Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 9 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: «Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю.
2 Няхай баяцца вас і дрыжаць перад вамі усе зьвяры зямлі, і ўсе птушкі паднебныя; і ўсё, што рухаецца па зямлі, і ўсе рыбы марскія аддадзеныя ў рукі вашыя.
3 Усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як траву зялёную, Я даў вам усё.
4 Толькі цела з душою яго, з крывёю яго, ня ешце.
5 І толькі кроў вашу душаў вашых Я буду шукаць, з рукі ўсякага зьвера буду шукаць яе, i з рукі чалавека, з рукі кожнага брата ягонага буду шукаць душу чалавека.
6 Хто праліе кроў чалавека, таго кроў будзе праліта рукою чалавека, бо чалавек зроблены на вобраз Божы.
7 А вы пладзіцеся і множцеся, распаўсюджвайцеся на зямлі і множцеся на ёй».
8 І сказаў Бог Ною і сынам ягоным з ім, кажучы:
9 «Вось, Я заключаю запавет Мой з вамі і з насеньнем вашым пасьля вас,
10 і з усякаю душою жывою, якая з вамі: з птушкамі, са скацінай і з усімі зьвярамі зямнымі, якія з вамі, з усімі, што выйшлі з каўчэгу, з усімі зьвярамі зямлі.
11 І Я заключаю запавет Мой з вамі, і ўжо больш ня будзе вынішчана ўсякае цела водамі патопу, і больш ня будзе патопу, каб нiшчыць зямлю».
12 І сказаў Бог: «Гэта знак запавету, якi Я заключаю паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою, якая з вамі, ў пакаленьні вечныя.
13 Вясёлку Маю кладу на хмарах, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.
14 І станецца, калі расьцягну хмары над зямлёю, будзе відаць вясёлку на хмарах,
15 і Я ўзгадаю запавет Мой, якi паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, і ня будзе больш водаў патопу, каб нішчыць усякае цела.
16 І будзе гэтая вясёлка на хмарах, і Я ўбачу яе, і ўзгадаю вечны запавет паміж Богам і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, якое ёсьць на зямлі».
17 І сказаў Бог Ною: «Гэта знак запавету, якi Я даю, паміж Мною і ўсякім целам, якое ёсьць на зямлі».
18 І былі сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэгу: Сэм, Хам і Яфэт. А Хам быў бацькам Ханаана.
19 Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля.
20 І Ной пачаў абрабляць зямлю, і пасадзіў вінаграднік.
21 І выпіў ён віна, і напіўся, і ляжаў голы ў сярэдзіне намёту.
22 І ўбачыў Хам, бацька Ханаана, голасьць бацькі свайго, і распавёў двум братам сваім, [якія былі] звонку.
23 І ўзялі Сэм і Яфэт адзежу і ўсклалі на плечы свае, і пайшлі сьпінаю, і накрылі голасьць бацькі свайго; а твары іхнія былі [зьвернутыя] назад, і яны ня бачылi голасьцi бацькі свайго.
24 І прачнуўся Ной ад ап’яненьня свайго, і даведаўся, што яму зрабіў малодшы сын ягоны,
25 і сказаў: «Пракляты Ханаан! Будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх».
26 І сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Сэма! Няхай будзе Ханаан слугою ягоным.
27 Няхай пашырыць Бог Яфэта, і будзе ён жыць ў намётах Сэма, і Ханаан будзе ў яго слугою».
28 І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.
29 І было ўсіх дзён Ноя дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў, і ён памёр.

Кніга Быцьцё, 9 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.