Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 27 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 I сталася, што Ісаак састарэў, і зацемрыліся вочы ягоныя, так што ня мог бачыць, і паклікаў ён Эзава, сына свайго старэйшага, і сказаў яму: «Сыне мой». І той сказаў яму: «Вось я».
2 I ён сказаў: «Вось, я састарэў, ня ведаю дня сьмерці маёй.
3 I цяпер вазьмі прылады твае, сагайдак твой і лук твой, і пайдзі ў поле, і ўпалюй мне дзічыны,
4 і зрабі мне прысмакі, якія я люблю, і прынясі мне, і я паем, каб дабраславіла цябе душа мая раней, чым я памру».
5 А Рэбэка чула, як Ісаак казаў Эзаву, сыну свайму. I пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць дзічыны і прынесьці яе.
6 І сказала Рэбэка Якубу, сыну свайму, кажучы: «Вось, я чула бацьку твайго, як ён казаў брату твайму Эзаву, кажучы:
7 “Прынясі мне дзічыны і зрабі мне прысмакі, і я буду есьці, і дабраслаўлю цябе перад абліччам ГОСПАДА, перад сьмерцю сваёй”.
8 I цяпер, сыне мой, паслухай голасу майго ў тым, што я загадваю табе.
9 Пайдзі да авечак і вазьмі мне адтуль двух казьлянят добрых; і я прыгатую з іх прысмакі для бацькі твайго, якія ён любіць.
10 I ты прынясеш іх бацьку твайму, і ён зьесьць, каб ён дабраславіў цябе перад сьмерцю сваёю».
11 I сказаў Якуб Рэбэцы, маці сваёй: «Вось жа Эзаў, брат мой, чалавек касматы, а я — чалавек гладкі.
12 Можа, памацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах ягоных як той, які ашуквае яго, і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне».
13 I сказала яму маці ягоная: «На мне [будзе] праклён твой, сыне мой, толькі паслухай голасу майго і ідзі, і вазьмі мне».
14 І ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй, і зрабіла маці ягоная прысмакі, якія любіў бацька ягоны.
15 I ўзяла Рэбэка адзежу Эзава, сына свайго старэйшага, найкаштоўнейшую, што была ў яе дома, і апранула Якуба, сына свайго малодшага,
16 і скуркамі казьлянят абкруціла рукі ягоныя і гладкую шыю ягоную,
17 і дала прысмакі і хлеб, які яна зрабіла, у рукі Якуба, сына свайго.
18 I ўвайшоў ён да бацькі свайго, і сказаў: «Ойча мой!» I сказаў ён: «Вось я. Хто ты, сыне мой?»
19 I сказаў Якуб бацьку свайму: «Я — Эзаў, першародны твой. Я зрабіў, як ты сказаў мне, Устань, сядзь і еш дзічыну маю, каб дабраславіла мяне душа твая».
20 I сказаў Ісаак сыну свайму: «Як гэта так хутка ты знайшоў яе, сыне мой». А той сказаў: «Бо справіў гэта ГОСПАД, Бог твой, перад абліччам маім».
21 I сказаў Ісаак Якубу: «Наблізься, я памацаю цябе, сыне мой, ці ты — сын мой Эзаў, ці не».
22 I наблізіўся Якуб да Ісаака, бацькі свайго, і ён памацаў яго, і сказаў: «Голас — голас Якуба, але рукі — рукі Эзава».
23 І не пазнаў яго, бо рукі ягоныя былі як рукі брата ягонага, касматыя, і дабраславіў яго.
24 I сказаў: «Ці ты — сын мой Эзаў?» І ён сказаў: «Я».
25 I сказаў: «Дай мне, і я буду есьці дзічыну, сыне мой, каб дабраславіла цябе душа мая». I ён даў яму, і ён еў; і прынёс яму віна, і ён піў.
26 I сказаў яму Ісаак, бацька ягоны: «Наблізься і пацалуй мяне, сыне мой».
27 I ён наблізіўся, і пацалаваў яго. I адчуў ён пах адзежы ягонай, і дабраславіў яго, і сказаў: «Вось, пах сына майго, як пах поля, якое дабраславіў ГОСПАД.
