Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 26 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 I быў голад у зямлі той, апрача першага голаду, які быў за дзён Абрагама. І пайшоў Ісаак да Абімэлеха, валадара Філістынскага, у Герар.
2 I зьявіўся яму ГОСПАД, і сказаў: «Не зыходзь у Эгіпет; жыві ў зямлі, пра якую скажу табе.
3 Жыві ў зямлі гэтай; і Я буду з табою, і дабраслаўлю цябе, бо табе і насеньню твайму Я дам усе краіны гэтыя, і споўню прысягу, якой Я прысягаў Абрагаму, бацьку твайму.
4 I памножу насеньне тваё, як зоркі ў небе, і дам насеньню твайму ўсе краіны гэтыя; і дабраславяцца ў насеньні тваім усе народы зямлі,
5 таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і захоўваў загады Мае, прыказаньні Мае, пастановы Мае і законы Мае».
6 I пасяліўся Ісаак у Герары.
7 I пыталіся людзі месца таго пра жонку ягоную, і ён сказаў: «Яна — сястра мая», бо баяўся сказаць: «Жонка мая», каб не забілі яго людзі месца таго за Рэбэку, бо яна была прыгожая з выгляду.
8 I сталася, калі доўгія былі там дні ягоныя, глянуў Абімэлех, валадар Філістынскі, праз вакно, і ўбачыў, а вось, Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.
9 I паклікаў Абімэлех Ісаака, і сказаў: «Дык яна — жонка твая! А чаму ж ты казаў: “Яна — сястра мая”?» I сказаў яму Ісаак: «Бо я сказаў: “Каб я не памёр праз яе”».
10 I сказаў Абімэлех: «Што гэта ты нарабіў нам? Яшчэ б трохі, і мог бы легчы нехта з народу з жонкаю тваёю, і ты прывёў бы на нас віну».
11 I загадаў Абімэлех усяму народу, кажучы: «Хто дакранецца да гэтага чалавека і да жонкі ягонае, той сьмерцю памрэ».
12 I сеяў Ісаак у зямлі той, і знайшоў у той год стакротны ўраджай, і дабраславіў яго ГОСПАД.
13 I ставаўся вялікім муж гэты, і ішоў ўгору, і павялічыўся так, што стаў вельмі вялікі.
14 I былі ў яго статкі авечак, і статкі валоў, і мноства слугаў, і зайздросьцілі яму Філістынцы.
15 I ўсе студні, якія выкапалі слугі бацькі ягонага за дзён Абрагама, бацькі ягонага, засыпалі Філістынцы і запоўнілі пяском.
16 I сказаў Абімэлех Ісааку: «Адыйдзі ад нас, бо ты стаўся шмат дужэйшы за нас».
17 I адыйшоў адтуль Ісаак, і паставіў [намёты] каля ручая Герарскага, і жыў там.
18 I вярнуўся Ісаак, і адкапаў студні вады, якія былі выкапаныя за дзён Абрагама, бацькі ягонага, і якія засыпалі Філістынцы пасьля сьмерці Абрагама, і назваў іх тымі самымі назвамі, якімі назваў іх бацька ягоны.
19 I капалі слугі Ісаака каля ручая, і знайшлі там студню вады жывой.
20 I спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаака, кажучы: «Гэта наша вада», і ён назваў імя студні Эсэк, бо вадзіліся з ім.
21 I выкапалі другую студню; і спрачаліся таксама за яе; і ён назваў яе імя Сітна.
22 I выбраўся адтуль, і выкапаў іншую студню, і не спрачаліся за яе; і назваў яе імя Рэхабот, і сказаў: «Бо цяпер пашырыў нас ГОСПАД, і мы будзем памнажацца ў гэтай зямлі».
23 Адтуль узыйшоў ён у Бээр-Шэву.
24 I зьявіўся яму ГОСПАД у тую ноч, і сказаў: «Я — Бог Абрагама, бацькі твайго. Ня бойся, бо Я з табою; і дабраслаўлю цябе, і памножу насеньне тваё дзеля Абрагама, слугі Майго».
25 I ён збудаваў там ахвярнік, і клікаў імя ГОСПАДА. I паставіў там намёт свой, і выкапалі там слугі Ісаака студню.
26 I Абімэлех прыйшоў да яго з Герару, і Ахузат, сябра ягоны, і Піколь, гетман ягоны.
27 I сказаў ім Ісаак: «Чаму вы прыйшлі да мяне, вы ж зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе?»
28 I яны сказалі: «Мы, гледзячы, ўбачылі, што ГОСПАД з табою, і сказалі мы: “Няхай будзе прысяга паміж намі, паміж намі і табою, і мы заключым запавет з табою,
29 і ты ня будзеш рабіць нам ліха, як і мы не дакрануліся цябе, і як мы рабілі табе адно дабро і адпусьцілі цябе ў супакоі, і ты цяпер дабраслаўлёны ГОСПАДАМ”».
30 І ён зрабіў для іх гасьціну, і яны елі і пілі.
31 I ўсталі нараніцы, і прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго ў супакоі.
32 I сталася ў той дзень, прыйшлі слугі Ісаака, і паведамілі яму пра студню, якую яны выкапалі, і сказалі яму: «Мы знайшлі ваду!»
33 I ён назваў яе Шыва. Дзеля гэтага імя гораду таго Бээр-Шэва аж да сёньняшняга дня.
34 I сталася, што меў Эзаў сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Юдыту, дачку Бээры Хетыта, і Басэмат, дачку Элёна Хетыта,
35 і былі яны горыччу для духа Ісаака і Рэбэкі.

Кніга Быцьцё, 26 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.