Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Захары | 1 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Восьмага месяца, другога году Дара, было слова СПАДАРОВА да Захары, сына Верэхі Ідзянка, прарокі, кажучы:
2 «Вельма загневаўся СПАДАР на айцоў вашых.
3 Затым скажы ім: “Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ‘Навярніцеся да Мяне, — агалашае СПАДАР войскаў, — дык Я абярнуся да вас, кажа СПАДАР войскаў.
4 Ня будзьце, як айцове вашы, каторых гукалі першыя прарокі, кажучы: “Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ‘Адвярніцеся ж ад сваіх дарогаў благіх і ад сваіх учынкаў благіх’”; але яны ня слухалі ані ўважалі на Мяне, — агалашае СПАДАР. —
5 Айцове вашы, ідзе яны? дый прарокі ці жывуць вечна?
6 Словы Мае, адылі, а ўставы Мае, што Я расказаў слугам Сваім прарокам, ці не дасяглі да айцоў вашых? і яны наварачаліся й казалі: “Як СПАДАР войскаў думаў зрабіць нам подле дарогаў нашых і подле ўчынкаў нашых, так зрабіў нам”’”».
7 Дваццаць чацьвертага дня адзінанцатага месяца (гэта месяц Шэват), другога году Дара, было слова СПАДАРОВА да Захары, сына Верэхі Ідзянка, прарокі, кажучы:
8 Я відзеў ночы: вось, муж едзе на рудым каню, і стаў памеж міртаў, што ў нізіне, а адзаду яго коні рудыя, гнядыя а белыя.
9 І сказаў я: «Што яны, Спадару мой?» і сказаў імне Ангіл, што гутарыў з імною: «Я пакажу табе, што яны».
10 І адказаў муж, што стаў памеж міртаў, і сказаў: «Гэта тыя, каторых СПАДАР паслаў абыйсьці зямлю».
11 І адказалі яны Ангілу СПАДАРОВАМУ, што стаяў меж міртаў, і сказалі: «Мы абышлі зямлю, і вось, уся зямля ціха супачывае».
12 Тады Ангіл СПАДАРОЎ адказаў і сказаў: «СПАДАРУ войскаў! пакуль Ты ня зьмілуешся над Ерузалімам а над местамі Юдэйскім! на каторыя Ты гневаўся ўжо семдзясят год?»
13 І адказаў СПАДАР Ангілу, што гутарыў з імною, словамі добрымі, словамі пацешнымі.
14 І сказаў імне Ангіл, што гутарыў з імною: «Гукай, кажучы: “Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ‘Я завідны празь Ерузалім а праз Сыён завісьцяй вялікай.
15 І гневам вялікім Я гневаюся на народы, што ў супакою, бо Я быў троху загневаўшыся, а яны памагалі да ліха’.
16 Затым гэтак кажа СПАДАР: ‘Я зьвярнуся да Ерузаліму із спагадаю; дом Мой будзе пастаноўлены ў ім, — агалашае СПАДАР войскаў, — і павароз будуць цягаць па Ерузаліме’”.
17 Яшчэ гукай, кажучы: “Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ‘Яшчэ пашырацца месты Мае, дзякуючы дабрабыту, і пацеша СПАДАР ізноў Сыён і выбяра ізноў Ерузалім’”».
18 І падняў я вочы свае, і абачыў, і вось, чатыры рагі.
19 І сказаў я Ангілу, каторы гутарыў з імною: «Што гэтыя?» І адказаў ён імне: «Гэта рогі, каторыя раськідалі Юдэю, Ізраеля а Ерузалім».
20 І паказаў імне СПАДАР чатырох рамесьнікаў.
21 Тады я сказаў: «Што гэтыя прыходзяць рабіць?» І казаў ён, кажучы: «Гэтыя рогі раськідалі Юдэю, так што ніхто не падняў галавы свае, а яны прышлі ўцерці іх, ськінуць рогі народаў, што паднялі рог свой на зямлю Юды, каб раськідаць яе».

Кніга прарокі Захары, 1 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.