Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Прыповесьцяў | 16 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Усе шляхі чалавека чыстыя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае душы.
2 Ускладзі на ГОСПАДА ўсе справы свае, і ўсе намеры твае зьдзейсьняцца.
3 Усё зрабіў ГОСПАД дзеля Сябе, і нават бязбожніка на дзень ліхі.
4 Агіда для ГОСПАДА кожны пыхлівы сэрцам, можна паручы́цца, ён не застанецца непакараным.
5 Міласэрнасьцю і праўдай адкупляецца беззаконьне, і страх ГОСПАДАЎ адводзіць ад зла.
6 Калі ГОСПАДУ даспадобы шляхі чалавека, Ён нават ворагаў ягоных пагодзіць з ім.
7 Лепш малое ў праведнасьці, чым багатыя прыбыткі ў беззаконьні.
8 Сэрца чалавека абдумвае шлях свой, але ГОСПАД накіроўвае крокі ягоныя.
9 Калі слова натхнёнае ў вуснах валадара, у судзе ня будзе падступным язык ягоны.
10 Ва́га і шалі справядлівыя — ад ГОСПАДА, і ўсе камяні́ ваговыя ў торбе — справа Ягоная.
11 Агіда для валадара — учынкі бязбожныя, бо пасад умацоўваецца праведнасьцю.
12 Падабаюцца валадару вусны праведныя, і таго, хто гаворыць праўдзіва, ён любіць.
13 Гнеў валадара — весьнік сьмерці, але мудры чалавек улагодзіць яго.
14 У сьвятле аблічча валадара — жыцьцё, і зычлівасьць ягоная — як воблака з позьнім дажджом.
15 Нашмат лепш прыдбаць мудрасьць, чым золата, і лепей прыдбаць розум, чым срэбра.
16 Шырокая дарога пра́вых — адвярнуцца ад зла; хто пільнуе шлях свой, той захоўвае душу сваю.
17 Перад загубай ідзе пыхлівасьць, і перад падзеньнем — дух ганарысты.
18 Лепш скарацца духам з пакорнымі, чым дзяліць здабычу з пыхліўцамі.
19 Разважлівы ў слове знойдзе добрае, і той, хто спадзяецца на ГОСПАДА, — шчасьлівы.
20 Мудрага сэрцам называюць разумным, і слодыч вуснаў павялічвае веды.
21 Розум — крыніца жыцьця для тых, хто мае яго, але настаўленьне неразумных — глупства.
22 Сэрца мудрага робіць разважлівымі вусны ягоныя і мове ягонай дадае ведаў.
23 Прыемныя словы — сотавы мёд, асалода для душы і лекі для цела.
24 Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці.
25 Работнік цяжка працуе для сябе, бо рот ягоны прымушае яго.
26 Чалавек нягодны ліхоцьце рыхтуе, і ў вуснах ягоных нібы агонь, які паліць.
27 Чалавек падступны сее звадкі, і пляткар разьдзяляе сяброў.
28 Чалавек злачынны зводзіць бліжняга свайго і вядзе яго на шлях нядобры,
29 прыплюшчвае вочы свае, каб прыдумляць подступ, кры́віць губы свае, робячы ліха.
30 Сівізна — слаўная карона, на шляху праведнасьці знаходзяць яе.
31 Лепш павольны на гнеў, чым магутны, і той, які пануе над духам сваім, чым заваёўнік гораду.
32 Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад ГОСПАДА ўсе суды яго.

Кніга Прыповесьцяў, 16 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.