перад ГОСПАДАМ, і гнявілі яны ГОСПАДА больш, чым бацькі іхнія, грахамі сваімі, якіх дапускаліся.
23 І будавалі яны сабе ўзгоркі, слупы і Астартаў на кожным высокім узгорку і пад кожным зялёным дрэвам.
24 І пачалася таксама распуста ў зямлі той, і дапускаліся яны ўсякай брыдоты народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам Ізраіля.
25 Дзеля таго ў пятым годзе валадара Рэхабаама пайшоў супраць Ерусаліму Шышак, валадар Эгіпту.
26 Ён зрабаваў каштоўнасьці сьвятыні ГОСПАДА і багацьці валадарскія, і ўсё забраў, таксама ўсе шчыты залатыя, якія зрабіў Салямон.
27 На мейсца іх валадар Рэхабаам зрабіў шчыты мядзяныя і перадаў іх ў рукі начальнікаў варты, якая пільнавала ўваход у палац валадарскі.
28 І пасьля, кожны раз, калі валадар уваходзіў у сьвятыню ГОСПАДА, уносіла іх варта, а потым зноў адносіла іх у збраёўню варты.
29 Іншыя дзеяньні Рэхабаама і ўсё, што ён рабіў, заспісана ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
30 А вайна паміж Рэхабаамам і Ерабаамам працягвалася ўвесь час.
31 І супачыў Рэхабаам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда. Маці ягоная мела на імя Наама, Аманіцянка. А пасьля яго валадаром стаў сын ягоны, Абіям.

Першая кніга Валадароў, 14 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.