Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 50 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 I ўпаў Язэп на аблічча бацькі свайго, і плакаў над ім, і цалаваў яго.
2 I загадаў Язэп слугам сваім лекарам забальсамаваць бацьку ягонага; і забальсамавалі лекары Ізраіля.
3 I прайшло сорак дзён, бо столькі вымагаецца дзён на бальсамаваньне. I плакалі па ім Эгіпцяне семдзясят дзён.
4 I мінулі дні плачу па ім, і прамовіў Язэп дому фараона, кажучы: «Калі я знайшоў ласку ў вачах вашых, скажыце, калі ласка, у вушы фараону, кажучы:
5 “Бацька мой узяў з мяне прысягу, кажучы: "Вось, я паміраю. У магіле маёй, якую я выкапаў у зямлі Ханаан, там пахавай мяне". I цяпер я ўзыйду, і пахаваю бацьку свайго, і вярнуся”».
6 I сказаў фараон: «Узыйдзі і пахавай бацьку твайго, як ён узяў у цябе прысягу».
7 I ўзыйшоў Язэп хаваць бацьку свайго; і ўзыйшлі з ім усе слугі фараона, старшыні дому ягонага, і ўсе старшыні зямлі Эгіпецкае,
8 і ўвесь дом Язэпа, і браты ягоныя, і дом бацькі ягонага. Толькі дзяцей сваіх, і авечак сваіх, і валоў сваіх пакінулі ў зямлі Гашэн.
9 I ўзыйшлі з ім таксама калясьніцы і вершнікі, і быў табар вельмі вялікі.
10 I прыйшлі яны ў Гарэн-Гаатад на другім баку Ярдану, і галасілі там галашэньнем вялікім і вельмі жалосным; і ўчыніў [Язэп] жалобу па бацьку сваім сем дзён.
11 I ўбачылі жыхары зямлі той, Хананейцы, жалобу ў Гарэн-Гаатадзе, і сказалі: «Гэта вялікая жалоба ў Эгіпцянаў!» Дзеля гэтага назвалі імя яго: Абэль-Міцраім, які на другім баку Ярдану.
12 I зрабілі сыны [Якуба] з ім так, як ён загадаў ім.
13 I занесьлі яго сыны ягоныя ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры на полі Махпэля, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасьць на пахаваньне ў Эфрона Хета, насупраць Мамрэ.
14 I вярнуўся Язэп пасьля пахаваньня ім бацькі свайго ў Эгіпет, ён і браты ягоныя, і ўсе, што ўзыходзілі з ім хаваць бацьку ягонага.
15 I бачылі браты Язэпа, што памёр бацька іхні, і сказалі: «А што, калі зьненавідзіць нас Язэп і адплочваючы, адплоціць нам за ўсё тое ліха, якое мы яму зрабілі?»
16 I загадалі яны сказаць Язэпу, кажучы: «Бацька твой загадаў перад сьмерцю сваёю, кажучы:
17 “Гэтак скажыце Язэпу: "Даруй, прашу, правіну братоў тваіх і грэх іхні, бо ліха зрабілі яны табе". I цяпер даруй, прашу, слугам Бога бацькі твайго”». I плакаў Язэп дзеля [гэтых] словаў да яго.
18 I прыйшлі таксама браты ягоныя, і ўпалі перад абліччам ягоным, і сказалі: «Вось, мы — слугі для цябе».
19 I сказаў ім Язэп: «Ня бойцеся! Хіба я замест Бога?
20 I вы надумалі ліха супраць мяне, але Бог надумаў гэта на дабро, каб зрабіць так, як ёсьць сёньня, каб захаваць жыцьцё вялікаму народу.
21 І цяпер ня бойцеся, я буду карміць вас і дзяцей вашых». I суцяшаў іх, і прамаўляў да сэрцаў іхніх.
22 I пасяліўся Язэп у Эгіпце, ён і дом бацькі ягонага. І жыў Язэп сто дзесяць гадоў.
23 I бачыў Язэп у Эфраіма сыноў да трэйцяга пакаленьня, таксама сыны Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на каленях Язэпа.
24 I сказаў Язэп братам сваім: «Я паміраю, але Бог, наведваючы, наведае вас і вывядзе вас з зямлі гэтай у зямлю, пра якую прысягаў Абрагаму, Ісааку і Якубу».
25 I ўзяў Язэп прысягу ў сыноў Ізраіля, кажучы: «Бог, наведваючы, наведае вас, і вы вынясіце косткі мае адгэтуль».
26 I памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. I забальсамавалі яго, і палажылі ў дамавіну ў Эгіпце.

Кніга Быцьцё, 50 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.