Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 20 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А Бэн-Гадад, валадар Сірыі, сабраў усё войска сваё, і трыццаць два валадары былі з ім, таксама коні і калясьніцы. І ён пайшоў, і аблёг Самарыю, і ваяваў супраць яе.
2 І паслаў ён пасланцоў да Ахава, валадара Ізраіля, у горад
3 сказаць: «Гэта кажа Бэн-Гадад: “Срэбра тваё і золата тваё — маё, таксама жонкі твае і сыны твае найлепшыя — мае”».
4 Валадар Ізраіля адказаў: «Паводле слова твайго, гаспадару мой, валадар, і я твой, і ўсё маё — тваё».
5 І вярнуліся тыя пасланцы, і сказалі: «Гэта кажа Бэн-Гадад: “Вось, паслаў я да цябе сказаць: "Срэбра тваё, і золата тваё, і жонак тваіх, і сыноў тваіх ты дасі мне".
6 Заўтра гэтай парою я прышлю слугаў маіх да цябе, каб перашукалі яны дом твой, і дамы слугаў тваіх, і ўсё, што спадабаецца ім, возьмуць яны ў рукі свае і забяруць”».
7 І склікаў валадар Ізраіля ўсіх старшыняў зямлі і сказаў: «Заўважце і паглядзіце, які ён нахабны, бо ён паслаў да мяне па жонак маіх, па сыноў маіх, па срэбра маё і золата маё, і я не адмовіў яму».
8 І сказалі яму ўсе старшыні і ўвесь народ: «Ня слухай і не згаджайся з ім».
9 І адказаў ён пасланцам Бэн-Гадада: «Скажыце гаспадару майму, валадару: “Усё, па што ты пасылаў спачатку да слугі твайго, я зраблю, але гэтае рэчы не магу зрабіць”». І вярнуліся пасланцы, і прынесьлі яму адказ.
10 І паслаў іх зноў Бэн-Гадад сказаць: «Няхай гэта зробяць мне богі і яшчэ дададуць, калі хопіць пылу Самарыйскага па жмені для ўсіх людзей, якіх маю пры сабе!»
11 Валадар Ізраіля сказаў у адказ: «Скажыце яму: “Няхай ня хваліцца падперазаны мячом як той, хто яго здымае”».
12 Калі пачуў гэты адказ валадар, які піў сам і валадары з ім у намётах, сказаў слугам сваім: «Атачыце горад!» І яны атачылі яго.
13 І вось нейкі прарок падыйшоў да Ахава, валадара Ізраіля, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Ці ты бачыш гэты натоўп вялікі? Я сёньня аддам яго ў рукі твае, каб ведаў ты, што Я — ГОСПАД”».
14 І спытаўся Ахаў: «Праз каго?» Той адказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Праз дружыны начальнікаў акругаў”». І зноў ён спытаў: «А хто мае пачаць бой?» А той адказаў: «Ты».
15 І палічыў ён слугаў начальнікаў акругаў, і налічыў іх дзьвесьце трыццаць два. А пасьля палічыў увесь народ, усіх сыноў Ізраіля, і налічыў сем тысячаў.
16 І выйшлі яны апоўдні, калі Бэн-Гадад, п’яны, піў у намётах разам з трыццацю двума валадарамі, якія прыйшлі яму на дапамогу.
17 І выйшлі найперш дружыны начальнікаў акругаў. І паслаў Бэн-Гадад пасланцоў, і яны паведамілі яму: «Выйшлі людзі з Самарыі».
18 А ён сказаў: «Калі выйшлі яны з мірам, схапіце іх жывых, а калі ваяваць, таксама вазьміце іх жывымі».
19 І выйшлі з гораду дружыны начальнікаў акругаў, а рэшта войска ішла за імі.
20 І перамаглі яны тых, што ішлі супраць іх. І Сірыйцы пачалі ўцякаць, а Ізраільцяне гналі іх. І Бэн-Гадад, валадар Сірыі, таксама ўцёк на кані з коньнікамі.
21 І выйшаў валадар Ізраіля, і забраў коней і калясьніцы, і зрабіў ён Сірыйцам вялікую паразу.
22 І падыйшоў прарок да валадара Ізраіля, і сказаў яму: «Ідзі, і будзь адважны, і ведай, і глядзі, што робіш, бо ў наступным годзе валадар Сірыі пойдзе супраць цябе».
23 А слугі валадара Сірыі сказалі яму: «Бог гор ёсьць Богам іхнім, таму яны перамаглі нас. Але як мы нападзем на іх на раўніне, то пераможам.
