Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 15 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У васямнаццатым годзе валадараньня Ерабаама, сына Навата, у Юдзе стаў валадаром Абіям.
2 Ён тры гады валадарыў у Ерусаліме. Маці ягоная называлася Мааха, дачка Абсалома.
3 І хадзіў ён у-ва ўсіх грахах бацькі свайго, якія ён рабіў перад ім, і не любіў ён шчыра ГОСПАДА, Бога свайго, як Давід, бацька ягоны.
4 Аднак дзеля Давіда даў яму ГОСПАД сьветач ў Ерусаліме, каб паставіць сына ягонага і ўмацаваць Ерусалім,
5 бо Давід чыніў справядлівасьць перад ГОСПАДАМ і не ўхіляўся ад таго, што Ён яму загадваў праз усё жыцьцё сваё, акрамя справы Урыі Хетыта.
6 І вайна паміж Рэхабаамам і Ерабаамам працягвалася ўвесь час.
7 Іншыя дзеяньні Абіяма і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. І працягвалася вайна паміж Абіямам і Ерабаамам.
8 І супачыў Абіям з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І пасьля яго валадарыў сын ягоны, Аса.
9 У дваццатым годзе валадараньня Ерабаама над Ізраілем, над Юдам стаў валадаром Аса.
10 Сорак адзін год ён быў валадаром у Ерусаліме. Маці ягоная называлася Мааха, дачка Абсалома.
11 І рабіў Аса справядлівае ў вачах ГОСПАДА, як Давід, бацька ягоны.
12 Ён выгнаў распусьніцаў з краіны, і павынішчаў усіх ідалаў, якіх нарабілі бацькі іхнія.
13 І нават маці сваю, Мааху, пазбавіў годнасьці валадаркі за тое, што яна зрабіла ідала Астарты. І Аса пасек ідала ейнага, і спаліў каля ручая Кедрон.
14 Але ўзгоркі не былі зьнішчаныя. Аднак сэрца Асы было шчырым перад ГОСПАДАМ у-ва ўсе дні жыцьця ягонага.
15 І прынёс ён у сьвятыню ГОСПАДА рэчы, пасьвячоныя на ахвяру бацькам ягоным і ім самім: срэбра, золата і посуд.
16 Таксама паміж Асам і валадаром Ізраіля Баашам вайна працягвалася праз усё жыцьцё іхняе.
17 І пайшоў валадар Ізраіля Бааша на Юду, і пабудаваў Раму, каб ніхто ня мог увайсьці і выйсьці ад Асы, валадара Юды.
18 І ўзяў Аса ўсё срэбра і золата, якое засталося ў скарбніцы святыні ГОСПАДАВАЙ і ў скарбніцы палацу валадарскага, і даў яго слугам сваім, і паслаў іх да Бэн-Гадада, сына Табрымона, сына Хэзіёна, валадара Сірыі, які жыў у Дамаску, каб яны сказалі:
19 «Няхай трывае запасет паміж мною і табой, як трываў між бацькам маім і бацькам тваім. Вось, я пасылаю табе дары: срэбра і золата. Дык ідзі, парві запавет, які маеш з Баашам, валадаром Ізраіля, каб ён адступіўся ад мяне».
20 І паслухаў Бен-Гадад валадара Асу, і паслаў начальнікаў войска свайго ў гарады Ізраіля. І захапілі яны Іён, Дан і Абэль-Бэт-Мааху, і ўвесь Кінэрэт, і ўсю зямлю Нэфталі.
21 Калі пра гэта даведаўся Бааша, кінуў будаваць Раму і вярнуўся ў Тырцу.
22 Тады Аса паклікаў усяго Юду, бяз ніякага выключэньня, і забралі яны з Рамы камяні і дрэва, якімі карыстаўся Бааша для будаўніцтва, і разбудаваў імі валадар Аса Гіву Бэн’яміна і Міцпу.
23 А іншыя дзеяньні Асы, мужнасьць ягоная і ўсё, што ён зрабіў, і гарады, якія пабудаваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. Калі ж ён састарэўся, хварэў на ногі.
24 І супачыў Аса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны у горадзе Давіда, бацькі свайго. Пасьля яго валадарыў сын ягоны, Язафат.
25 У другім годзе валадараньня валадара Юды Асы, пачаў валадарыць над Ізраілем Надаў, сын Ерабаама, і валадарыў ён над Ізраілем два гады.
26 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхамі бацькі свайго і ў грэху ягоным, якім той уводзіў у грэх Ізраіля.
27 І зрабіў супраць яго змову Бааша, сын Ахіі, з дому Ісахара, і напаў на яго ў Гіббэтоне, які быў горадам Філістынцаў, калі Надаў і ўсё войска Ізраіля аблягалі Гіббэтон.
28 І Бааша забіў яго ў трэйцім годзе Асы, валадара Юды, і сам стаў валадаром замест яго.
29 І калі ён пачаў валадарыць, выбіў ён увесь дом Ерабаама, і не пакінуў ніводнай душы з яго, пакуль ня вынішчыў яго паводле слова ГОСПАДА, як казаў Ён праз слугу свайго Ахію з Шыло,
30 дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўводзіў Ізраіля ў грэх, чым гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
31 А іншыя дзеяньні Надава і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
32 І працягвалася вайна паміж Асам і Баашам, валадаром Ізраіля, праз усе дні жыцьця іхняга.
33 У трэйцім годзе Асы, валадара Юды, Бааша, сын Ахіі, стаў валадаром над Ізраілем у Тырцы і валадарыў дваццаць чатыры гады.
34 І рабіў ён ліхоту перад ГОСПАДАМ, і хадзіў шляхам Ерабаама і ў грахах ягоных, якімі той уводзіў у грэх Ізраіля.

Першая кніга Валадароў, 15 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.