Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 6 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сталася, што людзі пачалі множыцца на абліччы зямлі, і нарадзіліся ім дочкі.
2 І бачылі сыны Божыя дочак чалавечых, што яны прыгожыя, і ўзялі сабе за жонак усіх, якіх абралі.
3 І сказаў ГОСПАД: «Ня будзе Дух Мой змагацца ў чалавеку вечна, бо ён — цела. І будуць дні ягоныя сто дваццаць гадоў».
4 У тыя дні нэфілімы жылі на зямлі, а таксама пазьней, калі сыны Божыя прыходзілі да дочак чалавечых, і тыя ім нараджалі. Былі гэта волаты, ад вякоў мужы слаўныя.
5 І бачыў ГОСПАД, што вялікае зло [сярод] людзей на зямлі, і што ўсе намеры думак сэрца іхняга — толькі на зло ўсякі дзень.
6 І пашкадаваў ГОСПАД, што зрабіў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім.
7 І сказаў ГОСПАД: «Зьнішчу чалавека, якога стварыў, з аблічча зямлі, ад чалавека да скаціны, да паўзуна, да птушкі паднебнай, бо шкадую, што зрабіў іх».
8 А Ной знайшоў ласку ў вачах ГОСПАДА.
9 Вось радавод Ноя. Ной быў чалавек праведны і беззаганны ў пакаленьні сваім. Ной хадзіў з Богам.
10 І нарадзіў Ной трох сыноў: Сэма, Хама і Яфэта.
11 І сапсаваная была зямля перад абліччам Бога, і напоўнілася зямля ліхадзействам.
12 І бачыў Бог зямлю, і вось, яна сапсаваная, бо кожнае цела скрывіла шлях свой на зямлі.
13 І сказаў Бог Ною: «Канец усякаму целу прыйшоў перад аблічча Маё, бо зямля напоўнілася ліхадзействам праз іх. І вось, Я вынішчу іх з зямлі.
14 Зрабі сабе каўчэг з дрэва гафэр; зробіш у каўчэгу перагародкі і пацягні яго смалой звонку і знутры.
15 Вось так маеш зрабіць яго: трыста локцяў даўжыня каўчэга, пяцьдзясят локцяў шырыня яго і трыццаць локцяў вышыня яго.
16 Зробіш вакно ў каўчэгу, і ў локаць скончыш яго ўгары. Уваход у каўчэг разьмесьціш з боку яго; ніжні, другі і трэці [паверхі] зробіш у ім.
17 І вось, Я ўзьвяду патоп водны на зямлю, каб вынішчыць пад небам усякае цела, у якім ёсьць дух жыцьця. Усё, што на зямлі, — загіне.
18 І Я заключу запавет Мой з табою, і ўвойдзеш у каўчэг ты, і сыны твае, і жонка твая, і жонкі сыноў тваіх з табою.
19 І з усяго жывога, з кожнага цела прывядзеш па пары ў каўчэг, каб засталіся жывыя з табою, мужчынскага [роду] і жаночага няхай яны будуць.
20 З птушак паводле гатункаў іх, са скаціны паводле гатунку яго і з усіх паўзуноў зямных паводле гатункаў іх, з усіх па двое ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя.
21 І ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою яны кормяцца, і зьбяры яе да сябе; і будзе яна для цябе і для іх ежаю».
22 І зрабіў Ной; усё, што загадаў яму Бог, так ён і зрабіў.

Кніга Быцьцё, 6 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.