Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Прыповесьцяў | 30 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Бо я найдурнейшы між людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,
2 не навучыўся я мудрасьці і ведаў сьвятых ня ведаю.
3 Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у жменю сваю? Хто зьвязаў воды ў адзежу? Хто ўмацаваў усе канцы зямлі? Якое імя яго і якое імя сына ягонага, ці ведаеш ты?
4 Усе словы Бога чыстыя [ад дамешкаў], Ён — шчыт для тых, што маюць у Ім надзею.
5 Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе і ня стаўся ты падманшчыкам.
6 Дзьве рэчы прашу ў Цябе, не адмаўляй мне перш, чым памру:
7 марнасьць і слова хлусьлівае аддалі ад мяне, ані беднасьці, ані багацьця не давай мне, сыць мяне хлебам, вызначаным для мяне,
8 каб я, насыціўшыся, ня выракся Цябе і не сказаў: «Хто ГОСПАД?», або каб, зьбяднеўшы, ня стаў красьці і ганьбіць імя Бога майго.
9 Не ачарняй слугі́ перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты ня стаўся вінаватым.
10 [Ёсьць] пакаленьне, якое праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваю,
11 пакаленьне, якое чыстае ў вачах сваіх, але не абмытае ад бруду свайго,
12 пакаленьне, у якога пыхлівыя вочы і павекі ўзьнятыя,
13 пакаленьне, у якога зубы — мячы, а сківіцы — нажы, каб есьці ўцісьнёных на зямлі і гаротных між людзей.
14 У п’яўкі дзьве дачкі: «давай» і «давай». Вось тры ненасытныя і чатыры, якія ня скажуць: «Досыць»:
15 адхлань і чэрава няплоднае, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «Досыць».
16 Вока, якое зьдзекуецца з ба́цькі і пагарджае паслухмянасьцю маці, выдзяўбаюць груганы над ракою і зьядуць арляняты.
17 Вось тры [рэчы], дзівосныя для мяне, і чатырох не разумею:
18 шляху арла ў небе, шляху зьмяі на скале, шляху карабля сярод мора і шляху мужчыны да дзяўчыны.
19 Такі самы шлях жанчыны чужаложнай: зьела, абцёрла вусны свае і кажа: «Я не зрабіла благога».
20 Дзеля трох трасецца зямля, і чатырох яна зьнесьці ня можа:
21 слугі́, калі ён валадарыць, бязглуздага, калі ён насычаецца хлебам,
22 ганебнай жанчыны, калі яна замуж выходзіць, і нявольніцы, калі яна спадку́е па гаспадыні сваёй.
23 Вось чатыры малыя на зямлі, але яны мудрэйшыя за мудрых:
24 мурашкі — народ ня моцны, але летам назапашваюць хлеб свой,
25 горныя мышы — народ не магутны, але стаўляюць дамы свае на скале,
26 няма валадара ў саранчы, але ўсе выходзяць шыхтавана,
27 павук лапкамі чапляецца, але вось, ён у палацы валадара.
28 Вось трое крочаць паважна, і чацьвёра паважна ходзяць:
29 леў, магутнейшы між зьвярамі, ні перад кім не саступае,
30 конь асядланы, і казёл, і валадар, супраць якога ніхто не паўстане.
31 Калі вывышаешся бяздумна або калі задумаў ліхое, [палажы] руку сваю на вусны.
32 Бо хто зьбівае малако, атрымае масла, і хто ўдарыць у нос, атрымае кроў, а хто выклікае гнеў, атрымае сварку.

Кніга Прыповесьцяў, 30 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.