1 А дом свой будаваў Салямон трынаццаць гадоў, пакуль закончыў увесь дом свой.
2 Збудаваў ён дом з лесу Лібанскага ў сто локцяў даўжыні, і пяцьдзясят локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні, на чатырох шэрагах слупоў кедровых, і бэлькі кедровыя былі паложаныя на слупы.
3 І быў [дом] абшыты кедрам над бэлькамі на сарака пяці слупах, па пятнаццаць у адным шэрагу.
4 Вокны таксама былі ў тры шэрагі: вакно над вакном праз тры крокі.
5 Усе дзьверы і вокны былі чатырохкутныя, вакно ад вакна праз тры крокі.
6 Зрабіў ён таксама прысенак са слупамі ў пяцьдзясят локцяў даўжыні і трыццаць локцяў шырыні, і другія сені перад ім, і слупы, і паветку.
7 Апрача гэтага зрабіў залю з пасадам, у якой судзіў, залю судовую, і ашаляваў яе дошкай кедровай ад падлогі да столі.
8 А дом, у якім жыў, быў за домам з заляй на панадворку, асобна збудаваны. Пабудаваў ён таксама дом, падобны да таго прысенка, для дачкі фараона, якую ўзяў за жонку.
9 Усё гэта знутры і звонку, ад падлогі аж да столі, і аж да вялікага панадворку, было з адборных камянёў, чэсаных пад мерку, і рэзаных пілою.
10 А падмурак быў з адборных камянёў, камянёў вялікіх, у дзесяць і восем локцяў.
11 А над падмуркам — адборныя камяні пад мерку чэсаныя, і дрэва кедровае.
12 Вялікі панадворак меў таксама наўкола тры шэрагі чэсаных камянёў і шэраг чэсаных бярвеньняў кедровых, падобна як унутраны панадворак сьвятыні ГОСПАДА і прысенак сьвятыні.
13 Паслаў таксама валадар Салямон узяць з Тыру Хірама,
14 сына ўдавы з пакаленьня Нэфталі. Бацька ягоны, Тыранін, быў меднікам. І быў ён поўны мудрасьці і розуму, і вызначаўся майстэрствам у-ва ўсякай рабоце на медзі. І прыйшоў ён да валадара Салямона, і рабіў усё, што ён яму даручыў.
15 І адліў ён два слупы мядзяныя: адзін — у васямнаццаць локцяў вышыні і дванаццаць локцяў наўкола, і другі такі самы.
16 Адліў ён таксама дзве галавіцы на верх слупоў з медзі. Адна галавіца мела пяць локцяў вышыні, таксама пяць локцяў вышыні мела другая галавіца.
17 На галавіцах, якія былі на версе слупоў, былі сплецены нібы ланцужкі мастацкай работы, сем на адной галавіцы, і сем на другой.
18 І выразьбіў ён яблыкі гранатовыя па два шэрагі кругом кожнага сплеціва, каб пакрывалі галавіцу на версе слупа. Такім самым спосабам аздобіў і другую галавіцу.
19 Галавіцы на слупах у прысенку мелі выгляд лілеі ў чатыры локці вялічыні.
20 Да таго ж галавіцы на абодвух слупах проста над выпукласьцю, якая па-за сплецівам, мелі дзьвесьце яблыкаў гранатовых на адной галавіцы, і столькі ж на другой.
21 Слупы гэтыя паставіў ён у прысенку сьвятыні. І слуп, пастаўлены з правага боку, ён назваў Яхін, а пастаўлены з левага боку назваў Боаз.
22 А на версе тых слупоў былі выявы лілеяў. Так была скончана работа гэтых слупоў.
23 І зрабіў ён з медзі мора, ад берагу да берагу дзесяць локцяў, круглае, у вышыню пяць локцяў, і трыццаць локцяў наўкола.
24 Ніжэй краёў мора апаясвалі яго кругом выявы пладоў, па дзесяць на локаць кругом мора. І ішлі яны ў два шэрагі, і былі адлітыя разам з морам.
25 Гэтае мора стаяла на дванаццаці валах. З іх тры глядзелі на поўнач, тры — на ўсход, тры — на захад, а тры — на поўдзень. Мора было на іх, а азадкі іхнія былі зьвернутыя ў сярэдзіну.
