Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 41 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 I сталася, што мінула два гады часу, і сьніў фараон, і вось, ён стаіць каля ракі.
2 I вось, з ракі выходзіць сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам; і пасьвіліся на поплаве.
3 I вось, сем іншых кароваў выходзіць за імі з ракі, брыдкіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароваў на беразе ракі.
4 I пажэрлі каровы брыдкія з выгляду і худыя целам сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых. I прачнуўся фараон,
5 I заснуў, і сьніў ён другі раз, і вось, сем каласоў вырасьлі на адным сьцябле, здаровых і добрых.
6 I вось, сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам вырастаюць пасьля іх.
7 I праглынулі каласы пустыя сем каласоў здаровых і поўных. I прачнуўся фараон, і вось, [гэта] сон.
8 I сталася раніцаю, што быў стрывожаны дух ягоны, і ён паслаў, і паклікаў усіх варажбітоў Эгіпту і ўсіх мудрацоў яго, і распавёў ім фараон сон свой; і не было [нікога], хто б патлумачыў яго фараону.
9 I прамовіў начальнік чашнікаў фараону, кажучы: «Грахі мае ўзгадваю я сёньня.
10 Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд у дом начальніка варты, мяне і начальніка пекараў.
11 I мы сьнілі сон у адну ноч, я і ён, кожны са значэньнем сон свой мы сьнілі.
12 I быў там з намі юнак Гебрай, нявольнік начальніка варты. I мы распавялі яму, і ён патлумачыў нам сны нашыя, кожнаму сон ягоны патлумачыў.
13 I сталася, як ён патлумачыў нам, так і сталася: мяне вярнулі на становішча мае, а таго павесілі».
14 I паслаў фараон, і паклікаў Язэпа; і хутка вывялі яго з лёху. I ён пагаліўся, і зьмяніў адзеньне сваё, і прыйшоў да фараона.
15 I сказаў фараон Язэпу: «Я сьніў сон, і няма нікога, хто б патлумачыў яго. І я чуў, што пра цябе кажуць, што ты, выслухаўшы сон, тлумачыш яго».
16 I адказаў Язэп фараону, кажучы: «Ня я, але Бог можа адкажа на супакой фараону».
17 I сказаў фараон Язэпу: «У сьне маім, вось, стаю я на беразе ракі.
18 I вось, з ракі выходзіць сем кароваў сытых целам і прыгожых з выгляду, і пасьвіліся яны на поплаве.
19 I вось, сем кароваў іншых выходзяць пасьля іх, непафарэмныя, вельмі брыдкія з выгляду і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдкасьці, у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
20 I пажэрлі каровы худыя і брыдкія сем кароваў першых сытых.
21 I ўвайшлі яны ў чэравы іхныя, і не было пазнаць, што яны ўвайшлі ў чэравы іхныя, і выгляд іхні быў паганы, як і спачатку. I я прачнуўся.
22 I ўбачыў я ў сьне, і вось, сем каласоў вырастаюць на адным сьцябле, поўных і добрых.
23 I вось, сем каласоў ценькіх, пустых і высушаных усходнім ветрам растуць пасьля іх.
24 I праглынулі каласы пустыя сем каласоў добрых. Я расказаў гэта варажбітам, але няма [нікога, хто б] патлумачыў [гэта] мне».
25 I сказаў Язэп фараону: «Сон фараона — адзін ён. Што Бог зробіць, Ён паведаміў фараону.
26 Сем кароваў добрых — гэта сем гадоў; і сем тых каласоў добрых — гэта сем гадоў. Гэта сон адзін.
27 I сем кароваў худых і брыдкіх, якія выйшлі пасьля іх — гэта сем гадоў; і сем каласоў пустых, высушаных усходнім ветрам — гэта будзе сем гадоў голаду.
28 Гэта слова, якое я прамовіў да фараона. Што Бог зробіць, Ён паказаў фараону.
29 Вось, сем гадоў прыйдзе вялікага дабрабыту ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
30 I настануць пасьля іх сем гадоў голаду; і забудзецца ўвесь той дабрабыт у зямлі Эгіпецкай, і вынішчыць голад гэтую зямлю.
