Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Прыповесьцяў | 31 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Што, сыне мой? Што, сыне жывата майго? Што, сыне абяцаньняў маіх?
2 Не давай жанчынам сілы тваёй, ані шляхоў тваіх нішчыцелькам валадароў.
3 Не валадарам, Лемуэлю, не валадарам піць віно, і не князям — сікеру,
4 каб не напіліся і не забыліся яны на напісанае, і каб не скрыві́лі суд для ўсіх прыгнечаных.
5 Дайце сікеру таму, хто гіне, а віно — засмучаным душою.
6 Няхай вып’е такі і забудзецца на бядоту сваю, і ня памятае больш цяжару свайго.
7 Адчыні вусны твае дзеля нямых, дзеля абароны ўсіх сіротаў.
8 Адчыні вусны твае, судзі праведна, абараняй прыгнечанага і беднага.
9 Хто знойдзе жонку дабрадзейную? Яна даражэй за пэрліны.
10 Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і ён не застанецца без прыбытку.
11 Яна дае яму дабро, а ня зло, у-ва ўсе дні жыцьця свайго.
12 Шукае яна воўну і лён, і ахвотна працуе рукамі сваімі.
13 Яна падобная да караблёў купецкіх, здалёк прыносіць хлеб свой.
14 І ўстае яна сярод ночы, і раздае ежу ў доме сваім, і належнае служкам сваім.
15 Падумае яна пра поле, і купляе яго, з плоду рук сваіх закладае вінаграднік.
16 Яна падпярэзвае моцаю сьцёгны свае і ўмацоўвае рамёны свае.
17 Яна адчувае, што добры занятак яе, і сьветач яе ня тухне і ўначы.
18 Працягвае ру́кі свае да кудзе́лі, а далоні яе трымаюць верацяно.
19 Далоні свае адкрывае прыгнечанаму, і руку́ сваю працягвае беднаму.
20 Не баіцца сьцюжы для дому свайго, бо ўвесь дом яе ў кармазы́н апрануты.
21 Дываны́ яна робіць сабе, вісон і пурпур — адзеньне яе.
22 У брамах [гораду] вядомы муж ейны, калі сядзіць сярод старшыняў зямлі.
23 Робіць яна палатніну, і продае яе, і дастаўляе паясы купцам Хананейскім.
24 Сіла і велічнасьць — адзеньне яе, і радуецца яна дню, што прыходзіць.
25 Яна адкрывае вусны свае з мудрасьцю, і міласэрнае настаўленьне на языку ў яе.
26 Яна пільнуе шэсьце дому свайго і ня есьць хлеба гультайства.
27 Устаюць дзеці ейныя, і называюць шчасьлівай яе, і муж ейны хва́ліць яе:
28 «Шмат было жанчынаў дабрадзейных, але ты пераўзыйшла іх усіх!»
29 Прывабнасьць падманлівая і прыгажосьць марная, але жанчына, якая баіцца ГОСПАДА, годная пахвалы.
30 Дайце ёй з пладоў рук ейных, і няхай справы яе ў брамах [гораду] хваляць яе.

Кніга Прыповесьцяў, 31 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.