Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 12 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сказаў ГОСПАД Абраму: «Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе.
2 І Я зраблю з цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і ўзьвялічу імя тваё, і будзеш ты дабраславенствам.
3 І Я дабраслаўлю тых, якія будуць дабраслаўляць цябе, а тых, якія будуць праклінаць цябе, Я пракляну. І будуць дабраслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі».
4 І пайшоў Абрам, як загадаў яму ГОСПАД, і з ім пайшоў Лёт. Абрам меў семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану.
5 І ўзяў Абрам Сарай, жонку сваю, і Лёта, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую прыдбалі, і слугаў, якіх набылі ў Харане, і выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі яны ў зямлю Ханаан.
6 І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Марэ. А ў той зямлі [жылі] тады Хананейцы.
7 І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў: «Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю». І ён збудаваў там ахвярнiк ГОСПАДУ, Які зьявіўся яму.
8 Адтуль перайшоў ён на гору на ўсход ад Бэтэлю і паставіў намёт свой, [маючы] Бэтэль на захадзе, а Гай на ўсходзе. І там збудаваў ахвярнiк ГОСПАДУ, і заклікаў імя ГОСПАДА.
9 І вандраваў Абрам далей, і павандраваў у Нэгеў.
10 І стаўся голад у той зямлі. І зыйшоў Абрам у Эгіпет, каб пажыць там, бо вялікі голад быў у той зямлі.
11 І сталася, калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй Сарай: «Вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая,
12 і станецца, калі ўбачаць цябе Эгіпцяне і скажуць: “Гэта жонка яго”, заб’юць мяне, а цябе пакінуць.
13 Дык кажы, што ты — сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы дзякуючы табе».
14 І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, ўбачылі Эгіпцяне, што [Сарай] вельмі прыгожая жанчына.
15 І ўбачылі яе князі фараона, і хвалілі яе перад фараонам. І была ўзятая жанчына ў дом фараона.
16 А Абраму было добра дзеля яе. І сталася, што атрымаў ён авечак і валоў, і аслоў, і слугаў, і нявольніцаў, і асьліцаў, і вярблюдаў.
17 І наведаў ГОСПАД фараона і дом ягоны вялікімі карамі з прычыны Сарай, жонкі Абрама.
18 І паклікаў фараон Абрама, і сказаў [яму]: «Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна — жонка твая?
19 Чаму ты казаў: “Яна — сястра мая”, і я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры і ідзі!»
20 І загадаў фараон людзям сваім, і яны выслалі [Абрама], і жонку ягоую, і ўсё, што ён меў.

Кніга Быцьцё, 12 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.