Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Евангеля Мацьвея | 23 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Тады Ісус пачаў гукаць грудом а вучанікам Сваім,
2 Кажучы: «На пасадзе Масеявым селі кніжнікі а фарысэі;
3 Дык усе, што-лень яны кажуць вам дзяржаць, дзяржыце й рабіце; але подле ўчынкаў іхных не рабіце, бо яны кажуць, а ня робяць:
4 Вяжуць цяжары цяжкія а нязручныя і кладуць на плечы людзём, а самы ня хочуць і палцам крануць іх;
5 Усі ж учынкі свае робяць, каб бачылі іх людзі; пашыраюць начэльнікі і доўжаць кутасы адзецьцяў сваіх;
6 I любяць першыя месцы на чэсьцях, і пярэднія лаўкі ў бажніцах,
7 I здарованьні на рынках, і каб звалі іх людзі: ‘Раббі, раббі!’
8 А вы не завіцеся рабінамі, бо адзін правадыр у вас — Хрыстос, усі ж вы — браты;
9 I айцом не завіце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, каторы на нябёсах;
10 I не завіцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстос.
11 Вялікшы з вас хай будзе вам слуга;
12 Бо хто павышае сябе, тый паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, тый павышаны будзе.
13 «Бяда вам кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, бо замыкаеце гаспадарства нябёснае перад людзьмі; бо самы ня ўходзіце і тых, што хочуць увыйсьці, ня пушчаеце.
14 Бяда вам кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што зьядаеце дамы ўдовіны, ды пад прыклепам даўгое малітвы, — за тое адзяржыце большае засуджэньне.
15 Бяда вам кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб прыдбаць аднаго новага верніка; і як ён стане таковым, робіце яго сынам ґегенны, удвая горшым за сябе.
16 «Бяда вам, правадыры нявісныя, каторыя кажаце: ‘Калі хто прысягае на дом Божы, то дарма; а калі хто прысягае золатам дому Божага, то вінен’.
17 Дурныя а нявісныя! што большае: золата ці дом Божы, пасьвячаючы золата?
18 Таксама: ‘Калі хто прысягае на аброчнік, то дарма; калі ж хто прысягае на дар, што на ім, то вінен’.
19 Дурныя а нявісныя і што большае: дар ці аброчнік, пасьвячаючы дар?
20 Дык хто прысягае на аброчнік, прысягае на яго і на ўсе, што на ім;
21 I хто прысягае на дом Божы, прысягае на яго й Жывучага ў ім;
22 I хто прысягае на неба, прысягае на пасад Божы і Седзячага на ім.
23 «Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што даіце дзесяціну зь мяты, кропу а кмену, і пакінулі цяжшае ў Законе: суд, міласэрдзе а веру; гэта належыла рабіць, і гэнага не пакідаць.
24 Правадыры нявісныя, што цэдзіце камара, а вярблюда глытаеце!
25 «Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што чысьціце звонку коўні а місы, прымеж таго ўнутры поўныя дзярлівасьці а няўзьдзержлівасьці.
26 Фарысэю нявісны! ачысьці ўперад нутр коўні а місы, каб чыстай была й навоннасьць іх.
27 «Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што падобныя да пабяляных грабоў, каторыя знадворку здаюцца харошыя, а ўнутры поўныя касьцей памерлых і ўсялякае брыды.
28 Гэтак і вы з выгляду здаіцеся людзём справядлівымі, а ўнутры поўныя двудушнасьці а бяспраўя.
29 «Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што становіце грабы прарокам, і прыбіраеце помнікі справядлівых,
30 I кажаце: ‘Калі б мы былі за дзён айцоў нашых, то ня былі б сябрамі іх у крыві прарокаў’.
31 Гэткім парадкам вы самы на сябе сьветчыце, што вы сынове тых, каторыя прарокаў пазабівалі.
32 Дапаўняйце ж і вы меру айцоў сваіх.
33 «Гады, родзе, яшчарыны! як уцячыцевы ад засуджэньня да Ґегенны?
34 «Затым, вось, Я пасылаю да вас прарокаў а мудрыцоў а кніжнікаў; і вы іншых заб'іце а ўкрыжуеце, а іншых будзеце біць у школах сваіх і гнаць ізь места да места.
35 Так прыйдзе на вас уся кроў справядлівая, разьлітая на зямлі, ад крыві Авеля справядлівага аж да крыві Захары Варашонка, каторага вы забілі памеж дому Божага і аброчніка.
36 Запраўды кажу вам, усе гэта прыйдзе на род гэты.
37 «Ерузаліме, Ерузаліме, што забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе; колькі разоў Я хацеў зьберці дзеці твае, як кураводка зьбірае кураняты свае пад крылы, і вы не захацелі!
38 Вось, застанецца вам дом вашы пусты.
39 Бо кажу вам: ніяк не абачыце Мяне адгэтуль, пакуль не гукніце: ‘Шчасьлівы Йдучы ў імя Спадарова!’»

Евангеля подле сьвятога Мацьвея, 23 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.