24 Дык ты вось што зрабі: паскідай валадароў з месцаў іхніх, і пастаў на мейсца іхняе намесьнікаў.
25 І набяры столькі войска, колькі загінула ў цябе, таксама коней, колькі было, і калясьніцаў у такой самай лічбе, і будзем ваяваць супраць іх на раўніне, і будзем мацнейшыя за іх». І ён паслухаў парады іхняй, і зрабіў гэтак.
26 І праз год Бэн-Гадад сабраў Сірыйцаў і пайшоў у Афэк ваяваць з Ізраілем.
27 А сыны Ізраіля, заагледзеўшыся ў харчы, выйшлі насупраць іх і расклаліся табарам насупраць іх, як два статкі козаў, і Сірыйцы напоўнілі ваколіцы.
28 І вось падыйшоў чалавек Божы да валадара Ізраіля, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што Сірыйцы сказалі: "ГОСПАД ёсьць Богам гор, а ня Богам раўнінаў", усё гэта вялікае мноства Я аддам у рукі твае, каб вы ведалі, што Я — ГОСПАД”».
29 І сем дзён рыхтавалі шыхты адны супраць другіх, а ў сёмы дзень распачаўся бой. І сыны Ізраіля выбілі сто тысячаў Сірыйскай пяхоты ў адзін дзень.
30 А рэшткі ўцяклі ў Афэк, у горад, але на дваццаць сем тысячаў чалавек, якія там засталіся, заваліўся мур. І Бэн-Гадад уцёк, і хаваўся з пакою ў пакой.
31 І сказалі яму слугі ягоныя: «Мы чулі, што валадары Ізраіля міласьцівыя. Дык апранем рызьзё на клубы свае і вяроўкі на шыі свае, і выйдзем да валадара Ізраіля. Можа, ён пашкадуе душу тваю».
32 І апрануліся яны ў рызьзё, і налажылі вяроўкі на шыі сабе, і прыйшлі да валадара Ізраіля, і сказалі: «Слуга твой Бэн-Гадад кажа: “Малю цябе, няхай жыве душа мая”». А той сказаў: «Ці ён яшчэ жывы? Ён — брат мой».
33 І людзі тыя, прыняўшы гэта за добры знак, адразу злавілі яго на слове і сказалі: «Бэн-Гадад — брат твой». І ён загадаў ім: «Ідзіце і прывядзіце яго». І прыйшоў да яго Бэн-Гадад, і ён пасадзіў яго да сябе ў калясьніцу.
34 І сказаў яму Бэн-Гадад: «Гарады, якія бацька мой забраў у бацькі твайго, я вярну. І ты можаш мець у Дамаску вуліцы, як бацька мой зрабіў у Самарыі». Ахаў сказаў: «Пасьля дамовы адпушчу цябе». І заключыў ён з ім дамову, і адпусьціў яго.
35 Тады адзін чалавек спаміж сыноў прарокаў сказаў сябру свайму паводле слова ГОСПАДА: «Удар мяне!» Але той не хацеў ударыць.
36 І ён сказаў яму: «За тое, што ты не захацеў паслухаць голас ГОСПАДА, то як толькі ты адыйдзешся ад мяне, нападзе на цябе леў!» І калі той адыйшоўся, напаў на яго леў і забіў яго.
37 А ён, напаткаўшы іншага чалавека, сказаў: «Удар мяне!» І той чалавек ударыў яго і скалечыў.
38 І пайшоў той прарок, і спаткаў валадара на дарозе, але зьмяніў выгляд, завязаўшы хустку на вочы сабе.
39 І калі валадар праходзіў міма, ён паклікаў валадара і сказаў: «Слуга твой пайшоў ваяваць, і вось адзін чалавек прыйшоў, і прывёў некага да мяне, і сказаў: “Пільнуй гэтага чалавека! Калі ён прападзе, душа твая будзе за душу ягоную, або адважыш талент срэбра”.
40 Але калі я, стурбаваны, круціўся туды і сюды, ён зьнік». І сказаў яму валадар Ізраіля: «Такі няхай будзе на цябе прысуд, ты сам яго назваў».
41 Але ён раптам зьняў хустку з вачэй сваіх, і тады валадар Ізраіля пазнаў, што гэта прарок.
42 І прарок сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што ты выпусьціў з рукі сваёй чалавека, які падпадае пад клятву Маю, душа твая будзе за душу ягоную, і народ твой — за народ ягоны”».
43 І пайшоў валадар Ізраіля ў дом свой сумны і разгневаны, і потым прыйшоў у Самарыю.

Першая кніга Валадароў, 20 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.