26 Таўшчыня мора была на меру далоні, а берагі яго зробленыя ў выглядзе берагоў келіха, як кветкі лілеі; зьмяшчала яно дзьве тысячы батаў.
27 І зрабіў ён дзесяць мядзяных падставаў: кожная падстава мела чатыры локці даўжыні, чатыры локці шырыні і тры локці вышыні.
28 Падставы гэтыя былі зроблены так: мелі яны ліштвы, і пруты між ліштвамі.
29 А на тых ліштвах між прутамі – львы, валы і херувімы. А на прутах, як над, так і пад львамі і валамі — гірлянды, што вісяць.
30 Кожная падстава мела чатыры мядзяныя колы на мядзяных восях. А іхнія чатыры рагі мелі рамёны пад умывальнікам. Рамёны гэтыя адлітыя былі з кожнага боку гірляндаў.
31 Паміж рамёнамі меў ён адтуліну на вышыні локця, круглую, на кшталт падставы. Вакол адтуліны былі таксама розныя выявы, але былі ня круглыя, але чатырохкутныя.
32 І чатыры колы былі пад ліштвамі, а восі колаў былі прымацаваныя пры падставах. Вышыня кола была ў паўтары локці.
33 Колы былі зробленыя, як робіцца кола для возу, восі іхнія, абады іхнія, і ступіцы іхнія, і ўсё было адлітае.
34 На чатырох рагах кожнае падставы былі чатыры рамёны, і рамёны былі адно цэлае з падставай.
35 На версе падставы кругом на паўлокці было закругленьне, а на версе закругленьня — ручкі ягоныя і ліштвы ягоныя.
36 І на ўсіх бляхах і прутах выразьбіў ён кругом херувімаў, ільвоў і пальмы.
37 У такі вось спосаб зрабіў ён дзесяць мядзяных падставаў, аднолькавага ліцьця, аднолькавага памеру і аднолькавага выгляду.
38 Зрабіў ён таксама дзесяць умывальнікаў мядзяных, а кожны ўмывальнік зьмяшчаў сорак батаў. Кожны ўмывальнік меў чатыры локці, і кожны з іх быў у адной з дзесяці падставаў.
39 Пяць падставаў памясьціў ён на правым боку сьвятыні і пяць — на левым боку сьвятыні. А мора памясьціў на паўднёвы ўсход на правым боку сьвятыні.
40 Апрача гэтага зрабіў Хірам умывальнікі, лапаткі і крапільніцы. І так скончыў Хірам усе работы, якія меў споўніць для валадара Салямона ў сьвятыні ГОСПАДА:
41 два слупы з круглымі галавіцамі на версе тых слупоў, два сплеціва на прыкрыцьцё двух круглых галавіцаў на версе тых слупоў,
42 чатырыста яблыкаў гранатовых на абедзьвух сплецівах, па два шэрагі яблыкаў на кожным сплеціве,
43 дзесяць падставаў і столькі сама ўмывальнікаў на тых падставах,
44 таксама адно мора з дванаццацю валамі пад ім,
45 а таксама ўмывальнікі, лапаткі і крапільніцы. Усе прылады, якія Хірам зрабіў валадару Салямону ў сьвятыню ГОСПАДА, былі са сьлігтаванай медзі.
46 Ён адліваў усё гэта у гліне над Ярданам, між Сукотам і Цартанам.
47 І парастаўляў Салямон усе гэтыя прылады. І было іх так шмат, што вагі медзі нельга было палічыць.
48 І зрабіў Салямон усе прылады ў Дом ГОСПАДА: залаты ахвярнік і залаты стол, на які клалі хлябы пакладныя,
49 і сьвечнікі: пяць сьвечнікаў з чыстага золата з правага і пяць сьвечнікаў з левага боку насупраць Месца Найсвяцейшага, кветкі, лямпы, шчыпцы з золата,
50 міскі, нажніцы на ачышчэньне лямпаў, крапільніцы са шчырага золата, а таксама залатыя завесы да дзьвярэй унутранага пакою, Месца Найсвяцейшага і да дзьвярэй ў сьвятыню.
51 Так скончана была уся работа, якую зрабіў валадар Салямон у сьвятыні ГОСПАДА. І прынёс Салямон пасьвячоныя бацькам сваім, Давідам, рэчы: срэбра, золата і посуд, і памясьціў іх у скарбоўні сьвятыні ГОСПАДА.
Першая кніга Валадароў, 7 глава