Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Прыповесьцяў | 22 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Багаты і бедны сустракаюцца, Творца іх усіх — ГОСПАД.
2 Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.
3 [Нагарода] за пакору і страх перад ГОСПАДАМ — багацьце, і слава, і жыцьцё.
4 Церні і пасткі на шляху крывадушнага, а хто захоўвае душу сваю, той аддаляецца ад іх.
5 Пастаў юнака на слушны шлях, і ён ня збочыць з яго, нават калі састарэе.
6 Багаты пануе над бедным, і чалавек, які ўзяў пазыку, — слуга паве́рніка.
7 Хто сее беззаконьне, той будзе жаць ліха, і кій гневу ягонага будзе зьнішчаны.
8 Хто мае добрае вока, той будзе дабраслаўлёны, бо з хлеба свайго дае ўбогаму.
9 Выгані насьмешніка, і адыйдзе зва́дка, і суцішацца спрэчкі і абра́зы.
10 Хто любіць чыстасьць сэрца, у таго ласка на вуснах яго, і валадар з ім сябруе.
11 Вочы ГОСПАДА захоўваюць веданьне, Ён касуе словы ліхадзея.
12 Гультай кажа: «Леў на двары, пасярод плошчы буду забіты».
13 Вусны чужаніцы — глыбокая яма, на каго загневаўся ГОСПАД, той уваліцца туды.
14 Дурасьць прывязаная да сэрца юнака, але дубец настаўленьня выганіць яе.
15 Хто ўціскае ўбогага, каб памножыць сваё, і дае багатаму, той згалее.
16 Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё зьвярні да ведаў маіх,
17 бо цудоўна будзе, калі захаваеш іх у нутры тваім, і будуць яны таксама на вуснах тваіх,
18 каб пэўнасьць твая была ў ГОСПАДЗЕ, я вучу цябе сёньня.
19 Ці ж не пісаў я табе тройчы пара́ды і навучаньні,
20 каб паведаміць табе дакладныя словы праўды, каб ты мог перадаць словы праўды тым, што паслалі цябе?
21 Не абдзірай убогага, таму што ён убогі, і не ўціскай прыгнечанага каля брамы,
22 бо ГОСПАД будзе бараніць у справе іхняй і адбярэ душу́ ў тых, што іх абіраюць.
23 Не сябруй з васпа́нам гняўлівым і з чалавекам нястрыманым не хадзі,
24 каб ты не навучыўся сьцежкам яго і не нацягнуў пятлі на душу тваю.
25 Ня будзь з тых, што даюць руку, што заручаюцца за даўгі.
26 Калі ня маеш, чым заплаціць, навошта маюць забраць з-пад цябе ложак твой?
27 Не перасоўвай мяжы старадаўняй, якую вызначылі бацькі́ твае.
28 Ці бачыў ты чалавека, спраўнага ў занятку сваім? Перад абліччам валадароў ён будзе стаяць, ня будзе ён стаяць перад прасьцякамі.

Кніга Прыповесьцяў, 22 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.