Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Прыповесьцяў | 27 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Няхай іншы хва́ліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае.
2 Камень цяжкі і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
3 Нястрымны гнеў і бязьлітасная ярасьць, але хто ўстаіць перад зайздрасьцю?
4 Лепш адкрытае дакараньне, чым схаваная любоў.
5 Раны ад таго, хто любіць, [выказваюць] вернасьць, але шматлікія пацалункі ненавісьніка.
6 Душа насычаная топчацца па мёдзе, а душы галоднай усё горкае салодкае.
7 Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так чалавек, які пакідае месца сваё.
8 Алей і кадзі́ла радуюць сэрца, а салодкасьць бліжняга — у пара́дзе ад душы.
9 Не пакідай бліжняга твайго і бліжняга ба́цькі твайго, і ў дом брата твайго не хадзі ў дзень няшчасьця твайго, бо лепш сусед блізка, чым брат далёка.
10 Будзь мудры, сыне мой, і ўзрадуй сэрца маё, каб мог я адказаць таму, хто зьневажае мяне.
11 Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.
12 Забяры адзеньне яго, бо ён паручы́ўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.
13 Таму, хто рана раніцаю гучным голасам дабраслаўляе бліжняга свайго, палічаць гэта за праклён.
14 Няспыннае ка́паньне [праз дах] у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — аднолькавыя.
15 Хто [спрабуе] схаваць яе, хавае вецер і пахкі алей у правай руцэ сваёй, які выдае сябе.
16 Жалеза жалезам вострыцца, а чалавек вострыць аблічча бліжняга свайго.
17 Хто даглядае дрэва фігавае, будзе есьці плады яго, а хто пільнуецца гаспадара свайго, будзе ў пашане.
18 Як у вадзе аблічча да аблічча, так сэрца чалавека — да чалавека.
19 Адхлань і пекла ненасытныя, і вочы чалавека ненасытныя.
20 Літавальны гаршчок для срэбра і горан для золата, а для чалавека — вусны, якія хваляць яго.
21 Хоць будзеш таўчы неразумнага таўкачом паміж зерня ў ступе, дурнота ягоная не адыйдзе ад яго.
22 Ведай добра авечак тваіх, зьвяртай сэрца тваё да статкаў тваіх,
23 бо багацьце ня вечнае, і ці ж дыядэма [перадаецца] з пакаленьня ў пакаленьне?
24 Вырастае трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць сена з гораў.
25 Ягняты — на вопратку табе, і казлы — плата за поле.
26 І досыць казінага малака на ежу табе, і на ежу дому твайму, і на жыцьцё для служак тваіх.

Кніга Прыповесьцяў, 27 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.