Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 19 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі пачуў гэта валадар Эзэкія, разьдзёр шаты свае, адзеўся ў зрэбніцу і пайшоў у Дом ГОСПАДА.
2 І паслаў ён Эліякіма, загадчыка палацу, і Шэўну, пісара, і старэйшых сьвятароў, адзетых у зрэбніцу, да прарока Ісаі, сына Амоса.
3 І сказалі яны: «Гэта кажа Эзэкія: “Гэты дзень — дзень гора, і кары, і ганьбы! Бо дайшлі дзеці да народзінаў сваіх, а няма сілы іх нарадзіць!
4 Можа пачуе ГОСПАД, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар ягоны, валадар Асірыі, каб зьняважыць Бога Жывога, і пакарае яго за словы, якія пачуў ГОСПАД, Бог твой! Дык памаліся за пазасталых, якія яшчэ жывуць”».
5 І прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі.
6 І сказаў ім Ісая: «Гэта скажыце гаспадару вашаму: “Гэта кажа ГОСПАД. Ня бойся словаў, якія ты чуў, якімі слугі валадара Асірыі зьневажалі Мяне!
7 Вось, Я пашлю яму духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я ўдару яго ў зямлі ягонай”».
8 І вярнуўся Рабсак, і знайшоў валадара Асірыі, які здабываў Лібну, бо ўжо чуў, што ён адыйшоў з-пад Ляхішу.
9 І калі валадар пачуў пра Тыргака, валадара Кушу: «Вось, ён пайшоў на вайну супраць цябе», ён вярнуўся і паслаў пасланцоў да Эзэкіі, валадара Юды, кажучы:
10 «Гэта скажыце Эзэкіі, валадару Юды: “Няхай ня зводзіць цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, і не кажы: "Не аддасьць Ён Ерусалім у рукі валадара Асірыі".
11 Бо ты чуў, што зрабілі валадары Асірыі з усімі землямі, як яны панішчылі іх, а ты мог бы захавацца?
12 Ці ж богі тых народаў, якіх зьнішчылі бацькі мае, выратавалі іх? Дзе Газан, Харан, Рэзэф і сыны Эдэну, якія ў Тэлясары?
13 Дзе валадар Хамату і валадар Арпаду, валадары Сэфарваіму, Гэны і Іввы?”»
14 І атрымаў Эзэкія ліст з рук весьнікаў, і прачытаў яго, і пайшоў у Дом ГОСПАДА, і разьвярнуў яго перад ГОСПАДАМ.
15 І маліўся ён перад ГОСПАДАМ, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, Які сядзіш на херувімах! Толькі Ты — Бог усіх валадарстваў зямлі. Ты стварыў неба і зямлю.
16 Нахіні, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё і пачуй; адкрый вочы Твае, ГОСПАДЗЕ, і пабач! Выслухай усе словы Санхэрыва, які паслаў весьнікаў, каб зьняважыць Бога Жывога.
17 Гэта праўда, ГОСПАДЗЕ, што валадары Асірыі зьнішчылі народы і землі іхнія.
18 У агонь кінулі яны багоў іхніх, бо яны не былі багамі, але толькі творам рук чалавечых з дрэва і камяня, і таму зьнішчылі іх.
19 А цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, збаў нас ад рукі ягонай, каб ведалі ўсе валадарствы зямлі, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — адзіны Бог».
20 І паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі сказаць яму: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я пачуў тое, пра што ты маліўся да Мяне адносна Санхэрыва, валадара Асірыі”.
21 Гэтае вось слова, якое сказаў ГОСПАД мне пра яго: “Насьміхаецца з цябе, пагарджае табою дзяўчына, дачка Сыёну; за табой ківае галавой дачка Ерусаліму.
22 Каго зьняважаў ты і на Каго блявузгаў? Супраць Каго падняў ты голас твой, і ўверх падняў вочы твае? Супраць Сьвятога Ізраіля!
23 Праз весьнікаў тваіх ты зьняважаў Госпада і казаў: "З мноствам калясьніцаў маіх я ўзыйшоў на высокія горы, на схілы Лібану. Я выразаў гонкія кедры ягоныя і найпрыгажэйшыя кіпарысы, і дайшоў аж да вяршыняў ягоных, у нетры ягоныя.
24 Капаю я студню і п’ю чужыя воды, і стопамі ног маіх высушыў усе рэкі Эгіпецкія".
25 Ці ня чуў ты, што даўно Я зрабіў гэта? Я даўно гэта прызначыў, а цяпер зьдзяйсьняю, і будуць яны зьнішчаны, стануць руінамі гарады ўмацаваныя.
26 А тыя, што жывуць у іх, зрабіліся зьняможанымі, стрывожанымі і зьбянтэжанымі, і сталіся як сена ў полі, як зеляніна маладая, як трава на даху, спаленая перш, чым сасьпела.
27 Ці сядзіш ты, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю ўсё.
28 За тое, што ты злуешся на Мяне і, што пыха твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўкладу ў ноздры твае кальцо, і зацугляю цябе, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў!”
29 А табе , Эзэкія, будзе такі знак: у гэтым годзе еш тое, што знойдзеш, а ў другі год — тое, што само вырасьце, а ў трэйці год сейце і зьбірайце, і закладайце вінаграднікі, і спажывайце плады іхнія.
30 І што застанецца з дому Юды, пусьціць корань углыб, і дасьць плод угару.
31 Бо з Ерусаліму выйдзе рэшта, і збаўленыя — з гары Сыён. Зайздросная любоў ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта!
32 Дзеля таго вось што кажа ГОСПАД пра валадара Асірыі: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, ані выпусьціць у яго стралы, і не наставіць супраць яго шчыта, і не насыпе кругом яго валу.
33 Шляхам, якім ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, — кажа ГОСПАД.
34 Я абараню горад гэты і выратую яго дзеля Сябе і дзеля слугі Свайго, Давіда”».
35 І сталася, што ў тую самую ноч выйшаў анёл ГОСПАДА, і пабіў у табары Асірыйцаў сто восемдзесят пяць тысячаў чалавек. Калі раніцаю яны падняліся, убачылі, што ўсе вакол мёртвыя.
36 Тады Санхэрыў, валадар Асірыі, сабраўся, і адступіў, і пайшоў, і затрымаўся ў Нініве.
37 І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Адрамэлех і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мячом і ўцяклі ў зямлю Арарат. А замест яго стаў валадарыць сын ягоны Эсар-Хадон.

Другая кніга Валадароў, 19 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.