Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэлява | 14 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I ведаў Ёаў Цэруёнак, што сэрца каралёва нахінулася да Аўсалома.
2 I паслаў Ёаў да Фекоі, і ўзяў стуль мудрую жонку, і сказаў ёй: «Прыдайся плачучай, і надзень жалобнае адзецьце, і ня мажся алеям, але будзь як жонка, што мела даўгі час жалобу па памерлым;
3 І прыйдзеш да караля, і будзеш гукаць яму подле гэтага слова. I Ёаў улажыў словы ў вусны ейныя.
4 I сказала жонка Фекоянка каралю, і пала відам сваім на зямлю, і пакланілася, і сказала: «Ратуй, каролю!»
5 I сказаў ёй кароль: «Чаго табе?» I сказала яна: «Я ўдава, муж мой памер;
6 I ў нявольніцы тваёй два сыны; яны абодва павадзіліся ў полю, і ня было каму разбараніць іх, і выцяў адзін другога, і забіў яго.
7 I вось, паўстала ўся радня на служэбку тваю і кажуць: “Аддай убіўцу брата свайго; мы заб’ем яго за душу брата ягонага, каторага ён забіў, і спадкаемцу загубім таксама”. Дык яны згасяць засталую жарыну маю, што засталася, каб не пакінуць мужу майму імені а патомства на відзе зямлі».
8 I сказаў кароль жонцы: «Ідзі супакойна двору, а я дам расказаньне празь цябе».
9 I сказала жонка Фекоянка каралю: «На імне, спадару мой, каролю, гэтае бяспраўе а на доме айца майго, кароль жа а пасад ягоны хай будзе бязь віны».
10 I сказаў кароль: «Таго, хто будзе гукаць на цябе, прывядзі да мяне, і ён болей не зачэпе цябе».
11 Яна сказала: «Успомні, каролю, СПАДАРА, Бога свайго, каб не памножыліся помсьнікі за кроў, каб згубіць а зьнішчыць сына майго». I сказаў: «Жыў СПАДАР! не спадзець і волас сына твайго на зямлю».
12 I сказала жонка: «Калі ласка, хай кажа нявольніца твая слова спадару майму, каралю».
13 Ён сказаў: «Кажы». I сказала жонка: «Чаму ты так думаеш супроці люду Божага? Кароль, кажучы гэтае слова, ёсьць як вінны, бо не зварачае выгнаньніка свайго.
14 Мы напэўна памрэм і будзем як вада, вылітая на зямлю, каторую нельга зьберці; але Бог ня хоча загубіць душу, і думае думы, каб не адапхнуць ад Сябе адапхнёнага.
15 Дык цяпер я прышла сказаць каралю, спадару свайму, гэтае слова, бо люд палохае мяне; і сказала нявольніца твая: “Пагутару я з каралём, можа ён зробе подле слова служэбкі свае.
16 Бо кароль выслухае, вывальне служэбку сваю з рукі чалавека, што хоча зьнішчыць мяне разам із сынам маім із спадку Божага”.
17 I сказала нявольніца твая: “Хай будзе слова спадара майго, караля, на пацеху імне, бо, як ангіл Божы, так спадар мой, кароль, і можа выслухаць і добрае і ліхое. I СПАДАР, Бог твой, будзе з табою”».
18 I адказаў кароль, і сказаў жонцы: «Не ўтаі ад мяне, калі ласка, справы, праз каторую я папытаю ў цябе». I сказала жонка: «Кажы, калі ласка, спадару мой, каролю!»
19 I сказаў кароль: «Ці ня рука Ёвава з табой у вусім гэтым?» I адказала жонка, і сказала: «Хай жывець душа твая, спадару мой, каролю; ані направа, ані налева нельга адхінуцца ад тога, што сказаў спадар мой, кароль; бо слуга твой Ёаў расказаў імне, і ён улажыў у вусны нявольніцы гэтыя словы.
20 Каб зьмяніць выгляд гэтае справы, зрабіў слуга твой Ёаў гэта; але спадар мой мудры, як мудры ангіл Божы, каб ведаць усе, што на зямлі».
21 I сказаў кароль Ёаву: «Вось жа, я зрабіў гэтую справу, пайдзі ж, зьвярні дзяцюка Аўсалома».
22 I паў Ёаў відам на зямлю, і пакланіўся, і дабраславіў караля, і сказаў: «Цяпер ведае слуга твой, што прыдбаў ласку ў ваччу тваім, спадару мой, каролю, бо кароль учыніў подле слова слугі свайго».
23 I ўстаў Ёаў, і пайшоў да Ґешуру, і прывёў Аўсалома да Ерузаліму.
24 I сказаў кароль: «Хай ён зьвернецца да дому свайго, а віду майго ня бача». I зьвярнуўся Аўсалом да дому свайго, а віду каралеўскага ня бачыў.
25 I падобнага да Аўсалома ня было харашуна ў вусім Ізраелю, і гэгулькі хваленага; ад падашвы нагі аж да цемені галавы ягонае ня было ў ім заганы.
26 Як ён стрыг галаву сваю, — а стрыг ён яе кажнага году, бо яна цяжарыла яго, — то валасы з галавы ягонае важылі дзьвесьце сыкляў подле вагі каралеўскае.
27 I радзіліся ўв Аўсалома тры сыны й адна дачка, наймя Тамара; яна была жонка пазорная.
28 I жыў Аўсалом у Ерузаліме два гады, і віду каралёвага ня бачыў.
29 I паслаў Аўсалом па Ёава, каб паслаць яго да караля; але тый ня зычыў прыйсьці да яго. Паслаў і другім наваратам, але тый ня зычыў прыйсьці.
30 I сказаў слугам сваім: «Бачыце часьць поля Ёававага ля майго, і ў яго там ячмень; пайдзіце, выпаліце яго цяплом». I выпалілі слугі Аўсаломавы часьць поля цяплом.
31 I ўстаў Ёаў, і прышоў да Аўсалома да дому, і сказаў яму: «Чаму цяплом выпалілі слугі твае часьць поля майго?»
32 I сказаў Аўсалом Ёаву: «Вось, я пасылаў па цябе, кажучы: “Прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да караля сказаць: ‘Нашто я прышоў з Ґешуру? Валей бы імне яшчэ заставацца там. Я хачу бачыць від каралёў. Калі ёсьць у імне бяспраўе, то забі мяне’”».
33 I пайшоў Еаў да караля, і азнайміў яму. I гукнуў Аўсалома; ён прышоў да караля, і паў відам сваім на зямлю перад каралём; і пацалаваў кароль Аўсалома.

Другая кніга Самуэлява, 14 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.