Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Іаана | 20 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыхо́дзіць ра́на, калі было́ яшчэ цёмна, да магілы і бачыць, што ка́мень адва́лены ад магілы;
2 тады бяжы́ць яна і прыхо́дзіць да Сíмана Пятра і да другога вучня, якога любíў Іісус, і кажа ім: узялí Госпада з магілы, і не ведаем, дзе пакла́лі Яго.
3 Вы́йшаў тады Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;
4 яны бе́глі або́два разам, але другі вучань бег хутчэ́й за Пятра і прыйшоў першым да магілы,
5 і, нахілíўшыся, бачыць, што ляжаць пало́тны; аднак не ўвайшоў.
6 Прыхо́дзіць тады Сíман Пётр усле́д за ім і ўвахо́дзіць у магілу, і бачыць, што ляжа́ць пало́тны
7 і што ху́ста, якая была́ на галаве Яго, не з пало́тнамі ляжы́ць, а асо́бна скру́чаная на іншым ме́сцы.
8 Тады ўвайшоў і другі вучань, што першым прыйшо́ў да магілы, і ўбачыў ён, і ўве́раваў;
9 бо яны яшчэ не ведалі з Пісання, што нале́жыць Яму з мёртвых уваскрэ́снуць.
10 Тады пайшлі вучні зноў да сябе.
11 Марыя ж стаяла зво́нку каля магілы, пла́чучы; і калі плакала, яна нахілíлася да магілы
12 і бачыць двух Ангелаў у белым адзе́нні, якія сядзя́ць адзін у галава́х, другі ў нага́х, дзе ляжа́ла было́ це́ла Іісусава.
13 І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты пла́чаш? Яна кажа ім: узялí Госпада майго, і не ведаю, дзе пакла́лі Яго.
14 Сказа́ўшы гэта, яна абярну́лася назад і ўба́чыла, што стаíць Іісус, але не пазна́ла, што гэта Іісус.
15 Кажа ёй Іісус: жанчына! чаго ты пла́чаш? каго шука́еш? Яна, ду́маючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: гаспада́р! калі ты ўзяў Яго, скажы мне, дзе ты пакла́ў Яго, і я вазьму Яго.
16 Кажа ёй Іісус: Марыя! Яна, абярну́ўшыся, кажа Яму: Раввунí! што значыць: Вучыцель!
17 Кажа ёй Іісус: не дакрана́йся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышо́ў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыхо́джу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.
18 Прыхо́дзіць Марыя Магдалíна і абвяшча́е ву́чням, што ба́чыла Госпада і што Ён гэта сказаў ёй.
19 І ўве́чары таго ж першага дня тыдня, калі дзве́ры там, дзе сабра́ліся вучні, былí замкнёныя з-за стра́ху перад Іудзеямі, прыйшо́ў Іісус і стаў пасярэ́дзіне, і кажа ім: мір вам!
20 І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і бок Свой. І ўзра́даваліся ву́чні, уба́чыўшы Госпада.
21 Іісус жа зноў сказаў ім: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасыла́ю вас.
22 Сказаўшы гэта, дзьму́хнуў і кажа ім: прымíце Духа Святога;
23 каму адпу́сціце грахí, таму будуць адпу́шчаны; на кім пакíнеце, на тым застану́цца.
24 А Фама́, адзін з двана́ццаці, называ́ны Блізню́к, не быў з імі, калі прыхо́дзіў Іісус;
25 казалі яму іншыя вучні: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі не ўбачу на рука́х Яго ран ад цвіко́ў і не ўкладу́ пальца майго ў ра́ны ад цвіко́ў, і не ўкладу́ рукí маёй у бок Яго, не паве́ру.
26 І праз восем дзён зноў былí ў доме вучні Яго і Фама́ з імі. Прыхо́дзіць Іісус, калі дзверы былí замкнёныя; стаў пасярэ́дзіне і сказаў: мір вам!
27 Потым кажа Фаме́: дай палец твой сюды́ і паглядзí на ру́кі Мае́; і дай руку́ тваю і ўкладзí ў бок Мой; і не будзь няве́руючым, а будзь ве́руючым.
28 У адказ Фама́ сказаў Яму: Гасподзь мой і Бог мой!
29 Кажа яму Іісус: ты ўве́раваў, таму што ўбачыў Мяне; блажэ́нныя тыя, якія не бачылі і ўве́равалі.
30 Многа яшчэ зрабіў Іісус перад вучнямі Сваімі і іншых цу́даў, пра якія не напíсана ў кнíзе гэтай;
31 а гэта напíсана, каб вы ўве́равалі, што Іісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, і каб, ве́руючы, жыццё ме́лі ў імя́ Яго.

Святое Евангелле паводле Іаана, 20 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.