Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Іаана | 11 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Быў жа хворы нейкі Лазар з Віфа́ніі, з пасе́лішча Марыі і Марфы, сястры яе.
2 Марыя ж была́ тая, што пама́зала Госпада мíрам і абце́рла Яго ногі валаса́мі сваімі; яе брат Лазар быў хворы.
3 Тады пасла́лі сёстры сказаць Яму: Госпадзі! вось, той, каго Ты лю́біш, хворы.
4 Пачуўшы гэта, Іісус сказаў: гэтая хвароба не на смерць, а дзе́ля сла́вы Божай, каб прасла́ўлены быў Сын Божы праз яе.
5 А Іісус любіў Марфу, і сястру яе, і Лазара;
6 калі ж пачуў, што той хворы, тады прабы́ў у тым месцы, дзе знаходзіўся, два дні;
7 пасля гэтага кажа вучням: пойдзем у Іудзею зноў.
8 Кажуць Яму вучні: Раввí! нядаўна Іудзеі шука́лі пабіць Цябе камяня́мі, і Ты зноў ідзе́ш туды?
9 Адказаў Іісус: хіба́ не дванаццаць гадзíн у дні? хто ходзіць удзе́нь, той не спатыка́ецца, бо святло свету гэтага бачыць;
10 а хто ходзіць уначы́, той спатыка́ецца, бо няма святла ў ім.
11 Сказаў Ён гэта і потым гаворыць ім: Лазар, друг наш, засну́ў, але Я іду, каб разбудзíць яго.
12 Сказалі тады вучні Яго: Госпадзі! калі засну́ў, то вы́здаравее.
13 Гаварыў Іісус пра смерць яго; а яны думалі, што Ён гаворыць пра спачы́нак у сне.
14 Тады сказаў ім Іісус адкрыта: Лазар памёр;
15 і Я рады за вас, што Мяне там не было́, каб вы ўве́равалі; але пойдзем да яго.
16 Тады Фама, якога называлі Блізню́к, сказаў іншым вучням: пойдзем і мы, каб паме́рці з Ім.
17 Прыйшо́ўшы, Іісус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.
18 Віфа́нія ж была́ блізка ад Іерусаліма, ста́дыяў за пятнаццаць,
19 і многія з Іудзеяў папрыхо́дзілі да Марфы і Марыі, каб суце́шыць іх у сму́тку па браце іх.
20 Марфа, калі пачула, што Іісус ідзе, пайшла насу́страч Яму; Марыя ж дома сядзела.
21 Сказала тады Марфа Іісусу: Госпадзі! калі б Ты быў тут, брат мой не памёр бы;
22 але я і цяпер ведаю, што ўсё, чаго Ты папросіш у Бога, дасць Табе Бог.
23 Кажа ёй Іісус: уваскрэ́сне брат твой.
24 Кажа Яму Марфа: ведаю, што ўваскрэ́сне ў час уваскрасе́ння, у апошні дзень.
25 Сказаў ёй Іісус: Я — уваскрасе́нне і жыццё; хто ве́руе ў Мяне, калі і памрэ́, будзе жыць;
26 і кожны, хто жыве́ і веруе ў Мяне, не памрэ́ даве́ку. Ты верыш у гэта?
27 Яна кажа Яму: так, Госпадзі! я ўве́равала, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Які прыхо́дзіць у свет.
28 І, сказаўшы гэта, яна пайшла і ўпо́тай паклíкала Марыю, сястру сваю, ка́жучы: Настаўнік тут і клíча цябе.
29 Та́я, як толькі пачу́ла, устала спе́шна і пайшла да Яго.
30 Іісус яшчэ не ўвайшоў у пасе́лішча, а быў на тым месцы, дзе сустрэ́ла Яго Марфа.
31 Іудзеі ж, якія былí з ёю ў доме і суцяша́лі яе, убачыўшы, як Марыя ўстала спе́шна і выйшла, пайшлі за ёю, ка́жучы, што яна ідзе на магілу, каб плакаць там.
