Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 16 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І прамовіў ГОСПАД да Егу, сына Хананіі, супраць Баашы, кажучы:
2 «За тое, што Я цябе падняў з парахна і паставіў правадыром над народам Маім, Ізраілем, а ты хадзіў шляхам Ерабаама і ўводзіў у грэх народ Мой, Ізраіля, каб Мяне гнявіць грахамі іхнімі,
3 Я адкіну дом Баашы і зраблю з домам тваім тое, што зрабіў з домам Ерабаама, сына Навата.
4 Хто у Баашы памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныяі».
5 Іншыя дзеяньні Баашы, і ўсё, што ён рабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
6 І заснуў Бааша з бацькамі сваімі, і быў пахаваны у Тырцы. А пасьля яго стаў валадаром Эла, сын ягоны.
7 І прамовіў ГОСПАД праз прарока Егу, сына Хананіі, супраць Баашы і дому ягонага дзеля ўсякага зла, якога дапусьціўся ён перад ГОСПАДАМ, гневаючы Яго ўчынкамі рук сваіх, калі рабіў як дом Ерабаама, які ён выгубіў.
8 У дваццаць шостым годзе Асы, валадара Юды, Эла, сын Баашы, стаў валадаром над Ізраілем у Тырцы на два гады.
9 Слуга ягоны Зімры, начальнік над паловаю калясьніцаў, змовіўся супраць яго. І калі Эла быў напіўся ў доме Арцы, загадчыка дому ў Тырцы,
10 Зімры напаў на яго, і ударыў яго, і забіў яго ў дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, і стаў валадаром замест яго.
11 І калі ён стаў валадаром, і сеў на пасадзе ягоным, то выбіў увесь дом Баашы, і не пакінуў з яго анікога мужчынскага роду, ані сваякоў, ані сяброў ягоных.
12 І зьнішчыў Зімры ўвесь род Баашы паводле слова ГОСПАДА, як быў Ён прадказаў Баашы праз Егу, прарока,
13 дзеля многіх грахоў Баашы і дзеля грахоў Элы, сына ягонага, які сам грашыў, і ўводзіў у грэх Ізраіля, гневаючы ГОСПАДА, Бога Ізраіля, ідаламі сваімі.
14 А іншыя дзеяньні Элы, і ўсё, што ён рабіў, запісана ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
15 У дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, валадарыў сем дзён у Тырцы Зімры, калі войска аблягала Гіббэтон, горад Філістынцаў.
16 І пачуў народ, раскладзены табарам: «Зімры ўчыніў змову і забіў валадара». Тады ўвесь Ізраіль, які быў у табары, выбраў валадаром Омры, начальніка войска Ізраільскага.
17 І выйшаў Омры і з ім увесь Ізраіль з-пад Гіббэтону і аблажылі Тырцу.
18 Зімры, бачачы, што горад здабыты, увайшоў у палац і падпаліў палац валадарскі, і памёр
19 у грахах сваіх, якімі грашыў, чынячы зло ў вачах ГОСПАДА і ходзячы шляхам Ерабаама і ў грахах ягоных, якімі той горшыў Ізраіля.
20 Іншыя дзеянбьні Зімры, і змова ягоная, якую зрабіў, запісаны ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
21 Тады народ Ізраільскі падзяліўся на дзьве часткі: палова народу стаяла за Тэбні, сына Гіната, каб яго паставіць валадаром, а другая палова — за Омры.
22 І пераважыў народ, які стаяў за Омры, таго, што стаяў за Тэбні, сына Гіната. І Тэбні памёр, а валадарыў Омры.
23 У трыццаць першым годзе Асы, валадар Юды, Омры стаў валадаром над Ізраілем на дванаццаць гадоў. У Тырцы ён валадарыў шэсьць гадоў.
24 А пасьля за два таленты срэбра ён купіў у Шэмэра гару Шамэрон, і забудаваў яе, і горад, які пабудаваў, назваў Самарыяй ад імя гаспадара гары — Шэмэра.
25 І рабіў Омры ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і чыніў зло горш за ўсіх, якія былі перад ім.
26 І хадзіў ён ўсімі шляхамі Ерабаама, сына Навата, і ў граху ягоным, якім ён ўводзіў у грэх Ізраіля, каб гнявіць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, брыдотамі сваімі.
27 А іншыя дзеяньні Омры, якія ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
28 І заснуў Омры з бацькамі сваімі, і быў пахаваны у Самарыі. А пасьля яго валадарыў Ахаў, сын ягоны.
29 Ахаў, сын Омры, стаў валадаром Ізраіля ў трыццаць восьмым годзе Асы, валадара Юды, і валадарыў Ахаў, сын Омры, над Ізраілем ў Самарыі дваццаць гадоў.
30 І рабіў ліхоту Ахаў, сын Омры, у вачах ГОСПАДА, і стаўся горшым ад усіх папярэднікаў сваіх.
31 Мала яму было жыць у грахах Ерабаама, сына Навата, але ён узяў за жонку Езабэль, дачку Этбаала, валадара Сідонцаў, і пачаў служыць Баалу і пакланяцца яму.
32 І паставіў ён ахвярнік Баалу ў сьвятыні Баала, якую пабудаваў у Самарыі.
33 І зрабіў Ахаў Астарту, і сваімі ўчынкамі Ахаў гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, болей, чым усе валадары Ізраіля, якія былі перад ім.
34 За жыцьця ягонага Хіэль з Бэтэлю адбудаваў Ерыхон паводле слова ГОСПАДА, сказанага праз Егошуа, сына Нуна. Падмуркі ягоныя ён паклаў на першародным сваім, Абіраме, а на наймалодшым сваім, Сэгібе, паставіў брамы ягоныя.

Першая кніга Валадароў, 16 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.