Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Прыповесьцяў | 19 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Таксама нядобра душы бяз ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі [сваімі], згрэшыць.
2 Неразумнасьць чалавека кры́віць шлях ягоны, але сэрца ягонае гневаецца на ГОСПАДА.
3 Маёмасьць дадае шматлікіх сяброў, а ўбогага пакідае бліжні ягоны.
4 Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, не ўратуецца.
5 Шмат хто паніжаецца перад магнатам, і кожны — бліжні чалавеку, які [дае] падарункі.
6 Усе браты беднага ненавідзяць яго, тым больш сябры ягоныя аддаляюцца ад яго; той бяжыць, каб паразмаўляць, але іх няма.
7 Хто набывае розум, той любіць душу сваю, хто шукае разважлівасьці — знаходзіць дабро.
8 Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, загіне.
9 Не пасуе дурню раскоша, тым больш слузе мець уладу над князямі.
10 Розум чалавека стрымлівае гнеў ягоны, і слава яго — у прабачэньні правінаў.
11 Гнеў валадара — як ры́каньне ільва, а зычлівасьць ягоная — як раса́ на траве.
12 Неразумны сын — загуба для ба́цькі, а сварлівая жонка — як няспыннае ка́паньне [праз дах].
13 Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, але разумная жонка — ад ГОСПАДА.
14 Лянота кідае ў сон, і нядбайная душа будзе цярпець голад.
15 Хто захоўвае прыказаньні — захоўвае душу сваю, хто не шануе шлях Яго — памрэ.
16 Хто лі́туецца над убогім, той пазычае ГОСПАДУ, за дабрадзейства Ён аднагародзіць яму.
17 Кара́й сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і няхай не спрычы́ніцца да загубы яго душа твая.
18 Зласьлівы няхай атрымае пакараньне, бо калі пашкадуеш яго, яшчэ больш павялічыш [ка́ру].
19 Слухай пара́ды і прыймай настаўленьне, каб стаўся ты мудрым пры канцы [дзён].
20 Шмат думак у сэрцы чалавека, але збудзецца намер ГОСПАДА.
21 Пажаданая для чалавека міласэрнасьць ягоная, і бедны лепшы за чалавека хлусьлівага.
22 Страх перад ГОСПАДАМ [вядзе] да жыцьця, і такі [чалавек] будзе жыць, і насыціцца, і зло не наведае яго.
23 Гультай хавае руку сваю ў місе, але нават да вуснаў сваіх не падымае яе.
24 Бі насьмешніка, і неразумны паразумнее, дакарай разумнага, і ён здабудзе веданьне.
25 Руйнуе бацьку, выганяе маці сын, які прыносіць сорам і ганьбу.
26 Перастань, сыне мой, слухаць настаўленьні, якія адводзяць ад словаў веданьня.
27 Сьведка нягодны насьміхаецца над судом, і вусны бязбожнікаў глытаюць злачынства.
28 Падрыхтаваныя прысуды для насьмешнікаў, а хваста́ньне — на плечы дурняў.

Кніга Прыповесьцяў, 19 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.