Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 13 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І падняўся Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, і Лёт з ім, у Нэгеў.
2 І быў Абрам вельмі багаты статкамі, срэбрам і золатам.
3 І ён ішоў у падарожжы сваім з Нэгеву ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў намёт ягоны між Бэтэлем і Гаем,
4 да таго месца, дзе раней ён збудаваў ахвярнiк; і там клікаў Абрам імя ГОСПАДА.
5 Таксама Лёт, які ішоў з Абрамам, меў авечкі, валы і намёты.
6 І не магла зямля насіць іх, каб жылі разам, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць разам.
7 І была спрэчка між пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лёта. А ў той час Хананейцы і Пэрэзэі жылі ў той зямлі.
8 І сказаў Абрам Лёту: «Няхай ня будзе спрэчкі паміж мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, бо мы ж браты.
9 Ці ня ўся гэтая зямля перад табою? Прашу, адлучыся ад мяне! Калі ты ўлева, дык я — управа, а калі ты ўправа, дык я — улева».
10 І ўзьняў Лёт вочы свае, і ўбачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, бо ўся яна была абвадняная перад тым, як зьнішчыў ГОСПАД Садом і Гамору, як сад ГОСПАДА і як зямля Эгіпецкая.
11 І выбраў сабе Лёт усю ваколіцу каля Ярдану. І рушыў Лёт на ўсход, і аддзяліліся яны адзін ад аднаго.
12 Абрам жыў у зямлі Ханаан, а Лёт жыў ў гарадах тае ваколіцы, і паставіў намёты аж да Садома.
13 А жыхары Садома былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад ГОСПАДАМ.
14 І сказаў ГОСПАД Абраму пасьля таго, як Лёт адлучыўся ад яго: «Узьнімі вочы твае і паглядзі з месца, дзе ты цяпер, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад.
15 Бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і насеньню твайму на вякі.
16 І зраблю насеньне тваё, як пясок зямлі. Калі чалавек зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё насеньне палічана будзе.
17 Устань і прайдзі па зямлі гэтай ў даўжыню і шырыню яе, бо Я дам яе табе».
18 І паставіў Абрам намёт, і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хеўроне, і збудаваў там ахвярнiк ГОСПАДУ.

Кніга Быцьцё, 13 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.