28 I няхай дасьць табе Бог расу з неба і тлустасьць з зямлі, і мноства збожжа і віна.
29 Няхай служаць табе народы, і няхай кланяюцца табе плямёны. Будзь гаспадаром над братамі тваім, і няхай кланяюцца табе сыны маці тваёй. Хто праклінае цябе, будзе пракляты, а хто дабраслаўляе цябе, будзе дабраслаўлёны».
30 I сталася, калі скончыў Ісаак дабраслаўляць Якуба, і вось, адыходзячы, адыйшоў Якуб ад аблічча Ісаака, бацькі свайго, Эзаў, брат ягоны, прыйшоў з паляваньня свайго.
31 I зрабіў ён таксама прысмакі, і прынёс бацьку свайму, і сказаў бацьку свайму: «Устань, ойча мой, і зьеш дзічыну сына свайго, каб дабраславіла мяне душа твая».
32 I сказаў яму Ісаак, бацька ягоны: «Хто ты?» І ён сказаў: «Я — сын твой першародны Эзаў».
33 I задрыжэў Ісаак дрыжэньнем вельмі вялікім, і сказаў: «Хто ж быў той, які ўпаляваў дзічыну і прынёс мне, і я еў усё перш, чым ты прыйшоў, і я дабраславіў яго? Ён будзе дабраслаўлёны».
34 Калі пачуў Эзаў словы бацькі свайго, закрычаў крыкам вялікім і надта горкім, і сказаў бацьку свайму: «Дабраславі мяне, таксама і мяне, ойча мой!»
35 I сказаў той: «Брат твой прыйшоў падступна і ўзяў дабраславеньне тваё».
36 I сказаў ён: «Ці не таму названае імя ягонае Якуб, і вось, ашукаў мяне ўжо двойчы! Ён забраў першародзтва маё, і вось цяпер забраў дабраславеньне маё». I сказаў: «Няўжо ты не захаваў для мяне дабраславеньня?»
37 I адказаў Ісаак, і сказаў Эзаву: «Вось, я паставіў яго гаспадаром над табою, і ўсіх братоў ягоных аддаў яму за слугаў, і збожжам і віном абдарыў яго. А табе што я зраблю, сыне мой?»
38 I сказаў Эзаў бацьку свайму: «Ці [толькі] адно дабраславеньне ў цябе, ойча мой? Дабраславі мяне, таксама мяне, ойча мой!» I узвысіў Эзаў голас свой, і заплакаў.
39 I адказаў Ісаак, бацька ягоны, і сказаў яму: «Вось, далёка ад тлустасьці зямлі будзе месца жыцьця твайго і [далёка] ад расы з неба з гары,
40 і з мяча свайго будзеш жыць, і брату свайму будзеш служыць. І станецца, што ты запануеш, і скінеш ярмо ягонае з шыі сваёй».
41 I зьненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславеньня, якім дабраславіў яго бацька ягоны, і сказаў Эзаў у сэрцы сваім: «Набліжаюцца дні жалобы па бацьку маім, і я заб’ю Якуба, брата майго».
42 I распавялі Рэбэцы словы Эзава, сына ейнага старэйшага, і яна паслала, і паклікала Якуба, сына свайго малодшага, і сказала яму: «Вось, Эзаў, брат твой, суцяшае сябе адносна цябе, што заб’е цябе.
43 I цяпер, сыне мой, паслухай голасу майго, і ўстань, уцякай да Лявана, брата майго, ў Харан,
44 і пажыві з ім нейкі час, пакуль адыйдзе гнеў ад брата твайго.
45 Калі адыйдзе гнеў на цябе ад брата твайго, і ён забудзецца, што ты ўчыніў яму, я пашлю і вазьму цябе адтуль. Дзеля чаго маю страціць абодвух у адзін дзень?»
46 I сказала Рэбэка Ісааку: «Абрыдла мне жыцьцё маё з прычыны дачок Хета. Калі возьме Якуб жонку з дачок Хета, якія з дочак зямлі гэтае, дык навошта мне жыцьцё?»

Кніга Быцьцё, 27 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.