32 А Марыя, калі прыйшла туды, дзе быў Іісус, уба́чыўшы Яго, упа́ла Яму ў ногі і сказала Яму: Госпадзі! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
33 Іісус жа, калі ўбачыў, што яна пла́ча і пла́чуць Іудзеі, якія прыйшлі з ёю, Сам узру́шыўся духам і расхвалява́ўся,
34 і сказаў: дзе вы пакла́лі яго? Кажуць Яму: Госпадзі! пайдзí і паглядзí.
35 Праслязíўся Іісус;
36 гаварылі тады Іудзеі: бач, як Ён любіў яго!
37 А некато́рыя з іх казалі: хіба́ не мог Ён, Які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
38 Іісус жа, зноў узру́шаны ў Сабе, падыхо́дзіць да магілы. Гэта была пячора, і ка́мень ляжаў на ёй.
39 Кажа Іісус: адымíце ка́мень. Кажа Яму сястра паме́рлага, Марфа: Госпадзі, ужо смярдзíць, бо чацвёрты дзень ляжы́ць.
40 Кажа ёй Іісус: ці не гаварыў Я табе, што, калі ўверуеш, то ўбачыш славу Божую?
41 Тады аднялí ка́мень ад пячоры, дзе ляжаў паме́рлы. Іісус жа ўзвёў вочы ўгару́ і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
42 Я і ведаў, што Ты заўсёды Мяне чуеш, але сказаў гэта дзе́ля людзей, якія стаяць вако́л, каб яны ўве́равалі, што Ты Мяне паслаў.
43 І, сказаўшы гэта, Ён моцным голасам усклíкнуў: Лазар! вы́йдзі сюды́.
44 І вы́йшаў паме́рлы, абвíты па нагах і руках пахава́льным палатно́м, і твар яго быў абвя́заны ху́стаю. Кажа ім Іісус: развяжы́це яго і пусцíце, няхай ідзе.
45 Тады многія з Іудзеяў, якія прыйшлі да Марыі і ўбачылі, што́ зрабіў Іісус, уве́равалі ў Яго;
46 А некато́рыя з іх пайшлі да фарысеяў і сказалі ім, што́ зрабіў Іісус.
47 Сабра́лі тады першасвятары́ і фарысеі ра́ду і гаварылі: што́ нам рабіць? Чалавек Гэты многа цу́даў робіць;
48 калі пакíнем Яго так, то ўсе ўве́руюць у Яго; і пры́йдуць Ры́мляне і захопяць месца наша і народ.
49 Адзін жа з іх, нехта Каіа́фа, які быў першасвятаро́м у той год, сказаў ім: вы не ве́даеце нічога
50 і не разуме́еце, што лепш нам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не ўвесь народ загíнуў.
51 Гэта ж ён не ад сябе сказаў, а, пако́лькі быў першасвятаро́м у той год, прарочыў, што Іісусу нале́жала памерці за народ,
52 і не толькі за народ, але каб і параскіда́ных дзяце́й Божых сабра́ць у адно.
53 З таго дня яны пастанавíлі забіць Яго.
54 Таму Іісус ужо не хадзіў адкрыта сярод Іудзеяў, а пайшоў адтуль у краіну каля пусты́ні, у горад, называ́ны Ефраíм, і там заста́ўся з вучнямі Сваімі.
55 А набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшлі многія ў Іерусалім з усёй краіны перад Пасхаю, каб ачы́сціцца.
56 Шукалі тады Іісуса і гаварылі паміж сабою, стоячы ў храме: як вы думаеце, ці не пры́йдзе Ён на свята?
57 А першасвятары́ і фарысеі далí загад: калі хто даве́даецца, дзе Ён, няхай данясе́, каб схапíць Яго.

Святое Евангелле паводле Іаана, 11 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.