Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 10 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І пачула валадарка Шэвы пра славу Салямона ў імя ГОСПАДА, і прыйшла выспрабаваць яго пытаньнямі.
2 І ўвайшла яна ў Ерусалім з вялікай дружынай, з вярблюдамі, якія несьлі пахнідлы, з вялікім мноствам золата і каштоўных камянёў. І прыйшла яна да Салямона, і гаварыла з ім пра ўсё, што мела яна ў сэрцы сваім.
3 І Салямон адказаў на ўсе словы, што яна яму казала, і не было нічога, што было невядомым валадару, на што ён ня мог адказаць ёй.
4 І ўбачыла валадарка Шэвы ўсю мудрасьць Салямона, і дом, які ён пабудаваў,
5 і багацьце ежы на стале ягоным, і дамы слугаў ягоных, і паставу паслугачоў, і адзеньне іхняе, і напоі ягоныя, і цэласпаленьні, якія ён складаў ГОСПАДУ ў сьвятыні, і была яна ў захапленьні.
6 І сказала яна валадару: «Праўдзівым было тое слова, якое я чула ў зямлі маёй, пра справы твае і пра мудрасьць тваю!
7 Я ня верыла тым словам, што расказвалі мне, пакуль сама не прыйшла і ня ўбачыла вачыма сваімі і не пераканалася, што нават паловы не сказалі мне. Большая твая мудрасьць і багацьці, чым тая слава, якую я чула.
8 Шчаслівыя людзі твае і шчаслівыя слугі твае, якія стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю!
9 Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Якому спадабаўся ты і Які пасадзіў цябе на пасадзе Ізраіля, таму што любіць ГОСПАД Ізраіля на вякі, і Ён паставіў цябе валадаром, каб ты чыніў суд і справядлівасьць».
10 І дала яна валадару сто дваццаць талентаў золата, і дужа шмат пахкіх траваў і каштоўных камянёў, і не было ніколі болей падаравана пахнідлаў, чым падаравала валадарка Шэвы валадару Салямону.
11 Таксама караблі Хірама, якія прывозілі з Афіру золата, прывозілі мноства чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
12 З дрэва чырвонага валадар зрабіў парэнчы для сьвятыні ГОСПАДА і для палаца валадарскага, таксама гусьлі і арфы для сьпевакоў. І ніколі не было дастаўлена столькі шмат дрэва чырвонага, і не бачана такога па сёньняшні дзень.
13 І валадар Салямон даў валадарцы Шэвы ўсё, што яна хацела і прасіла ў яго, апрача таго, чым ён адарыў яе з валадарскай шчодрасьцю. І вярнулася яна, і пайшла ў зямлю сваю, яна і слугі ейныя.
14 Вага золата, якое штогод дастаўлялася Салямону, была шэсьцьсот шэсьцьдзесят шэсьць талентаў золата,
15 апрача таго, што прыходзіла праз падаткі ад гандляроў і ад купцоў, і ад усіх валадароў Арабскіх, і ад намесьнікаў у краіне.
16 І зрабіў валадар Салямон дзвесьце вялікіх шчытоў са шчырага золата, шэсьцьсот сыкляў пайшло на кожны шчыт,
17 і трыста меншых шчытоў са шчырага золата, на кожны такі шчыт пайшло тры міны золата. І паставіў іх валадар у доме з лесу Лібанскага.
18 І зрабіў валадар вялікі пасад з косьці слановай, і пацягнуў яго чыстым золатам.
19 Да пасаду падходзіла шэсьць прыступак, а верх пасаду быў ззаду круглы, і парэнчы на абодвух баках пасаду, а пры парэнчах стаялі два ільвы.
20 І на шасьці прыступках з абодвух бакоў стаяла дванаццаць ільвоў. І ні ў адным валадарстве не было зроблена нічога падобнага.
21 Таксама ўсе пасудзіны, з якіх піў валадар Салямон, былі залатыя. З чыстага золата быў увесь посуд і ў доме з лесу Лібанскага. Нічога не было са срэбра, бо ня мела яно ніякай вартасьці ў часы Салямона,
22 бо караблі Таршыскія, якія належалі валадару разам з караблямі Хірама, раз у тры гады, прывозілі золата, срэбра, косьць слановую, малпаў і паваў.
23 І перавышаў валадар Салямон багацьцем і мудрасьцю ўсіх валадароў зямлі.
24 І ўсе на зямлі хацелі ўбачыць аблічча Салямона і паслухаць мудрасьці ягонай, якую даў Бог у сэрца ягонае.
25 І кожны з іх прыносілі яму дары: посуд срэбны і залаты, адзеньне, зброю, пахнідлы, коней, мулаў кожны год.
26 І назьбіраў Салямон калясьніцы і коньнікаў, і меў ён тысячу чатырыста калясьніцаў і дванаццаць тысячаў коньнікаў. І разьмясьціў ён іх па гарадах калясьнічых і пры валадару ў Ерусаліме.
27 А срэбра назьбіраў валадар у Ерусаліме столькі, колькі камянёў, а кедраў так шмат, колькі сыкамораў расьце ў Шэфэлі.
28 І прыводзілі Салямону коней з Эгіпту і з Куэ, і купцы валадарскія куплялі коней па вызначаным кошце.
29 І калясьніца з Эгіпту, прывезеная і вывезеная, каштавала шэсьцьсот сыкляў серабра, а конь — сто пяцьдзясят. Такім вось чынам праз іх прадавалася ўсё гэта валадарам Хетытаў і валадарам Сірыйскім.

Першая кніга Валадароў, 10 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.