31 I ня будзе відно дабрабыту у зямлі з прычыны голаду, які будзе пасьля, бо будзе ён вельмі цяжкі.
32 А тое, што паўтарыўся гэты сон фараону двойчы, [азначае], што вызначана гэта справа ў Бога і неўзабаве Бог зьдзейсьніць гэта.
33 I цяпер няхай прыгледзіць фараон мужа кемлівага і мудрага, і няхай паставіць яго над зямлёю Эгіпецкай.
34 Няхай зробіць фараон, і прызначыць наглядчыкаў над краем, і зьбірае пятую частку [ўраджаю] з зямлі Эгіпецкае ў сем гадоў дабрабыту.
35 I зьбяруць усякае харчаваньне падчас гэтых добрых гадоў, якія надыйдуць, і няхай зьбіраюць збожжа пад руку фараона на харчаваньне ў гарадах, і няхай захоўваюць.
36 I будзе гэтае харчаваньне на запас зямлі на сем гадоў голаду».
37 I добрае было гэтае слова ў вачах фараона і ў вачах усіх слугаў ягоных.
38 I сказаў фараон слугам сваім: «Ці знойдзецца такі чалавек, як гэты, які мае ў сабе Духа Божага?»
39 I сказаў фараон Язэпу: «Пасьля таго, як Бог паведаміў табе ўсё гэта, няма нікога такога кемлівага і мудрага, як ты.
40 Ты будзеш над домам маім, і вуснаў тваіх будзе слухацца ўвесь народ мой; толькі пасадам я буду перавышаць цябе».
41 I сказаў фараон Язэпу: «Глядзі, я паставіў цябе над усёю зямлёю Эгіпецкаю».
42 I зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі сваёй, і даў яго на руку Язэпу; і апрануў яго ў адзеньне з вісону, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную;
43 і загадаў вазіць яго на другой калясьніцы сваёй, і крычалі перад ім: «Кланяйцеся!» I паставіў яго над усёй зямлёю Эгіпецкай.
44 I сказаў фараон Язэпу: «Я — фараон, але без цябе ніхто не падніме рукі сваёй і нагі сваёй ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай».
45 I назваў фараон імя Язэпава: Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Аснат, дачку Паты-Пэра, сьвятара з Ону. I узьняўся Язэп над зямлёю Эгіпецкаю.
46 Язэпу было трыццаць гадоў, калі ён стаў перад фараонам, валадаром Эгіпту. I выйшаў Язэп ад аблічча фараона, і прайшоў па ўсёй зямлі Эгіпецкай.
47 I выдала зямля ў сем гадоў дабрабыту поўныя жмені [збожжа].
48 I зьбіраў ён усякае харчаваньне тых сямі гадоў, якія былі ў зямлі Эгіпецкай, і разьмясьціў харчаваньне ў гарадах; харчаваньне з вакалічных палёў гораду ён складаў у [кожным з] іх.
49 I зьбіраў Язэп збожжа, як пяску марскога, так шмат, ажно перасталі лічыць, бо не было [яму] ліку.
50 I ў Язэпа нарадзіліся два сыны перш, чым прыйшоў год голаду, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону.
51 I назваў Язэп імя першароднага Манаса, бо [казаў:] «Даў мне Бог забыцца ўсе цяжкасьці мае і ўвесь дом бацькі майго».
52 А імя другога назваў Эфраім, бо казаў: «Распладзіў мяне Бог у зямлі нядолі маёй».
53 I мінулі сем гадоў дабрабыту, які быў у зямлі Эгіпецкай.
54 I пачалі сем гадоў голаду прыходзіць, як сказаў Язэп. I быў голад у-ва ўсіх краінах, але ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай быў хлеб.
55 I галадавала ўся зямля Эгіпецкая, і крычаў народ да фараона пра хлеб, і сказаў фараон усім Эгіпцянам: «Ідзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа».
56 I быў голад на ўсім абліччы зямлі, і адчыніў Язэп усе [гумны], якія былі ў іх, і прадаваў Эгіпцянам. I павялічваўся голад ў зямлі Эгіпецкай.
57 I з ўсёй зямлі прыходзілі ў Эгіпет купляць у Язэпа, бо павялічваўся голад па ўсёй зямлі.

Кніга Быцьцё, 41 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.