Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 9 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сталася, калі Салямон скончыў будаваць сьвятыню ГОСПАДУ і палац валадарскі, і ўсё, што задумаў і хацеў зрабіць,
2 зьявіўся Салямону ГОСПАД другі раз, як быў аб’явіўшыся яму ў Гібэоне.
3 І сказаў ГОСПАД яму: «Я выслухаў малітву тваю і просьбу тваю, якія ты прыносіў да Мяне, і Я асьвяціў сьвятыню гэтую, якую ты пабудаваў, каб было імя Маё там вечна. І будуць там вочы Мае і сэрца Маё ў-ва ўсе дні.
4 Таксама ты, калі будзеш хадзіць перада Мной, як хадзіў Давід, бацька твой, у чысьціні сэрца і ў праўдзе, і будзеш выконваць усё, што Я загадаў табе, калі захаваеш закон Мой і пастановы Мае,
5 Я пастаўлю пасад твой над Ізраілем на вякі, як Я абяцаў Давіду, бацьку твайму, кажучы: “Ня будзе адкінуты ад пасаду Ізраіля нашчадак з роду твайго”.
6 А калі адвернецеся ад Мяне вы і дзеці вашыя, ня слухаючы Мяне і не выконваючы прыказаньні і пастановы Мае, якія Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце пакланяцца багам чужым, і служыць ім,
7 Я зьмяту Ізраіля з аблічча зямлі, якую даў ім, і сьвятыню, якую Я асьвяціў для імя Майго, адкіну ад вачэй Маіх. І станецца Ізраіль ў прыказку і насьмешку ўсім народам,
8 а сьвятыня гэтая будзе зруйнаваная. І кожны, хто пройдзе каля яе, зьдзівіцца, і засьвішча, і скажа: “Чаму ГОСПАД зрабіў гэта зямлі гэтай і сьвятыні гэтай?”
9 І адкажуць: “Бо яны пакінулі, ГОСПАДА, Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх з зямлі Эгіпецкай, а яны пайшлі за багамі чужымі, і пакланяліся ім. Дзеля таго ГОСПАД навёў на іх усё гэтае зло”».
10 Праз дваццаць гадоў, у якія Салямон пабудаваў два дамы, сьвятыню ГОСПАДА і палац валадарскі,
11 а Хірам, валадар Тыру, дастаўляў Салямону дрэва кедровае і кіпарысавае, і золата на патрабаваньне, валадар Салямон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.
12 І выйшаў Хірам з Тыру паглядзець гарады, якія даў яму Салямон, і не спадабаліся яны яму.
13 І сказаў ён: «Што гэта за гарады, якія ты мне даў, браце?» І назваў еён іх зямлёй Кабуль, і так яна называецца да гэтага дня.
14 І паслаў Хірам валадару сто дваццаць талентаў золата.
15 Гэта вось велічыня платы, якую ўстанавіў валадар Салямон на пабудову сьвятыні ГОСПАДАВАЙ і палацу свайго, і Мілло, і муру Ерусалімскага, і Хацору, і Мэгіддо, і Гэзэру.
16 Фараон, валадар Эгіпту, калісьці напаў і здабыў Гэзэр і спаліў яго агнём, а Хананейцаў, жыхароў гораду, выбіў. І аддаў гэты горад у пасагу дачцэ сваёй, жонцы Салямона.
17 І Салямон адбудаваў Гэзэр і Ніжні Бэт-Харон,
18 і Баалат, і Тамар у пустыні,
19 і ўсе гарады-сьвірны, якія да яго належалі, і гарады для калясьніцаў, і гарады для коньнікаў і ўсё, што яму падабалася; каб пабудаваць у Ерусаліме, у Лібане і ў-ва ўсёй зямлі, што належала яму.
20 Увесь народ, які застаўся, ад Амарэйцаў, Хетытаў, Пэрэзеяў, Хівеяў і Евусеяў, якія не былі Ізраільцянамі,
21 дзяцей іхніх, што засталіся на зямлі, якіх сыны Ізраіля не змаглі вынішчыць, Салямон зрабіў нявольнікамі да гэтага дня.
22 А з сыноў Ізраіля Салямон не зрабіў нікога нявольнікам, але былі яны ваярамі ягонымі, слугамі ягонымі, магнатамі, князямі, правадырамі калясьніцаў і коньнікамі.
23 І мелі яны над сабою начальнікаў, наглядчыкаў над усімі працамі Салямона, у ліку пяцьсот пяцьдзясят. Яны наглядалі над людзьмі, што выконвалі вызначаныя работы.
24 Як толькі дачка фараона выйшла з гораду Давідавага ў дом свой, які пабудаваў ёй Салямон, ён пабудаваў Мілло.
25 Тры разы ў год Салямон складаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя на ахвярніку, які ён збудаваў для ГОСПАДА, і кадзіў там перад ГОСПАДАМ, калі скончыў сьвятыню.
26 І пабудаваў валадар Салямон караблі ў Эцыён-Гебэры каля Эляту, на беразе Чырвонага Мора ў зямлі Эдом.
27 На караблі тыя Хірам паслаў слугаў сваіх, маракоў, абазнаных у моры, разам са слугамі Салямона.
28 І яны, прыплыўшы ў Афір і ўзяўшы адтуль золата чатырыста дваццаць талентаў, даставілі яго валадару Салямону.

Першая кніга Валадароў, 9 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.